Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую Расея распачала ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Выбухі ў Чарнабаеўцы ў Херсонскай вобласці 2 ліпеня.
Фота: unian.net

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, з часу поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 35 870 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў ва Усходняй зоне аперацыі расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай усталяваць поўны кантроль над тэрыторыямі Данецкай і Луганскай вобласцяў.

На славянскім кірунку вораг пераважна вядзе абарончыя баі, таксама была спроба штурму паселішча Багародзічнае, але без поспеху. Цяпер расейцы спрабуюць удасканаліць сістэму лагістычнага забеспячэння на гэтым кірунку, адначасова працягваючы абстрэлы навакольных паселішчаў на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Старшыня Славянскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Вадзім Лях паведаміў, што ўвечары 1 ліпеня горад быў абстраляны касетнымі боепрыпасамі. У выніку чатыры чалавекі загінулі, яшчэ сем атрымалі раненні.

На лісічанскім кірунку расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні, каб атачыць украінскія сілы каля Лісічанску. ЗСУ адбілі дзве масіраваныя атакі ворага, абстрэлы гораду працягваюцца.

Пры гэтым расейскія медыі 2 ліпеня падаюць супярэчлівую інфармацыю. Паводле іх, горад ці аточаны, ці часткова пад расейскім кантролем, ці нават цалкам захоплены. Аднак спікер Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук заявіў, што горад не аточаны і кантралюецца ўкраінскім войскам.

Hавiны
Улады «ДНР» абвінавацілі ў наёмніцтве яшчэ двух палонных брытанцаў. Ім пагражае смяротнае пакаранне
2022.07.02 19:41

На краматорскім кірунку акупанты не праводзілі наступальных дзеянняў, абмежаваўшыся артылерыйскімі абстрэламі паселішчаў. Такая ж сітуацыя цягам апошніх содняў назіралася на бахмуцкім, аўдзееўскім, курахаўскім, навапаўлаўскім і запарожскім кірунках.

За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы не праводзілі штурмавых дзеянняў. Пры гэтым на харкаўскім і паўднёвабужскім кірунках яны трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў. Адзначаецца, што на Херсоншчыне актыўна дзейнічаюць украінскія партызаны, што вымушае прадстаўнікоў акупацыйных уладаў мінімізаваць свае перамяшчэнні, а таксама карыстацца вялікай колькасцю аховы.

У сваю чаргу CNN са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што Расея не мае дастаткова сілаў для ўтрымання Херсоншчыны, бо вывела частку сваіх войскаў для падмацавання наступу на Данбасе.

На сівэрскім кірунку за ўкраінска-расейскай мяжой на поўначы краіны вораг працягвае ўтрымліваць да трох батальённа-тактычных групаў. Пры гэтым на мяжы ў Чарнігаўскай і Сумскай вобласцях працягваюцца абстрэлы пазіцыяў ЗСУ.

На валынскім і палескім кірунках сітуацыя па-ранейшаму спакойная, аднак на тэрыторыі Беларусі ля ўкраінскай мяжы мясцовыя ўзброеныя сілы працягваюць вучэнні. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што рэальнай пагрозы нападу з тэрыторыі Беларусі няма, бо для гэтага ў краіне спачатку мусіць прайсці мабілізацыя. Для ўкраінскай выведкі, запэўніў Арэстовіч, «Беларусь абсалютна празрыстая».

Але пры гэтым мэр Львова Андрэй Садавы заявіў, што «сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы непрадказальная», таму ў горадзе рыхтуюцца да імавернага ўварвання з боку Беларусі. Акрамя таго, са словаў мэра, у горадзе працягвае фармавацца стратэгічны рэзерв харчоў на выпадак блакавання шляхоў забеспячэння.

У Пэнтагоне распавялі пра дэталі новага пакету дапамогі Украіне на $ 820 млн. У пакет увойдуць:

  • боепрыпасы для рэактыўнай сістэмы залпавага агню HIMARS;
  • дзве сістэмы супрацьпаветранай абароны NASAMS;
  • да 150 тыс. артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм;
  • чатыры контрартылерыйскія радары.

Першы пункт – з запасаў Мінабароны ЗША, астатнія тры закупляюць у вайсковай прамысловасці.

Hавiны
З Украіны ад вайны ўцяклі мільёны людзей. У Беларусь – менш за 0,2 %
2022.07.02 16:16

Як падлічыў Пэнтагон, ЗША ўжо далі Украіне вайсковай дапамогі на $ 7,6 млрд з пачатку прэзідэнцтва Джо Байдэна, у тым ліку на $ 6,9 млрд – з пачатку поўнамаштабнай вайны.

Польскі журналіст Славамір Серакоўскі запусціў збор грошай «Купім “Bayraktar” Украіне» на сайце Zrutka.pl: на беспілотнік хочуць сабраць PLN 22,5 млн ($ 5 млн), ужо набралі звыш PLN 2 млн.

Сайт дазваляе збіраць грошы на адну мэту ў розныя скарбонкі, і самая папулярная скарбонка гэтага збору – «Беларусы ў Польшчы купляюць “Bayraktar” для Украіны». Ахвяраваць у гэтую скарбонку можа хто заўгодна, таксама як любы беларус можа ахвяраваць у іншую скарбонку. Але гэтую зрабілі, каб беларусы маглі паказаць сваю салідарнасць з Украінай.

Управа вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў налічыла па Еўропе 5 493 437 украінцаў, якія былі афіцыйна зарэгістраваныя са статусам, адпаведным уцекачу ад вайны. Пры гэтым у Польшчы зарэгістраваліся ўцекачамі з Украіны ці атрымалі часовую дапамогу 1,41 млн чалавек. У Расеі ўцекачамі лічаць прыблізна 1,4 млн украінцаў, але гэта прыблізная ацэнка: столькі зарэгістравалі пераходаў мяжы з Украіны ў Расею. У Беларусі ж толькі 9280 украінцаў зарэгістраваліся як уцекачы.

Дарадца мэру акупаванага Марыупалю Пятро Андрушчанка паведаміў, што ў зруйнаваным расейскімі войскамі горадзе разбіраюць развалы і зносяць дамы, будуючы горад-курорт, пра які пачалі гаварыць яшчэ ў траўні. Пры гэтым разам з будаўнічым смеццем расейцы выкідваюць на смеццевыя палігоны целы загінулых гараджанаў. Ніхто не займаецца ні спробай іх ідэнтыфікацыі, ні ўлікам.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў