Ці дзеюць санкцыі і як беларускія ўлады іх абыходзяць?


На беларускіх складах павялічыліся запасы прадукцыі: на дзень 1-га верасня яны дасягнулі 5,254 мільярдаў рублёў. Рост гэты ў маштабах краіны невялікі, а лічба справаздачы не паказвае руху асобных відаў прадукцыі, такіх звестак беларуская статыстыка не дае, падкрэслівае эканаміст Леў Марголін.

«А яны вельмі важныя, бо калі мы бачым сёння дэфіцыт харчоў ці павышэнне цэнаў на іх вялікае, то мы можам думаць, што рэшткі гэтых прадуктаў на складах вельмі рэзка зменшыліся. І таму яны могуць нівеляваць, напрыклад, рэшткі трактароў, «МАЗаў» ці нейкай іншай прадукцыі», – кажа эканаміст.

Сур’ёзнаю праблемаю запаўненне складоў можа зрабіцца ў наступным годзе, калі пачнуць дзеяць новыя кантракты, падкрэслівае Леў Марголін. Менавіта тады Беларусь мацней адчуе дзеянне ўведзеных Еўразвязам і Злучанымі Штатамі санкцыяў.

Менавіта дзеянню санкцыяў і спосабам іх абыходу ўладамі Беларусі прысвечанае новае выданне праграмы «Давайце разбірацца», прэм’ера на нашым канале адбылася сёння.

Нашыя калегі знайшлі прынамсі дзве кампаніі, «Трансглобал» і «Белшып», што транспартавалі праз Літву прадукцыю БелАЗу, які з 21-га чэрвеня – пад еўрапейскімі санкцыямі. Высвятляючы, што здарылася з затрыманымі ў Клайпедзе ў пачатку верасня беларускімі самазваламі, журналісты прыйшлі да высновы: санкцыі супраць рэжыму насамрэч маюць вынік.

«Так, санкцыі працуюць, яны адсеклі самы просты, самы традыцыйны канал збыту прадукцыі для «БелАЗаў» у краіны далёкай дугі, як іх называе дзяржава кшталту Чылі і гэтак далей», – тлумачыць суаўтар праграмы Алесь Ярашэвіч.

Новыя адгрузкі тэхнікі праз Клайпедскі порт будуць немагчымыя, а ўладальніку кампаніі «Белшып», грамадзяніну Літвы Аляксеюсу Лінёвасу які заключыў дамову з БелАЗам пасля ўвядзення санкцыяў, паводле літоўскага заканадаўства можа пагражаць да пяці гадоў турмы.

Спосабы абыходу санкцыяў, як, напрыклад, стварэнне новых фірмаў, не абкладзеных санкцыямі, беларускі ўрад мала ўратуюць, лічыць Леў Марголін:

«Гэтыя абыходныя шляхі вельмі абцяжарваюць працу прадпрыемстваў, разлікі. А калі разлікі запавольваюцца, то трэба больш зваротных сродкаў мець для паспяховай працы, то бок гэта ўсё вельмі адчувальна для прадпрыемстваў ды эканомікі ў цэлым».

Праблема ж, якая зніжае эфектыўнасць санкцыйных захадаў, – адсутнасць у Еўропе адмысловай структуры, якая сачыла б за выкананнем санкцыяў, як гэта робіцца цяпер у Злучаных Штатах, адзначаюць аўтары праграмы «Давайце разбірацца».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»