Беларусы свету правялі Дзень спартовай салідарнасці


Калі самая буйная беларуская дыяспара ў свеце знаходзіцца ў ЗША, то найбольш арганізаваная – у Польшчы. Пра гэта 2 кастрычніка казалі выступоўцы, удзельнікі роварнага прабегу па вуліцах Варшавы, прысвечанага першаму ў гісторыі Дню спартовай салідарнасці. Менавіта ў Варшаву з Вільні паволі перабраўся цэнтр эмігранцкага спартовага жыцця беларусаў з кіраўніцтвам Беларускага Фонду спартовай салідарнасці.

Роварны прабег беларусаў у Варшаве
Выступае Іван Ганін. Нядзельная акцыя беларусаў, зладжаная дыяспарай у Варшаве, Польшча. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На выступе перад удзельнікамі акцыі вольны спартовец Іван Ганін падкрэсліў, што сумленныя беларускія атлеты воляю абставінаў аб’ядналіся ў моцную кампанію, якой няма аналагаў у свеце. І што яны сапраўды – у адрозненне ад тых жа расейцаў – вольныя.

Удзельнікі акцыі заклікалі беларусаў не супыняцца, не адступаць і не запавольваць сваю барацьбу з рэжымам пасля таго, як ужо пакрысе абжыліся і перавезлі свае сем’і ў дэмакратычную Еўропу. А актыўнасць гэтая, на жаль, з кожным часам, спадае.

Роварны прабег беларусаў у Варшаве
Роварны прабег Салідарнасці, зладжаны беларускай дыяспарай у Варшаве. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Удзельнікі марафону пераехалі праз Віслу і закончылі сваё падарожжа ў новай культурнай прасторы – Музеі вольнай Беларусі, што адкрыўся сёлета ў сярэдзіне ліпеня на адной з цэнтральных вуліцаў Варшавы – Foksal. Тут, як ужо традыцыйна па нядзелях, напісалі чарговыя лісты і падпісалі паштоўкі беларускім палітвязням. Арганізатары паведамілі, што пасланні даходзяць да вязняў рэжыму і час ад часу прыходзяць, нават, удзячныя адказы ад тых, хто за кратамі цярпіць ад лукашысцкага таталітарызму.

Першы Дзень спартовай салідарнасці сёлета прыпаў на будную пятніцу. Менавіта 30 верасня два гады таму была затрыманая вольная спартоўка Алена Леўчанка. І няхай пакуль вялікай масавасці не назіралася не толькі ў першы дзень, але і ў гэтыя выходныя, такой разнастайнасці спартовай актыўнасці беларусаў ува ўсіх кутках свету яшчэ не бачылі ніколі.

Роварны прабег беларусаў у Варшаве
Роварны прабег Салідарнасці, зладжаны беларускай дыяспарай у Варшаве. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Спартовыя спаборніцтвы для дарослых і дзяцей зладзілі і ў іншых польскіх гарадах – Вроцлаве, Гданьску, Гдыні, Беластоку, Кракаве. Дзень спартовай салідарнасці адзначылі таксама ў Вільні, эстонскіх Талліне і Тарту.

Беларусы Бельгіі прабеглі дыстанцыю даўжынёю ў тры кіламетры з бел-чырвона-белымі сцягамі і фотаздымкамі 10 палітвязняў, якіх агулам асудзілі на 94 гады. Лунаў беларускі нацыянальны сцяг і ва Ўсходніх Альпах, куды яго даставілі ўдзельнікі пешага паходу ў горы. Беларусы Аўстрыі назвалі яго хайкінг «Восеньскі Вандр». Адмысловымі пікнікамі і прабегамі адзначылі Дзень спартовай салідарнасці таксама беларусы Італіі ў Рыме і Францыі ў горадзе Ансі. Дусэльдорф стаў месцам святкавання для тых, хто жыве ў Нямеччыне. І за акіянам, у ЗША, таксама зладзілі вялікую праграму з семінарам і майстар-класамі.

Дзень спартовай салідарнасці быў абвешчаны дзеля таго, каб нагадаць пра тое, што ў Беларусі ўсцяж расце колькасць палітвязняў з мэтаю менавіта аб’яднаць суайчыннікаў па ўсім свеце праз спорт, натхняючы не спыняць барацьбу з захопніцкім рэжымам Лукашэнкі. Акрамя таго, Беларускі Фонд спартовай салідарнасці абвесціў флэшмоб з прызамі ад вольных спартоўцаў для найбольш актыўных удзельнікаў святкаванняў. Для гэтага трэба было зняць відэа сваіх спартовых мерапрыемстваў, выкласці іх на ўласных старонках у сацыяльных сетках і даслаць з гэштэгамі #спорткожныдзень, #спартсменызнародам і #вольнаябеларусь. Прызы – Zoom-сустрэча з любімым спартоўцам, фірмовыя тышорткі з аўтографамі вольных атлетаў, альбо, нават, трэнаванне з вядомай асобаю, чальцом BSSF i SOS BY. Пайсці на кантакт з прыхільнікамі пагадзіліся 25 вольных спартоўцаў, а конкурс падоўжылі да 5 кастрычніка.

Роварны прабег беларусаў у Варшаве
Роварны прабег Салідарнасці, зладжаны беларускай дыяспарай у Варшаве. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Нямала вольных і знаных беларускіх спартоўцаў жыве цяпер і ва Украіне. Але, ведаючы, што з-за здрадніцкай палітыкі Лукашэнкі жыхары паўднёвай суседкі вельмі неадназначна ставяцца да нашых суайчыннікаў, вырашылі ўкраінцаў не правакаваць і Украіна пакуль выпала з агульнай геаграфіі святкаванняў.

Затое кіраўнік Беларускага Фонду спартовай салідарнасці, яго выканаўчы дырэктар Аляксандр Апейкін быў гэтымі днямі ў Кіеве, дзе прайшла нарада з прадстаўнікамі спартовага кіраўніцтва сталіцы. Адбылося абмеркаванне інструментаў узмацнення санкцыйнага ўплыву на праўладны спартовы блок рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Прадстаўнікі BSSF прадставілі свае варыянты ў гэтай сферы, а таксама падзяліліся ўласным досведам распрацоўкі і ўжывання санкцыйных механізмаў.

Асобная ўвага была нададзена пытанням падтрымкі спартоўцаў Украіны, якія страцілі магчымасць працягваць кар’еру і трэнавальны працэс з-за вайны.

У круглым стале ўзялі ўдзел дырэктар Дэпартаменту моладзі і спорту Кіеўскай гарадской рады Юлія Хан, Народны дэпутат Украіны, старшыня Камісіі атлетаў НАК Украіны, заслужаная майстарка спорту Вольга Саладуха, заслужаны майстар спорту, чэмпіён свету і Еўропы па дзюдо, дэпутат Кіеўскай гарадской рады Георгій Зантарая, а таксама прадстаўнікі спартыўных федэрацыяў і BSSF. Быў падпісаны сумесны мемарандум.

Наступны дзень Спартовай салідарнасці будзе адзначацца ўжо ў суботу, 30 верасня 2023 года, і ён, паводле меркавання арганізатараў, несумненна стане значна больш масавым.

Роварны прабег беларусаў у Варшаве
Роварны прабег Салідарнасці, зладжаны беларускай дыяспарай у Варшаве. 2 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў