Яна сабе не здраджвае: пра што піша журналістка Ірына Слаўнікава з-за кратаў


У Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над журналісткай Ірынай Слаўнікавай. Абвінавачванне запатрабавала для яе чатыры гады калоніі.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Аляксей Дзікавіцкі

Ірыну разам з мужам затрымалі летась 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце па вяртанні з адпачынку. Двойчы ёй прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту, а потым зрабілі падазраванай у крымінальнай справе. Яе абвінавачваюць паводле артыкулаў «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК) і «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361.1 КК). Журналістка прызнаная палітзняволенай.

Артыкулы
Муж Ірыны Слаўнікавай: Яна трымаецца, настрой баявы, але турма ёсць турма
2022.08.02 11:22

Ірына ў сваіх лістах не губляе аптымізму і піша, што ні пра што не шкадуе. У пакоі – яна не называе гэта камерай, а выкарыстоўвае толькі гатэльную тэрміналогію – яе прызначылі галоўнай за добры настрой, так што яна сабе не здраджвае.

«Часам проста кажу, што я ў творчым адпачынку. Можа, яно і нядрэнна: апошнім часам штосьці зусім забегалася, а тут бац – і ўсё паводле распарадку». За мяне моцна не хвалюйцеся: псіхаэмацыйны стан у норме, фізічны, як той казаў, не дачакаюцца», – піша Ірына.

Прыводзім урыўкі з ейных лістоў, якія яна дасылала цягам года сваім сябрам і родным.

«Пабачыла адсюль кожную пару года – час выходзіць»

«Калі ты атрымаеш гэты ліст, будзе ўжо лета 🙂 Я ўжо пабачыла адсюль кожную пару года – час выходзіць – здзівіць мяне ўжо няма чым. Тут кожны дзень як Дзень сурка, з невялікаю розніцай. Вось, напрыклад, сённяшні дзень напоўнены падзеямі: змена бялізны, паход у душ (без асаблівага задавальнення), выпала маё дзяжурства, а значыць, і дзень мыцця майго пекнага гардэробу. Пакуль пісала, прынеслі спіс з нашага супермаркету. Такое багацце выбару, што ажно разгубілася. Ай, каб не мучыцца, вазьму стандартны набор: вада, масла і маянэз. Больш там для мяне ласункаў няма. Дарагая, перадавай усім ад мяне вялікае прывітанне і абдыманкі. Дзякуй вялікі за дапамогу і падтрыманне. Не сумуй, калі ласка! Ты ж ведаеш, што ў выніку ўсё будзе добра. Спытаеш: «Калі?!» А я адкажу: «Тады!» Час жа паняцце адноснае, але тут выразна разумееш, які ён скарацечны і як яго ў нас мала».

«У мяне ўсё ў парадку, з увагі на месца і час. Ёсць магчымасць для штодзённых шпацыраў. Стараемся не адмаўляцца, нават нягледзячы на надвор’е. Так што гуляю ў замкавым дворыку 🙂 Радуюся нават тут. Тут даволі шырокая бібліятэка і вагон часу, што мінае даволі хутка, як гэта не дзіўна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет з патрабаваннем вызвалення журналісткі і намесніцы старшыні БАЖ Ірыны Слаўнікавай, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Варшаве.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Цяпер чытаю працяг «Задачы трох целаў» Лю Цы-Сіня, «Цёмны лес». Крыху раней «Чапаева і Пустату» Пялевіна. Спачатку заходзіла цяжкавата, потым я «злавіла хвалю» і нават было шкада, што скончыла чытаць :)»

«Я нядаўна перабралася на другую паліцу. Спачатку было нязвыкла, а цяпер мне нават падабаецца. Тут святлей. Праўда, ужо проста так не дастанеш печыўку або іншы ласунак. Трэба спусціцца. Затое не так шмат з’ядаецца! А то часам сядзіш, а тут бац! І ўключаецца «рэжым вавёркі», трэба абавязкова штосьці пагрызці, і пайшла шабуршаць пакецікамі. Цяпер 10 разоў падумаеш, спускацца ці не 🙂 Карацей, суцэльныя перавагі».

«Я, мусіць, стала чалавекам-невідзімкай 🙂 Рэдка які ліст далятае. Але я ўсё роўна не маркочуся. У мяне ўсё стабільна, тут інакш і не бывае – распарадак дня. Змяняецца толькі меню ў залежнасці ад дня тыдня. Вось у красавіку серадамі на абед катлеты – падзея :)»

Hавiны
Бацька Ірыны Слаўнікавай лічыць, што абвінавачванне супраць дачкі надуманае і галаслоўнае
2022.08.02 14:33

«У нас тут душэўна. Дзіўна, што зусім незнаёмыя раней людзі, зусім розныя і ў вельмі абмежаванай прасторы, не канфліктуюць асабліва. Імкнуцца згладжваць вострыя моманты, дапамагаюць і падтрымліваюць адна адную. Зрэшты, як вынікае з расповедаў, не ва ўсіх нумарах такія абставіны. О так, у маім папярэднім гатэлі нам падсялялі вельмі каларытных дам».

«Суседкі ў мяне выдатныя. Усе розныя, але мы здолелі стварыць душэўную атмасферу, усе падтрымліваюць адна адную». «Дзяўчаткі тут такія малойцы, не ведаю як усім аддзячыць. Ну проста коцікі».

«Не ведаю, у курсе ты ці не, бацькі прыходзілі да мяне на спатканні, спачатку мама, а потым тата. Яны малойцы, трымаюцца, але відаць, што цяжкавата ім усё гэта даецца. Пагутарылі вельмі добра, хоць у першыя хвіліны было вельмі ўзрушліва».

«На шпагат садзіцца я не спрабавала, але была спроба засунуць нагу за галаву. Практычна атрымалася, але справа была перад адбоем і пабаялася, што калі самастойна не раскручуся, дапамогі чакаць было б няма адкуль 🙂 Трэба днямі паўтарыць эксперымент, а раптам атрымаецца :)»

«Жыць трэба цяпер і там, дзе вы»

«Як пажывае «мой» коцік? 🙂 Так хочацца хоць якога коціка пажмякаць. Калі ты ў гэткіх месцах, сапраўды разумееш – без ката непаўната 🙂 Гэтыя хвастатыя сапраўды маюць над намі ўладу – маленькія маніпулятары :)»

«Дзяўчаткам упартасці не займаць 🙂 Прасіла тонік для твару – не пусцілі, яны даслалі міцалярку – яе напаткала тая ж доля, следам прылятае малачко – адправілася да тоніка і міцаляркі, следам атрымліваю апавяшчэнне, што на маё імя атрыманы гель для мыцця – тадам! І ён адпраўляецца на склад. Ну і што з гэтым не так? Пытанне хутчэй рытарычнае 🙂 Логіка тут не працуе».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналістка Ірына Слаўнікава (справа). Крыніца: Aleksy Dzikawicki / Facebook

Ірына дасылае сябрам лісты і паштоўкі на розныя святы. Піша, што верыць у цуды і што яны здараюцца. Яна верыць, што «ўсё будзе, а мы ў пачатку файнага шляху».

«Дарагія, прымайце віншаванні з Новым годам і Калядамі! Галоўнае – не падайце духам! Загадвайце самыя вар’яцкія жаданні, цешцеся кожнаму дню, жывіце напоўніцу! Карацей, бярыце ад жыцця ўсё! Жыць трэба цяпер і там, дзе вы 🙂 Ваша безжурботная Іра».

«Вы ведаеце, што тут цяпер вельмі шмат добрых людзей, таму свята адзначылі ў файнай кампаніі. Спадзяюся, што і вы сустрэлі 2022-і ў гуморы. У лістах прасіла ўсіх адзначаць свята як належыць. Не варта губляць аптымізму. Мы на ім тут і трымаемся пераважна. Вядома, што адчуваем велізарнае падтрыманне звонку. Таму не стамляюся ўсім дзякаваць і адказваць на лісты. Калі будзеце мець магчымасць, распавядайце пра тое, што можа сюды трапіць. Вядома, навіны далятаюць, але не так рэгулярна, як хацелася б. У мяне ўсё добра, сябры і знаёмыя клапоцяцца пра мой цяперашні дабрабыт вельмі добра. Перадавайце ўсім добрым людзям прывітанне і падзяку за дапамогу і падтрыманне!»

«Ты ўжо ў курсе, што мне трэба будзе слаўнае падарожжа на маю радзіму. Нічога страшнага, спраўлюся і з гэтым. Разведаю там абставіны: будзе яшчэ адно месца, дзе можна будзе прымасціць памятную таблічку 🙂 🙂 🙂 «Тут была… і выйшла на волю». А так урэшце і будзе! За мяне не хвалюйцеся, усё добра. Усіх абдымаю і спадзяюся на хуткую сустрэчу!»

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў