Макрон паабяцаў Зяленскаму дапамагчы аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон вечарам 2 кастрычніка правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У размове прагучала асаблівая фраза: Макрон заявіў пра рашучасць Францыі дапамагчы Украіне аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць і поўны суверэнітэт.

Архіўнае фота. Уладзімір Зяленскі і Эманюэль Макрон. Кіеў, Украіна. 16 чэрвеня 2022 года.
Фота: Володимир Зеленський/Facebook

Фразу пра тэрытарыяльную цэласнасць апублікаваў французскі бок (яе заўважылі нават расейскія і беларускія дзяржаўныя медыі). Паводле Элізэйскага палацу, Эманюэль Макрон таксама пацвердзіў рашучасць Францыі працаваць над новымі санкцыямі разам з еўрапейскімі партнёрамі. Макрон абмеркаваў з Зяленскім сітуацыю ў Запарожжы, якая «застаецца трывожнай»: згадаў затрыманне расейскімі войскамі дырэктара атамнай электрастанцыі і неабходнасць ратацыі персаналу АЭС. Прэзідэнт Францыі нагадаў, што выступае за вывад расейскіх войскаў з Запарожскай АЭС.

Украінскі бок расказаў збольшага аб тым, што Уладзімір Зяленскі казаў Макрону: падзякаваў за рашучае асуджэнне расейскіх «рэферэндумаў» і спробу анексіі ўкраінскай тэрыторыі, расказаў пра поспехі на фронце, падзякаваў за дапамогу Францыі Украіне. Зяленскі «закрануў пытанне» заяўкі Украіны на далучэнне да NATO, але як пайшла размова пра гэта, не згадваецца.

Макрона раней не раз крытыкавалі за слабую дапамогу Украіне і нерашучасць у выказваннях аб вайне ва Украіне. Крытыка гучала нават ад іншых краінаў Еўразвязу. Таксама падобная крытыка была на адрас канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца.

Ды з цягам часу краіны старой Еўропы мяняюць рыторыку. Напрыклад, калі ў чэрвені Францыя перадавала Украіне бронемашыны, Макрон казаў песімістычна: «Ніхто не разглядае магчымасці заканчэння вайны ў бліжэйшыя тыдні або месяцы». Цяпер кажа пра «рашучасць» – а на тле гэтага ходзяць чуткі, што Францыя перадасць Украіне яшчэ 12 самаходных гаўбіцаў «Caesar», што рабілі на замову Даніі.

Hавiны
Пуцін унёс у Думу законапраект аб анексіі. Хоча «далучыць» непадкантрольныя яму тэрыторыі
2022.10.02 21:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў