Тры гады калоніі прысудзілі гарадзенцу за «дыскамфорт» і «ўдар па аўтарытэце» амапаўцаў


Андрэй Сакалоўскі ў судзе.
Фота: Алена Кавальчук / hrodna.life

Кастрычніцкі суд Горадні 2 жніўня прысудзіў Андрэю Сакалоўскаму 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гарадзенца абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Андрэй таксама заплаціць 700 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу амапаўцу «Лабкову». Ён запытваў 1000 рублёў.

Чацвёра з пяці пацярпелых амапаўцаў, якія заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды, падчас судовых паседжанняў адмовіліся ад сваіх пазоваў.

Справу разглядала суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Віктар Нічыпарук, які раней удзельнічаў у падобных крымінальных справах.

Андрэй Сакалоўскі – дырэктар прыватнай фірмы. 38 гадоў, жанаты, мае шасцігадовае дзіця. 5 чэрвеня ў Сакалоўскага быў дзень нараджэння – ён яго сустрэў у СІЗА. 12 красавіка яго затрымалі, а праз тры дні ўзялі пад варту.

Версія абвінавачвання

Паводле версіі пракурора, 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Горадні Андрэй Сакалоўскі ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўжыў гвалт у дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў: стаяў у счэпцы грамадзянаў, не падпарадоўваўся супрацоўнікам АМАПу, з групай асоб перашкаджаў міліцыянтам выконваць іх абавязкі. Падчас групавых дзеянняў нібыта меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў ім.

Сярод іншага, на думку пракурора, Андрэй Сакалоўскі «пасягаў на грамадскі спакой, парушаў умовы адпачынку грамадзянаў, перашкаджаў руху транспарту». Аўтобусны парк і тралейбуснае ўпраўленне заявілі, што панеслі шкоду прыкладна 100 рублёў.

Паводле пракурора, Сакалоўскі з іншымі гарадзенцамі сталі ў шэраг, падышлі ўшчыльную да амапаўцам, працягвалі рух, пачалі іх выштурхоўваць сваім целам і хапаць рукамі. Гэтым яны, на думку дзяржабвінавачвання, нанеслі ім фізічны боль і пабоі.

Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнаў.

Допыт пацярпелых амапаўцаў

У справе шэсць пацярпелых амапаўцаў, звесткі якіх засакрэцілі. Яны праходзілі і ў іншых справах: у адной з іх чатыры гарадзенцы атрымалі 3 і 3,5 года «хіміі», у другой – працэс праходзіць над трыма гарадзенкамі, адна з якіх хворая на анкалогію. Амапаўцаў дапыталі за шырмай.

Яны блыталіся ў паказаннях, супярэчылі сваім ранейшым сведчанням. Некаторыя «не памятаюць», ці наносіў ім абвінавачаны Андрэй Сакалоўскі ўдары ці не.

Пацярпелы 41-гадовы амапавец Іван Іваноў падчас допыту быў за шырмай. Прасіў кіравацца паказаннямі, дадзенымі раней на допыце, бо забыўся пра тыя падзеі.

«Грамадзяне, якія былі не згодныя з вынікамі выбараў, ішлі праз стары мост на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Інфармацыйная група паведамляла ім, што мерапрыемства несанкцыянаванае. АМАП перакрыў праход, каб людзі не прайшлі да філармоніі, яны ішлі ў счэпцы, выкрыквалі лозунгі, штурхалі мяне», – казаў ён падчас допыту.

Цялесных пашкоджанняў у яго не было. Ці быў гвалт з боку Сакалоўскага – таксама не памятае, як і самога абвінавачанага, а гвалт з боку грамадзянаў «адчуваў на ўзроўні штуршкоў».

Падобнае казалі і іншыя амапаўцы. Ніхто асабліва нічога не памятае, бо прайшло шмат часу. Сакалоўскага многія апазналі па водле фотаздымкаў з месца падзеяў.

«Дык які фізічны боль і пабоі вам прычыніў Сакалоўскі і пры якіх абставінах?» – спытаў адвакат чарговага пацярпелага амапаўца Аляксандра Белага.

«Нічога не памятаю з таго моманту».

«Куды вы звярталіся з рапартам аб збіцці? Хуткую дапамогу выклікалі?»

«Не. З рапартам пра пабоі не звяртаўся, хуткую не выклікаў, кіраўніцтву не скардзіўся».

Суддзя запытала:

«Ад вас 9 чэрвеня паступіла пазоў у суд, з падрабязнасцямі інцыдэнту і аб спагнанні 1000 рублёў у якасці маральнай шкоды. Як так атрымалася, што пазоў пададзены 9 чэрвеня, пару дзён таму, а сёння вы нічога не памятаеце, прэтэнзіяў да Сакалоўскага не маеце?»

«Ну як там напісана, так і ёсць», – адказаў Белы.

Паводле амапаўца, Сакалоўскага ён апазнаў па фатаграфіі, якую яму паказалі ў СК. Там жа яму і «склалі пазоўную заяву».

У сваім пазове ён сцвярджаў, што яго пакуты выявіліся ў «фізічным болі, адхіленні ад звычайнага стану здароўя, адчуванні дыскамфорту, эмацыйных перажываннях праз неабходнасць тлумачыць кіраўніцтву і калегам абставіны атрымання траўмы». Дзеянні Сакалоўскага прадэманстравалі яго перавагу, а падзеі Белы ўспрыняў як «удар па аўтарытэце».

«Вы на сённяшні дзень нейкія прэтэнзіі да Сакалоўскага маеце?» – спытаў адвакат.

«Не маю».

Амапавец Павел Латкоў тлумачыць, што на дзяжурстве яны ўбачылі натоўп людзей з бел-чырвона-белай сімволікай, якія ішлі па вуліцы ў цэнтр гораду. Бачыў, як калега затрымліваў абвінавачанага:

«Мне нанеслі ўдар у твар. З натоўпу гучалі пагрозы», – кажа амапавец.

«У чым праяўлялася агрэсіўнасць людзей?» – запытаў адвакат.

«Гучалі непрыемныя выказванні на адрас супрацоўнікаў, нейкія лозунгі. Яны ішлі прарываць ачапленне», – адказаў Латкоў.

«Дык а навошта вы перашкаджалі людзям ісці, калі яны былі без дубінак, з балонікамі? Вы перакрылі тратуар, каб людзі не прайшлі, і людзі пайшлі на праезную частку?»

«Людзі праводзілі мітынг. Кіраўніцтва дало каманду, каб не дазволіць ім прайсці ў цэнтр гораду. Камянёў і палак у людзей не было. Сакалоўскі супраціўляўся, вырваўся пры затрыманні, размахваў рукамі, я праводзіў яго ў аўтазак».

Абвінавачаны Андрэй Сакалоўскі задаваў кожнаму амапаўцу адно пытанне: «Калі я аказваў супраціў і штурхаў супрацоўніка, чаму я не быў затрыманы?» У той дзень амапаўцы давялі яго да спецтранспарту, але адпусцілі – пратакол затрымання на Андрэя не склалі. Калі ён уяўляў такую небяспеку, буяніў, то чаму яго адпусцілі? Нічога ўцямнага на гэта амапаўцы адказаць не змаглі.

СП / МГ belsat.eu

Стужка навінаў