Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 2 жніўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 2 жніўня.

Заўтра, 3 жніўня, а 14:10 у Гомельскім абласным судзе агучаць прысуд журналістцы TVP Ірыне Слаўнікавай. Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для яе 4 гады калоніі. Прысуд павінны былі агучыць сёння, аднак перанеслі вынясенне рашэння на наступны дзень.

У Менскім абласным судзе 2 жніўня прайшло чарговае паседжанне па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Сярод абвінавачаных палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юры Зянковіч, супрацоўніца менскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка.

Трэці дзень суда па «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту Аляксандра Фядуты, а пасля пачаўся допыт палітзняволенай Вольгі Галубовіч, якая прызнала віну цалкам. Жанчына абвінавачваецца толькі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Зняволены Мікалай Аўтуховіч, які 23 дні галадаваў насуха, 2 жніўня папіў гарбаты. Пра гэта паведаміла адміністрацыя СІЗА Гарадзенскай турмы № 1. Таксама 1 жніўня яму паставілі кропельніцу.

Hавiны
БХК праінфармаваў ААН пра катаванні ў дачыненні да фігурантаў «справы Аўтуховіча»
2022.08.02 15:45

Ліквідавалі найстарэйшую габрэйскую грамадскую арганізацыю ў Полацкім рэгіёне «Полацкі габрэйскі культурны цэнтр». Такое рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд. 30 гадоў сябры гэтай арганізацыі садзейнічалі развіццю габрэйскай культуры.

Байца ММА Уладзіслава Навіцкага асудзілі на тры гады абмежавання волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Тры гады «хатняй хіміі» прысудзілі супрацоўніцы «Альфа-Хаба» Алесі Курэйчык за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Пракуратура накіравала ў суд справу супраць 32-гадовага палітзняволенага распрацоўшчыка дадатку «Belscan» Арцёма Мазаніка. Дадатак прызначаўся для байкоту лаяльнага ўладам бізнесу і дэананімізацыі сілавікоў.

Рэпартаж
«Цярплівасці і надзеі!» Журналісты зладзілі ў Варшаве пікет салідарнасці з Ірынаю Слаўнікавай
2022.08.02 21:27

Гомельскі абласны суд асудзіў уладальніка гомельскай сеткі крам касметыкі «Красуня» Паўла Бабчанка да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК). Нібыта ён выклаў у сацсетку скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў, і суправадзіў яго тэкстам, у якім назваў сілавікоў «недалюдзьмі» і выказаў надзею, што яны «адкажуць за злачынствы супраць свайго народу».

ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Гэта студэнт другога курса Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій.

У Ляхавічах лазеншчык Аляксандр Касумаў напісаў некалькі слоў на гаражы і гэтым нанёс шкоду ў 10 рублёў. Вынік – 1,5 года «хатняй хіміі» за пашкоджанне маёмасці. Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 23 на 24 красавіка каля гарадской лазні ён напісаў надпіс «Нет войне!». Праз амаль тры тыдні – у ноч з 15 на 16 траўня – Аляксандр нібыта пакінуў на сцяне ўжо тры надпісы: «No war!», «Luka» і «Убийца!».

Hавiны
У ліпені ў Беларусі паводле «пратэсных» крымінальных справаў асудзілі не менш за 76 асобаў
2022.08.02 11:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў