Муж Ірыны Слаўнікавай: Яна трымаецца, настрой баявы, але турма ёсць турма


Перад судовым паседжаннем супраць журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай ейны муж Аляксандр Лойка ў эфіры «Белсату» распавёў пра настрой і здароўе палітзняволенай. Таксама ў эфіры намеснік дырэктара нашага тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі анансаваў акцыю салідарнасці з журналісткай.

Ірына Слаўнікава і Аляксандр Лойка.
Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

2 жніўня адбудзецца чарговае судовае паседжанне ў справе журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай. Напярэдадні ейны муж Аляксандр Лойка ў эфіры «Белсату» распавёў пра настрой палітзняволенай.

– Усё добра са здароўем, настрой таксама баявы і добры, але турма ёсць турма, зусім не адпачынак.

– Якія ў вас чаканні ад суда?

– Пазітыўных чаканняў няма, мы ведаем, што кіраўніцтва краіны імкнецца знішчыць незалежную журналістыку, тых людзей, якія штосьці хочуць зрабіць для краіны. Улады робяць так, каб заглушыць пратэст і нездавальненне людзей. Я лічу, што і надалей яны будуць гэта рабіць.

– Ці перасякаліся вы позіркам з суддзёй ці пракурорам? Ці бачылі іхныя вочы?

– Я цяпер не ў Беларусі, бо таксама была імавернасць, што завядуць на мяне крымінальную справу, пагражалі і родным. Бацька Ірыны быў на судзе, але мог бачыць толькі мелькам Ірыну. Нікога не пускалі на працэс. Невядома, ці будзе магчымасць трапіць нават на прысуд.

– Нагадайце, калі ласка, як вас затрымалі?

– Калі мы праходзілі пашпартны кантроль, стаялі ў суседніх чэргах. Нас адвялі ад кабінак, мяне ў адзін пакойчык, жонку – у іншы. А там у балаклавах нас ужо чакалі працаўнікі ГУБАЗіКу. На галовы нам надзелі капелюшы і вывелі праз службовы ўваход. Вялі па калідорах так, каб нават праз камеры не было відаць, як нас выводзяць.

– Чаму Ірына пастанавіла  вярнуцца ў Беларусь?

– Мы некалькі разоў размаўлялі пра гэта. Ірына казала: а чаму мы мусім з’язджаць, калі нічога кепскага не зрабілі. Яна не раз казала, што ні ў чым не вінаватая. Была надзея на здаровы сэнс у кіраўніцтва краіны, але гэтага няма.

З моманту леташняга затрымання Ірыны «Белсат» намагаўся падтрымаць палітзняволеную і ейных родных, кажа намеснік дырэктара нашага тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі.

– Цяпер у судовай сістэме вырак спускаецца зверху. Адвакат можа аргументаваць, але так званы суд толькі агучвае. Тое ж было ў судзе над Кацярынай Андрэевай. Але адвакат можа бачыць арыштаванага. Працэс закрыты. Нават бацькі не могуць трапіць на суд. Мы падтрымліваем выдаткі на адваката, на перадачы. Але важным ёсць падтрыманне ў лістах, тэлеграмах. Гэта мае значэнне і ў тым, што ахоўнікі ў турмах бачаць: раз прыходзяць лісты – значыць, пра палітвязня свет памятае.

Мы як «Белсат» робім шмат і на міжнароднай арэне, каб краіны Захаду націскалі на ўлады Беларусі з мэтай вызвалення журналістаў-палітвязняў.

– Адкуль такое імкненне ў суддзяў дагадзіць уладам? Чаму яны такія адданыя рэжыму?

– Я часта над гэтым задумваюся. Мне падаецца дзіўным, як суддзя ідзе спаць, не думае пра адказнасць. Махавік рэпрэсіі раскручаны так, што ў сістэме яны мусяць даводзіць, што патрэбныя. Маўляў, пакіньце нам кватэры, заробкі і гэтак далей.

З іншага боку, магу сказаць, што незаконны пераслед назіраем у краінах, дзе не было люстрацыі. Там, дзе была люстрацыя, не будуць біць людзей, бо амаль усе адказалі за гэта. А беларускі амапавец ведае, што адказнасці ў мінулым не было. Таму цяпер яны перакананыя, што ім нічога не будзе за гэта, бо ў гісторыі такога не было.

– Мы кажам пра людзей, палітвязняў, але для сістэмы яны – не асобы, а проста руціна.

– Але ж віны ў людзей няма. Бо калі судзяць злодзея – там зразумела ўсё. А тут бачаць, што няма ніякіх доказаў, няма ніякіх прычынаў. І суддзя мусіць разумець. Але ўсё адно даюць тэрміны.

У палітычных справах тысячы асобаў. Усё складана, але калі мы ў будучай Беларусі не зробім люстрацыі, то гісторыя зноў будзе паўтарацца. Суддзі ўспрымаюць журналістаў як асобаў, якія пагражаюць іхнаму дабрабыту, заробкам, машынам і гэтак далей. Маўляў, дай ім уладу – яны ўсё забяруць.

– Ірына раней сама казала пра суды і суддзяў. Казала праўду. Ці ў гэтым пагроза з боку журналістаў для рэжыму?

– З Беларусі выехалі больш чым 400 журналістаў, падае БАЖ. Гэта вельмі шмат. Каля трох дзясяткаў журналістаў сядзяць у турмах. Але ўлады думаюць, што калі выгнаць усіх, калі не пакажуць на тэлебачанні, дык гэтага няма.

2 жніўня а 15-й гадзіне адбудзецца акцыя, арганізаваная працаўнікамі «Белсату».  Каля сядзібы прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Варшаве на вул. Яснай 14/16а, побач з будынкам TVP, мы выйдзем на пікет.  Мы патрабуем, каб ЕЗ зрабіў усе магчымыя крокі для вызвалення палітвязняў і ўвядзення санкцыяў супраць вінаватых у беззаконні.

Абноўлена
2 жніўня ў Гомлі могуць агучыць прысуд Ірыне Слаўнікавай
2022.08.02 09:42

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў