Чаму сёння? На які дзень розныя краіны прызначаюць нацыянальныя святы


Беларусь – ці не адзіная краіна ў свеце, якая святкуе Дзень незалежнасці ў дату, ніяк не звязаную з незалежнасцю. А ўяўляеце, што ў Беларусі маглі б святкаваць «Дзень узяцця Акрэсціна» ці «Дзень адмовы ад ультыматуму»? У свеце такое здараецца.

Феерверк на Дзень незалежнасці ЗША перад прыватным домам, 4 ліпеня 2015 года.
Фота: /\ltus / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Як звычайна робяць у свеце

Звычайна краіны святкуюць Дзень незалежнасці ў даты дэкларацыі незалежнасці або здабыцця фактычнага суверэнітэту, радзей – у даты рэферэндуму аб незалежнасці або пачатку вайны за незалежнасць.

Марш абаронцаў Украіны на Дзень незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2020 года.
Фота: spoilt.exile / Flickr, CC BY-SA 2.0

Напрыклад, ва Украіне ўсё проста: 24 жніўня – Дзень незалежнасці, гадавіна дэкларацыі незалежнасці ад СССР. У Злучаных Штатах таксама: 4 ліпеня – гадавіна дэкларацыі незалежнасці ад Вялікай Брытаніі. Але гэта не абавязковае правіла, і шмат дзе галоўнае нацыянальнае свята не прымеркаванае да здабыцця незалежнасці.

Што ў Беларусі

У Беларусі Дзень незалежнасці (які мае і другую назву: Дзень Рэспублікі) адзначаюць 3 ліпеня. У 1996 годзе гэтак вырашыў Аляксандр Лукашэнка паводле вынікаў рэферэндуму, які не быў прызнаны дэмакратычным краінамі Захаду. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі Менск ад нацысцкіх – аднак на той дзень частка Беларусі заставалася пад акупацыяй нацыстаў, у той вайне беларусы не ваявалі за незалежнасць і той незалежнасці не бачылі аж да 1991 года.

Аўтазак каля Палацу спорту ў Менску ў Дзень незалежнасці. 3 ліпеня 2020 года. У той дзень у Беларусі затрымалі прынамсі 17 чалавек.
Фота: belsat.eu

Да таго рэферэндуму, з 1991 года Дзень незалежнасці ў Беларусі адзначалі 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Паралельна з тым беларусы святкавалі Дзень Волі 25 сакавіка – у дзень прыняцця ў 1918 годзе Трэцяй устаўной граматы, у якой абвяшчалі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пры Лукашэнку на Дзень Волі часта не дазвалялі акцыяў, ладзілі гвалтоўныя разгоны дэманстрацыяў, але на 100-годдзе незалежнасці БНР усё ж далі правесці свята ў цэнтры сталіцы амаль без затрыманняў.

Hавiны
Няўдалая «рэвалюцыя», ваеннае становішча і атмасфера страху. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 20 гадоў
2021.03.24 21:43

Чаму Лукашэнка прапанаваў менавіта 3 ліпеня, невядома, аднак вядома, што ён быў не ў захапленні ад выхаду Беларусі з Савецкага Саюзу: у 1995 годзе на іншым рэферэндуме перамагла яго прапанова аб вяртанні Беларусі мадыфікаваных сцяга і герба БССР замест нацыянальных.

Не абавязкова, каб нацыянальнае свята звалася Днём незалежнасці

У некаторых краінах нагода нацыянальнага свята – не атрыманне незалежнасці, а ўтварэнне сучаснай формы дзяржавы. Напрыклад, святкуюць утварэнне дэмакратычнай Італіі (2 чэрвеня), камуністычнага Кітаю (1 кастрычніка) або ісламскага Ірану (звычайна выпадае на 1 красавіка). А Саудаўская Аравія святкуе (23 верасня) перайменаванне дзяржавы: да 1932 года яна была Каралеўствам Неджд і Хіджаз.

Дзень Рэспублікі ў Італіі. Рым, Італія. 2 чэрвеня 2017 года.
Фота: Palazzo Chigi / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Дзесьці свята, звязанае з незалежнасцю, не называюць Днём незалежнасці – напрыклад, у Албаніі, дзе гадавіну дэкларацыі незалежнасці святкуюць у Дзень сцяга (дакладней – у дзень узняцця нацыянальнага сцяга на знак абвяшчэння незалежнасці, 28 лістапада).

Дзень Канстытуцыі ў Нарвегіі. Мос, Нарвегія. 17 траўня 2015 года.
Фота: Cato Søbye / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Некаторыя замест Дня незалежнасці адзначаюць Дзень Канстытуцыі, як Данія (5 чэрвеня), Нарвегія (17 траўня) ці Турэччына (29 кастрычніка). А ў Камеруне святкуюць пераход ад федэральнай да ўнітарнай формы дзяржавы (20 траўня).

Вайсковы парад на Нацыянальны дзень Бельгіі. Брусэль, Бельгія. 21 ліпеня 2015 года.
Фота: Miguel Discart / Flickr, CC BY-SA 2.0

Зрэдку святкуюць дзень узыходу на трон важнага для гісторыі манарха, як у Бельгіі (21 ліпеня) ці Японіі (11 лютага). Швецыя ў адзін дзень (6 чэрвеня) спалучае і гэта, і дзень прыняцця дзвюх Канстытуцыяў. А ў Нідэрландах Дзень утварэння каралеўства (15 снежня) не выходны, а дзень народзінаў дзейнага караля (29 красавіка) – выходны.

Можна святкаваць і двойчы, і тройчы

Дзесьці Дзень Канстытуцыі мае не меншае значэнне за Дзень незалежнасці, як у Польшчы, дзе абодва святы (адпаведна 3 траўня і 11 лістапада) – выходныя дні. Дарэчы, польскі Дзень Канстытуцыі (у гонар прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай у 1791 годзе) і літоўскі Дзень Дзяржавы (у гонар каранацыі Міндоўга ў 1253 годзе) цалкам можна святкаваць беларусам, продкі якіх жылі ў Рэчы Паспалітай і Вялікім княстве Літоўскім, з якімі тыя святы звязаныя.

Дзень Канстытуцыі Польшчы. Кракаў, Польшча, 3 траўня 2012 года.
Фота: Piotr Drabik / Flickr, CC BY 2.0

У некаторых, як у краінах Балтыі, адзначаюць і Дзень незалежнасці, і Дзень аднаўлення незалежнасці пасля акупацыі: у Літвы адпаведна 6 ліпеня і 16 лютага, у Латвіі 18 лістапада і 4 траўня, у Эстоніі 24 лютага і 20 жніўня.

Літоўцы адзначаюць Дзень каранацыі Міндоўга (Дзень дзяржавы) і за мяжой. Рым, Італія. 7 ліпеня 2020 года.
Фота: Lithuanian Ministry of Foreign Affairs / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Некаторыя краіны святкуюць адразу некалькі этапаў атрымання незалежнасці (аўтаномію, вызваленчую вайну, фактычнае атрыманне незалежнасці і іншае). Сярод такіх Аргентына, Баўгарыя, Вугоршчына, Куба, Славенія, Паўднёвая Карэя, Чарнагорыя, Чэхія і іншыя. У Харватыі доўгі час не маглі вызначыць, які этап святкаваць, таму ў розны час мелі тры Дні незалежнасці, звязаныя з падзеямі 1990–91 гадоў, цяпер афіцыйна святкуць Дзень дзяржаўнасці (30 траўня) – гадавіну першага паседжання першага дэмакратычнага парламенту ў 1990 годзе.

Парад на Дзень вызвалення ад Японскай імперыі. Сеул, Паўднёвая Карэя. 15 жніўня 2015 года.
Фота: 문화체육관광부 / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

У Індыі тры нацыянальныя святы з розных нагодаў: Дзень рэспублікі (26 студзеня) з нагоды прыняцця Канстытуцыі 1950 года, Дзень незалежнасці (15 жніўня) з нагоды атрымання незалежнасці ад Брытаніі ў 1947 годзе і – не менш важнае свята – дзень народзінаў лідара руху за незалежнасць Махатмы Гандзі (2 кастрычніка).

Парад на Дзень Рэспублікі ў Індыі. Нью-Дэлі, Індыя. 26 студзеня 2004 года.
Фота: Antônio Milena / Wikimedia, CC BY 3.0 BR

У Партугаліі ж на дзяржаўным узроўні азначаюць і Дзень волі (25 красавіка) у памяць аб Рэвалюцыі гваздзік 1974 года, і Дзень аднаўлення незалежнасці (1 снежня) у гонар паўстання, якое прынесла незалежнасць ад Іспаніі і дынастыі Габсбургаў у сярэдзіне XVII стагоддзя, і Дзень Партугаліі (10 чэрвеня) – у дзень смерці любімага паэта партугальцаў Луіса дэ Камоэнса.

Дзень штурму турмы, дзень «не» і дзень любімага святога

Нямеччына не святкуе ні Дзень незалежнасці, ні Дзень Канстытуцыі. Галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства (3 кастрычніка) у гонар уз’яднання Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны ў 1990 годзе. Але як нацыянальнае свята многія немцы адзначаюць і Вальпургіеву ноч (на 1 траўня).

Святкаванне Нацыянальнага дня Швейцарыі. Лаўфенбург, Швейцарыя. 1 жніўня 2008 года.
Фота: Wici / Wikimedia, GFDL

А з незалежнасцю ад Нямеччыны звязанае нацыянальнае свята нямецкамоўнай Аўстрыі – Дзень абвяшчэння нейтралітэту (26 кастрычніка) пасля Другой сусветнай вайны. Швейцарыя, дзе жыве шмат нямецкамоўных, адзначае нацыянальнае свята ў дзень прыняцця Федэратыўнай хартыі 1291 году (1 жніўня), прынятай дзеля адстойвання незалежнасці ад Аўстрыі і Святой Рымскай імперыі (продка сучаснай Нямеччыны).

Парад на «Дзень не» у Грэцыі. Родас, Грэцыя. 28 кастрычніка 2011 года.
Фота: Chrischerf / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Грэцыя святкуе і Дзень незалежнасці ад Асманскай імперыі (25 сакавіка), і дзень адмовы ад ультыматуму фашысцкай Італіі (28 кастрычніка), які афіцыйна завецца «Гадавіна Не».

Феерверк на Нацыянальнае свята Францыі – Дзень узяцця Бастыліі. Парыж, Францыя. 14 ліпеня 2018 года.
Фота: Yann Caradec / Flickr, CC BY-SA 2.0

Францыя ж з размахам святкуе Дзень узяцця Бастыліі (14 ліпеня), які афіцыйна завецца Нацыянальным святам. У гэты дзень у 1789 годзе парыжане пратэставалі супраць звальнення міністра фінансаў і ўзялі штурмам крэпасць-турму Бастылію. Тая крэпасць хоць і сімвалізавала дзяржаўны гвалт, але ў ёй на той момант засталося толькі сем вязняў. Ды гэтае паўстанне лічаць пачаткам Вялікай французскай рэвалюцыі, якая затым трывала 10 гадоў.

Дзень святога Патрыка адзначаюць ужо не толькі ў Ірландыі, а часам і не толькі ірландцы. Нью-Ёрк, ЗША. 17 сакавіка 2012 года.
Фота: Courtney Collison / Flickr, CC BY-SA 2.0

Ірландыя ж зусім не адзначае Дзень незалежнасці. Магла б святкаваць Англа-ірландскую дамову 1921 года, ды тая дамова звязаная з аддзяленнем Паўночнай Ірландыі і наступнай грамадзянскай вайной. Замест гэтага ірландцы па ўсім свеце адзначаюць як нацыянальнае свята Дзень святога Патрыка, нябеснага заступніка Ірландыі. Свята, праўда, прыпадае на дзень яго смерці – 17 сакавіка.

Дзень, калі няшмат турыстаў, і дзень, калі князь захоча свята

Мо проста перанесці Дзень незалежнасці на зручную дату? Так зрабіў Кіпр: незалежнасць ад Брытаніі атрымалі 15 жніўня 1960 года, а свята ладзяць 1 кастрычніка, каб пазбегнуць спёкі і натоўпаў турыстаў у час святкаванняў.

Нацыянальны дзень Ліхтэнштэйна. Вадуц, Ліхтэнштэйн. 15 жніўня 2006 года.
Фота: Hellebardius / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

А ў Ліхтэнштэйне ў 1940 годзе вырашылі: раз 15 жніўня ўжо выходны праз Унебаўзяцце Дзевы Марыі і раз дзейны прынц нарадзіўся 16 жніўня, хай Дзень Ліхтэнштэйна святкуюць 15-га.

Князь Манака можа проста прызначыць нацыянальнае свята на той дзень, на які захоча. Звычайна гэта дзень святога, у гонар якога названы дзейны князь (цяперашні князь Альберт ІІ, праўда, пакінуў дату ад бацькі – 19 лістапада).

Калі імперыя знікне, ад каго ёй святкаваць незалежнасць?

Многія Дні незалежнасці звязаныя з атрыманнем незалежнасці ад Вялікай Брытаніі, Іспаніі Расеі і ўжо згаданай Францыі. Гэтыя краіны проста не святкуюць уласны Дзень незалежнасці.

Нацыянальнае свята Іспаніі – дзень адкрыцця Амерыкі (12 кастрычніка), які цягам XX стагоддзя трансфармаваўся (спачатку неафіцыйна, а з 1980-х і афіцыйна) у Дзень іспанскай нацыі. Таксама як нацыянальнае свята ў Іспаніі адзначаюць Дзень Канстытуцыі (6 снежня) – у памяць пра прыняцце ў 1983 годзе сучаснага асноўнага закону.

Парад на Нацыянальны дзень Іспаніі перад каралеўскай сям’ёй. Мадрыд, Іспанія. 12 кастрычніка 2016 года.
Фота: Cristina Cifuentes / Flickr, CC BY 2.0

У Брытанскім Каралеўстве не раз прапаноўвалі зрабіць які-небудзь дзень Днём брытанскай нацыі, прыдумалі два дзясяткі варыянтаў. Але пакуль як галоўнае нацыянальнае свята адзначаюць дзень народзінаў каралевы – традыцыйна ў другую суботу чэрвеня, хоць каралева Елізавета ІІ нарадзілася 21 красавіка. Падобна ў Люксембургу: дзень народзінаў князя святкуюць 23 чэрвеня, хоць ніякі люксембургскі князь у гэты дзень не нарадзіўся.

Каралева Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ падчас урачыстасцей да ейнага дня нараджэння. Лондан, Вялікая Брытанія. 17 чэрвеня 2006 года.
Фота: S Pakhrin / Flickr, CC BY 2.0

А ў розных частак Аб’яднанага каралеўства ёсць свае нацыянальныя святы. Шатландцы афіцыйна адначаюць як нацыянальнае свята Дзень святога Андрэя (30 лістапада). Паўночныя ірландцы афіцыйна святкуюць разам з астатнімі ірландцамі Дзень святога Патрыка (17 сакавіка). Валійцы неафіцыйна адзначаюць як нацыянальнае свята Дзень святога Давіда (1 сакавіка). Ангельцы ж неафіцыйна адзначаюць Дзень святога Георгія (23 красавіка) як нацыянальнае ангельскае свята.

Парад на Дзень святога Давіда. Кардыф, Уэльс. 1 сакавіка 2014 года.
Фота: Gareth James / geograph.org.uk, CC BY-SA 2.0

Аўстралія і Канада, якія фармальна падпарадкоўваюцца брытанскай каралеве, адзначаюць нацыянальныя святы адпаведна ў гонар заснавання першага паселішча каланістаў (26 студзеня) і ўтварэння федэрацыі калоніяў (1 ліпеня).

Феерверк на Дзень Канады. Эдмантан, Канада. 1 ліпеня 2017 года.
Фота: IQRemix / Flickr, CC BY-SA 2.0

У Расеі адзначаюць прыняцце Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР (12 чэрвеня). Аднак там святкуюць не «незалежнасць ад СССР», а абстрактны Дзень Расеі, у які не асабліва згадваюць падзеі распаду СССР.

Парад на Дзень Расеі. Краснаярск, Расея. 12 чэрвеня 2015 года.
Фота: Marco Fieber / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Галоўнае савецкае свята ў Расеі «дэсаветызавалі»: з 2005 года замест Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 лістапада) святкуюць Дзень народнага адзінства (4 лістапада), прымеркаваны да падзеяў паўстання 1612 году пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага. Гэтае паўстанне завершыла акупацыю Масквы войскамі Рэчы Паспалітай і стала адным з апошніх эпізодаў таго, што ў Расеі называюць «Смутнымі часамі». У Беларусі тым часам усё яшчэ святкуюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (акрамя Беларусі так робяць толькі ў самаабвешчанай «Прыднястроўскай рэспубліцы»).

АА belsat.eu

Стужка навінаў