Вызваленыя дзяячкі СПБ: «Мы не ведалі, куды едзем»


Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая і Ганна Панішава.
Фота: belsat.eu

За дапамогу ў вызваленні з-пад варты ў Беларусі трое прадстаўніц польскай меншасці – Ганна Панішава, Марыя Цішкоўская і Ірэна Бярнацкая – падзякавалі польскаму ўраду.

– Да прыезду ў Польшчу мы не ведалі, куды едзем. Мы не падпісвалі на мяжы ніякіх дакументаў, – распавяла Ірэна Бярнацкая, кіраўніца Саюзу палякаў у Лідзе.

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве яна паведаміла, што, калі яна была арыштаваная, у турму прыязджаў польскі консул і пытаўся ў затрыманых жанчын, ці гатовыя яны прыехаць у Польшчу.

– Нам, вядома, не хацелася з’язджаць, але як выйшла так выйшла. Мы ўжо тут, не бачылі ніякіх дакументаў, не падпісвалі на мяжы, што хочам зʼехаць, – распавяла яна.

Ірэна Бярнацкая дадала, што ў дзень вызвалення ім далі падпісаць дакумент аб змене ўтрымання пад вартай, аднак яны не ведалі месца прызначэння.

– «Куды вы нас везяце? – Пані ўбачыць». І прывезлі нас на мяжу. Мяне прывезлі нават без пашпарта, і вось мы тут, – сказала яна.

Яна дадала, што «ўдзячная польскаму боку», падзякавала прэзідэнту і Міністэрству замежных спраў.

Артыкулы
Трох фігурантак «справы Саюзу палякаў» прымусова вывезлі з Беларусі
2021.06.02 13:23

– Я хацела перадаць падзяку польскай дзяржаве, якая выратавала мяне з турмы, – сказала Ганна Панішава, кіраўніца Форуму польскіх мясцовых ініцыятыў у Берасці.

Панішава, якая перасоўваецца на мыліцах, распавяла, што выхад з турмы выратаваў яе здароўе, бо яна была збітая падчас арышту і цягам двух месяцаў ніхто не аказваў ёй медычнай дапамогі. Знаходзячыся ў турме, яна таксама падвяргалася шматлікім псіхалагічным катаванням.

– Вялікі дзякуй спадару прэзідэнту Анджэю Дудзе, бо дзякуючы яго ўдзелу і ўдзелу консульска-дыпламатычных службаў мы ўтрох маглі апынуцца тут, – сказала Ганна Панішава.

Яна адзначыла, што не можа шмат распавесці пра абставіны вызвалення, бо ў Беларусі па-ранейшаму вядзецца крымінальная справа. Не хаваючы хвалявання, сказала, што яе абвінавацілі ў праслаўленні нацызму, што было для яе «жорсткім абвінавачваннем», бо яе сямʼя таксама пацярпела ў той перыяд. Панішава прызналася, што яе абвінавачвалі пракуроры з Берасця, якія таксама належаць да польскай меншасці.

 

Hавiны
Навошта ўлады Беларусі атакуюць Саюз палякаў у Беларусі
2021.03.26 17:08

Старшыня аддзялення СПБ у Ваўкавыску Марыя Цішкоўская патлумачыла, што бесчалавечныя ўмовы ў турме можна вытрымаць, бо чалавек верыць у Бога.

– Мы сапраўды адчувалі, што польскі бок не пакіне нас адных, – сказала яна.

Яна падкрэсліла, што правяла два месяцы ў беларускай турме паводле недарэчнага абвінавачвання, у якое, паводле яе, не верылі нават супрацоўнікі вязніцы.

– Нянавісць паміж народамі, паміж рэлігіямі – гэта было абсурдна, – заявіла яна.

Цішкоўская дадала, што яна і іншыя вызваленыя актывісткі польскай меншасці ў Беларусі сумуюць па доме. Яна таксама выказала надзею, што справа хутка праясніцца і яны змогуць вярнуцца ў родны дом, хоць, як яна адзначыла, у Польшчы яны таксама адчуваюць сябе як удома.

– Вельмі шкада, што да палякаў у Беларусі так ставяцца. Мы нарадзіліся палякамі на гэтай зямлі, вучылі дзяцей польскай мове, памяталі аб месцах нацыянальнай памяці, аб жаўнерах, якія загінулі на ўсходзе. Нічога дрэннага мы не рабілі, – сказала Цішкоўская.

cez/МГ belsat.eu

Стужка навінаў