«Маё сэрца пераставала біцца». Палітвязень Верашчагін даслаў жудасны ліст з глыбоцкай калоніі


Сяргей Верашчагін.
Фота: prisoners.spring96.org

Са зняволення прыйшоў жудасны ліст ад 31-гадовага жыхара Гомля Сяргея Верашчагіна, здароўе якога моцна падарвалася пасля збіцця пры затрыманні 12 жніўня 2020 года. Яго асудзілі на пяць гадоў, у калоніі ягоны стан пагоршыўся яшчэ.

Сяргею Верашчагіну ўдалося перадаць на волю ліст з падрабязным апісаннем здзекаў з боку адміністрацыі і лекараў калоніі № 13 у Глыбокім. Ліст апублікаваны ў тэлеграм-канале «МЕНСКРАЗАМ!».

«Задумайцеся, грамадзяне беларусы»

Сяргей дзякуе ўсім, хто піша яму лісты, але не разумее тых, хто піша пра матылькоў, дрэвы і іншае, бо «вакол толькі адны словы і адны абяцанні, а дзеянняў ніякіх».

«Дзейнічае толькі бясчынная міліцыя, якой мы самі развязалі рукі і дапусцілі яшчэ больш свавольства ў гэтай краіне – дык калі ж мы пачнём «здымаць акуляры» і нешта будзем рабіць для таго, каб мы – беларусы – жылі, квітнеючы, радаваліся і ўсміхаліся. І каб нашы мамы плакалі толькі ад радасці, а не ад таго, што іх сыноў забіваюць і незаконна садзяць у турму – задумайцеся, грамадзяне беларусы, за што мы тут пакутуем, і за што ў нас адымаюць здароўе», – напісаў Сяргей.

Ён адзначыў, што ад адміністрацыі калоніі зазнае бесперапынную знявагу.

Hавiны
У Беларусі палітвязнямі прызналі яшчэ 15 чалавек
2021.04.07 20:42

«Мне ствараюцца такія ўмовы, у якіх жывы пазайздросціць мёртвым. Калі я прыбыў у калонію, два тыдні заставаўся на каранціне. За гэты час мяне зрабілі злосным парушальнікам рэжыму, у той час як я нічога не парушаў. Першыя два парушэнні былі за тое, што я прылёг, калі ў мяне кружылася галава і я губляў прытомнасць, – нягледзячы на тое, што ў маёй картцы было пазначана: «пасцельны рэжым». Трэцяе пакаранне было выдуманым. Але мяне паставілі перад фактам, што за парушэнні я пазбаўлены перадачаў і спатканняў», – напісаў Сяргей.

Усе магчымыя ўлікі

Палітвязень піша, што на яго «павесілі ўсе магчымыя прафілактычныя ўлікі»: экстрэмізм, здольнасць да суіцыду, нападу на адміністрацыю, захоп закладнікаў.

Hавiны
Генпракуратура не выключае, што катаванні на Акрэсціна – фэйк
2021.07.27 20:20

«У мяне пастаянна кружыцца галава, я дрэнна стаў бачыць, у мяне здранцвенне левага боку ўсяго цела, пастаянныя моцныя галаўныя болі, я губляю прытомнасць, у мяне разбітыя ўсе суставы на руках і нагах, ад чаго я адчуваю пастаянны моцны боль. Дык вось, я паспрабаваў трапіць у медчастку, трапіць да загадчыцы і іншых лекараў. Доўгі час я проста не мог дайсці туды, мяне не пускалі, на шляху ў медчастку мяне заўсёды спынялі работнікі калоніі, адпраўлялі назад з розных прычынаў або без прычынаў», – паведаміў Верашчагін.

Калі ж у яго ўсё ж атрымалася трапіць да медыкаў, ніякай дапамогі ад начальніцы часткі Надзеі Паткевіч ён не атрымаў.

«Яна сказала, што не ведае, што са мной трэба рабіць, што ёй трэба параіцца з адміністрацыяй калоніі. І сказала, каб я ішоў на працу. Я пайшоў, ледзь перасоўваючы ногі, у стане, блізкім да страты прытомнасці. Пасля гэтага дзясяткі маіх спробаў трапіць да яе прайшлі беспаспяхова», – адзначыў Сяргей.

«Для задавальнення сваіх псіхічных адхіленняў»

Апроч працы ў будныя Сяргей мусіць працаваць і ў суботу, бо «палітычны».

«Мой начальнік першага атраду Мікалай Рачыла прыпісаў мне чарговае парушэнне, якога я не здзяйсняў. Ён напісаў, што я гаварыў з чалавекам, з якім у той момант я не размаўляў. За гэтае парушэнне мяне пасадзілі ў штрафны ізалятар. 9 содняў я там сядзеў адзін. Потым яны «дапісалі» мне яшчэ 7 содняў. Ад холаду і вільготнасці я не спаў увесь гэты час, не спаў зусім, бо немагчыма заснуць на такім холадзе. Лежачы на халоднай падлозе, я марыў аб коўдры або кофце, трываючы такі холад, якога ніколі не ведаў. Вось такія ў мяне мары. А думкі пра тое, што раніцай можа адбыцца нешта яшчэ горшае, чым ёсць цяпер, і гэта адчуванне поўнай адзіноты і разуменне, што мне ніхто не дапаможа, спараджае пачуццё трывогі, пачуццё глыбокага смутку і моцнай крыўды за ўсё, што са мной адбываецца, ад якой у мяне міжволі цякуць слёзы. Калі прыходзіць раніца, я бачу міліцыю, якая прыходзіць на праверкі, яны правяраюць, ці не з’явілася пад тонкай майкай у мяне іншая майка… Правяраючы рукой, весела кажуць: «Адна майка», і на выхадзе смяюцца: «Паглядзіце, як яго перакасіла ад холаду», – апісвае сваё жыццё Сяргей.

Артыкулы
«Апраналі пакет на галаву і душылі». Мянчук расказаў пра катаванні падчас ператрусу
2021.07.30 22:40

На 12 содні штрафнога ізалятару Сяргея адвялі, як ён піша, у медчастку. Бо на той момант пра стан ягонага здароўя турбаваліся многія людзі. Яны тэлефанавалі ў калонію, пісалі звароты, падпісвалі петыцыі. «Мне зрабілі кардыяграму, потым паўторную – і выклікалі хуткую. Мяне адразу пераапранулі, каб дактары не ўбачылі надпісу «ШІЗА» на адзенні. Прыехала хуткая, паглядзелі кардыяграму, зрабілі ўкол, потым яшчэ зрабілі кардыяграму – у мяне сэрца білася 37 удараў за хвіліну, быў збіты рытм, бо я не спаў ад холаду 11 дзён, і сэрца пераставала біцца», – апісвае вязень.

У Глыбоцкім шпіталі ён быў шэсць дзён пад кропельніцамі, калолі атрапін. Ён піша, што па вяртанні са шпіталю ў калонію непрыязь да яго з боку адміністрацыі вырасла, ён зазнаваў абразы і здзекі.

Сяргей піша: некаторыя супрацоўнікі калоніі карыстаюцца тым, што ён стаіць на ўліку як экстрэміст «для задавальнення сваіх псіхічных адхіленняў, ім усё дазволена ў адносінах мяне, нават заахвочваецца тое, што зʼяўляецца злачынствам».

На думку Сяргея, усе здзекі накіраваныя на тое, каб знішчыць яго фізічна.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў