Міжнароднае агенцтва Moody’s лічыць, што павысіліся рызыкі рэфінансавання запазычанасці Беларусі, паведамляе «Интерфакс-Запад».
Moody’s пацвердзіла доўгатэрміновыя рэйтынгі эмітэнта Беларусі ў замежнай і нацыянальнай валюце і прыярытэтныя незабяспечаныя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні B3, але змяніла прагноз па рэйтынгу са «стабільнага» на «негатыўны», гаворыцца ў прэс-рэлізе агенцтва.
«Ключавымі фактарамі змены прагнозу на «негатыўны» зʼяўляюцца павышаныя рызыкі рэфінансавання запазычанасці з улікам узмацнення жорсткасці эканамічных і фінансавых санкцыяў, якія абмяжоўваюць магчымасці фінансавання, а таксама абмежаваныя рэзервы Беларусі, што зніжае здольнасць супрацьстаяць далейшым узрушэнням ва ўмовах падвышанай палітычнай нестабільнасці», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
На думку экспертаў, на працягу наступных 12-18 месяцаў рэфінансаванне вонкавай запазычанасці будзе падтрымлівацца назапашанымі краінай рэзервамі і фінансавай дапамогай з боку Расеі.
Moodyʼs адзначае, што ўзмацненне заходніх санкцыяў прывядзе да пагаршэння эканамічнай сітуацыі, што адабʼецца на падатковых паступленнях і, у прыватнасці, на даходах ад вонкаваэканамічнай дзейнасці. Акрамя таго, на бюджэт у бліжэйшыя гады акажа ціск патэнцыйная неабходнасць аказання фінансавай падтрымкі буйным дзяржпрадпрыемствам, на якія распаўсюджваюцца санкцыі.
Moody’s прагназуе дэфіцыт беларускага бюджэту ў 2022 годзе на ўзроўні 2,6%. Пры гэтым дэфіцыт можа вырасці значна больш, калі матэрыялізуюцца рызыкі пагаршэння сітуацыі, звязаныя з узмацненнем жорсткасці санкцыяў, мяркуюць эксперты агенцтва.
ІІ belsat.eu