«Цярплівасці і надзеі!» Журналісты зладзілі ў Варшаве пікет салідарнасці з Ірынаю Слаўнікавай


Закрыты працэс над журналісткаю TVP Ірынаю Слаўнікавай можа скончыцца абвяшчэннем прысуду ўжо 3 жніўня. Напярэдадні калегі палітзняволенай зладзілі каля прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве пікет на знак салідарнасці з Ірынай і ўсімі журналістамі, якіх пазбавілі ў Беларусі свабоды.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Свабоду Іры!», «Свабоду Каці!»

На скрыжаванні вуліцаў Свентакшыскай і Яснай у Варшаве гучала «Свабоду Іры!», «Свабоду Каці!». Такія ж словы былі напісаныя на двух вялікіх банерах з партрэтамі палітзняволеных журналістак Ірыны Слаўнікавай і Кацярыны Андрэевай.

Удзельнікі таксама трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі, а над усімі сабранымі луналі сцягі Еўразвязу. Пікет адбываўся проста насупраць будынку прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Варшаве.

«Тое, што мы сабраліся тут, – гэта нашая дэманстрацыя салідарнасці са зняволенымі журналістамі. Бо яны рабілі тое ж самае, што і мы. І мы цяпер – разам з імі. І бяром на сябе адказнасць за іх», – сказала падчас акцыі дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Выступае дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.  Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Спадарыня Агнешка заклікала ўдзельнікаў акцыі падпісацца пад петыцыяй да Еўракамісіі з просьбаю накласці персанальныя санкцыі на ўсіх службоўцаў, суддзяў, супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і сілавых ведамстваў, датычных да рэпрэсіяў супраць незалежных беларускіх выданняў.

«Сотні журналістаў былі вымушаныя эміграваць з Беларусі, а шмат тых, хто асмеліўся застацца ў краіне, апынуліся за кратамі. На сёння спіс зняволеных складаецца з 29 прозвішчаў.

Сярод іх – былыя працаўнікі і супрацоўнікі польскага грамадскага тэлебачання TVP S.A., а таксама каналу, які належыць да яго, «Белсату», адзінаму незалежнаму каналу, што транслюе па-беларуску», – гаворыцца ў петыцыі.

Дырэктарка «Белсату» паабяцала, што адразу па заканчэнні пікетавання занясе петыцыю ў прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве.

«Я магу прасіць вас толькі аб цярплівасці, салідарнасці і надзеі. Бо заўжды па кепскіх часах наступаюць лепшыя. Так яно адбываецца ў жыцці. Маем надзею, што нашыя каляжанкі не адбудуць цалкам сваіх выракаў. Наш заклік да ўсіх уладаў – еўрапейскіх і польскіх, усяго вольнага свету – дзейце ў справе вызвалення журналістаў. Не забываем і пра іншых палітвязняў у Беларусі», – заклікала Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Да пікету журналістаў далучаліся іншыя беларусы – станавіліся ў шэраг побач з тымі, хто трымаў банеры.

«Бяспраўе і несправядлівасць! Трэба гэта выпраўляць, бо на свеце і так шмат зла. Таму прыйшоў падтрымаць. Гэта важна! Як кажуць, рабі што трэба, і няхай будзе як будзе. Робім, што трэба», – кажа беларус Аляксандр, які далучыўся да пікетавання.

«Будзем гэта рабіць яшчэ лепей»

Адна з журналістак падчас акцыі трымае плакат з надпісам «Deeply concerned since 1993» («Глыбока заклапочаная з 1993 года») на фоне сімвалу Еўразвязу.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Ірына Слаўнікава, Кацярына Андрэева, Уладзімір Мацкевіч, Дар’я Чульцова ды іншыя нашыя калегі – прафесіяналы, патрыёты, адданыя справе людзі. Менавіта такіх людзей беларуская хунта або садзіць за краты, або выштурхоўвае з краіны. Але мы не можам сабе дазволіць, каб пра нашых калегаў і больш як тысячу палітвязняў забыўся вольны свет, бо ідзе крывавая вайна ва Украіне», – кажа ў прамове на пікеце намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

Артыкулы
Муж Ірыны Слаўнікавай: Яна трымаецца, настрой баявы, але турма ёсць турма
2022.08.02 11:22

На погляд спадара Дзікавіцкага, Еўразвяз і ЗША ўсё ж маюць уплыў на беларускую хунту, якая працягвае жыць мінулым стагоддзем і думаць, што, выштурхнуўшы з краіны 400 журналістаў і зліквідаваўшы незалежныя медыі, яны цалкам перакрылі беларусам доступ да вольнага слова.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Выступае намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Але, на шчасце, мы жывем у XXI стагоддзі і маем магчымасць данесці гэтае свабоднае слова. І мы будзем працягваць рабіць гэта яшчэ лепей – дзеля Каці, Ірыны, дзеля ўсіх нашых калегаў, якія цяпер у няволі», – сказаў Аляксей Дзікавіцкі.

«Петыцыя стане нагодай»

Вокны прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве граюць са жнівеньскім сонцам. У некаторых з іх вывешаныя жоўта-блакітныя ўкраінскія сцягі з надпісам «Мы разам з вамі!». Удзельнікі беларускага пікету скандуюць «Жыве Беларусь!».

«Ці пачуюць нас? На сённяшні дзень сапраўды беларуская тэматыка адышла на другі план, але любыя дзеянні ў гэтым кірунку спрыяльныя. Не трэба думаць, што маюць значэнне толькі вялікія справы. Вялікія справы складаюцца якраз з маленькіх», – аптымістычна ўсміхаецца журналіст-расследавальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Яшчэ адзін журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў перакананы, што шанцы ўвесці санкцыі супраць беларускіх суддзяў, пракурораў і следчых, датычных да зняволення журналістаў, ёсць.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Магчыма, гэта не здарыцца адразу пасля нашага пікету, але петыцыя, якую мы сёння падпісваем, стане нагодай узняць яшчэ раз гэтае пытанне ў органах кіравання Еўразвязам. Я не мог не прыйсці сёння, бо знаёмы з Ірынаю Слаўнікавай хіба ўжо 20 гадоў. Яна выдатны прафесіянал і цудоўны чалавек. Але ў тым, што заўтра суд выканае тое, што хоча пракуратура, я не сумняюся. Хутчэй за ўсё, гэта будуць 4 гады зняволення. Бо сёння судоў у Беларусі не існуе – ёсць пракуратура, якая і прымае рашэнне, каго і на колькі пасадзіць», – адзначае Зміцер.

Пікет з патрабаваннем вызваліць журналістку і намесніцу старшыні БАЖу Ірыну Слаўнікаву, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Удзел у пікетаванні перад прадстаўніцтвам Еўразвязу ў Варшаве ўзялі больш за 30 чалавек.

  • Працэс над Ірынаю Слаўнікавай праходзіць у Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме з 23 чэрвеня. Справу журналісткі разбірае суддзя Мікалай Доля, той самы, які выносіў жорсткія прысуды ў «справе Ціханоўскага».
  • У якасці дзяржаўнага абвінаваўцы выступае Ірына Падкавырава. Вядома, што яна запатрабавала для беларускай журналісткі 4 гады калоніі.
  • Слаўнікаву вінавацяць паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім»).

Журналістку затрымалі 30 кастрычніка 2021 года разам з мужам Аляксандрам Лойкам у менскім аэрапорце па вяртанні з адпачынку. Ірыне двойчы прысуджалі 15 содняў арышту. 26 лістапада яна сталася падазраванай у злачынстве паводле арт. 342 КК, пазней ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361-1 КК. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай.

Каб падтрымаць Ірыну Слаўнікаву, дасылайце ёй лісты ці паштоўкі на адрас: СІЗА № 3, вул. Кніжная, 1а, 246003, г. Гомель.

Hавiны
Бацька Ірыны Слаўнікавай лічыць, што абвінавачванне супраць дачкі надуманае і галаслоўнае
2022.08.02 14:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў