Атлетка Ціманоўская мае зляцець у Польшчу ўжо 4 жніўня. Як яна трымаецца?


Яна не панікуе, не застаецца адна, але ўсе наступствы яшчэ наперадзе.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская на Алімпійскіх гульнях у Токіа падчас забегу сярод жанчын на 100 метраў.
Фота: ALEKSANDRA SZMIGIEL / Reuters / Forum

Скандал са спробай гвалтоўна вывезці з Токіа бягунню Крысціну Ціманоўскую прывёў да таго, што яна збіраецца прасіць прытулку ў Польшчы. Кіраўнік дэпартаменту Фонду спартовай салідарнасці і адказны за моладзевую палітыку і спорт у Народным антыкрызісным упраўленні Вадзім Крывашэеў расказаў «Белсату», як разгортваюцца падзеі.

Ціманоўская цяпер у бяспецы, ёй ужо нічога не пагражае, кажа прадстаўнік Фонду спартовай салідарнасці. Атлетка ў польскай амбасадзе ў Японіі, займаецца афармленнем нацыянальнай візы ў Польшчу, каб ужо ў Польшчы прасіць палітычнага прытулку. Фонд спартовай салідарнасці ўжо набыў ёй квіток на самалёт да Польшчы на 4 жніўня.

1 жніўня такійскія паліцыянты суправаджалі Ціманоўскую, дапамаглі ёй размясціцца ў гатэлі аэрапорту. Крывашэеў не называе людзей, якія суправаджаюць яе сёння, але запэўнівае: побач ёсць людзі, атлетка таксама не застаецца адна.

«Уся гэтая гісторыя, безумоўна, стрэс для любога чалавека, – кажа Крывашэеў пра Ціманоўскую. – Я думаю, усе наступствы гэтай гісторыі яшчэ наперадзе, бясследна яна не пройдзе для Крысціны.

Разам з тым, спецыялісты фонду, якія з ёй звязваліся, казалі пра тое, што яна дастаткова добра трымаецца. Нельга сказаць, што яна ў паніцы. Дастаткова ўпэўнена ўспрымае сітуацыю, з улікам усёй складанасці. Трымаецца».

Калі гэта «змова апазіцыі», то ў ёй усе спартовыя структуры краіны

У беларускіх дзяржаўных медыях ужо выказваюцца тэорыі аб тым, што Ціманоўская «спланавала скандал». Яе вінавацяць у «нявыхаванасці» і ў тым, што яна «ловіць хайп». Ужо не толькі беларускія, а таксама і расейскія дзяржаўныя СМІ «падазраюць», што гэта «спланаваная акцыя», што атлетку «Захад выкарыстоўвае для правакацыі».

Вадзім Крывашэеў, адказны за моладзевую палітыку і спорт у Народным антыкрызісным упраўленні.
Фота: Nauby webmaster / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Крывашэеў разважае: калі гэта сапраўды змова, дык у ёй удзельнічалі ўсе спартовыя структуры Беларусі. Праблемы з нядопускам да Алімпійскіх гульняў дзвюх бягунняў эстафетнай каманды і адной скакунні ўвышыню ўзніклі праз нядбайнасць працаўнікаў нацыянальнай каманды і Федэрацыі лёгкай атлетыкі, заяўляе Крывашэеў. Кантраляваць сітуацыю мусілі супрацоўнікі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт. Ціманоўская абуралася менавіта тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася.

«Калі казаць пра тое, што гэта змова нейкіх апазіцыйных структураў, дык тады ў гэтай змове ўзялі ўдзел тыя структуры, якія я пералічыў», – кажа Крывашэеў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў