Пачаўся суд над жыхаром Рэчыцы, які прапанаваў сябрам паехаць у Гомель на пратэсты


У судзе Цэнтральнага раёну Гомля пачалі судзіць 29-гадовага жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава. Яго вінавацяць паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Суд над 29-гадовым жыхаром Рэчыцы Максімам Ялканавым у Гомлі.
Фота: Белсат

Паводле версіі следства, Максім патэлефанаваў сваім сябрам 10 жніўня, і яны – 9 чалавек – паехалі ў Гомель. Менавіта ў гэтым і вінавацяць хлопца.

У зале суда Максіма Ялканава трымаюць у кайданках.

Пракурор зачытаў абвінавачанне: «10 жніўня ўвечары Ялканаў, ведаючы пра незаконныя мерапрыемствы без дазволу на іх правядзенне, здзейсніў злачынства супраць грамадскага парадку. У Рэчыцы заклікаў знаёмых праз тэлефон і асабіста схіліў да ўдзелу, зарганізаваў групу людзей (агулам 9 чалавек), зарганізаваў паездку некалькіх чалавек сваёй машынай у Гомель, каб узяць удзел у групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Прыблізна а 23:00 быў затрыманы міліцыяй».

Суд над 29-гадовым жыхаром Рэчыцы Максімам Ялканавым у Гомлі.
Фота: Белсат

На судзе Ялканаў цалкам прызнаў сваю віну. Сярод доказаў – паказанні абвінавачванага і сведкаў, а таксама інфармацыя ад аператараў сотавай сувязі.

Справу разглядае суддзя Сяргей Салоўскі. Дзяржаўны абвінаваўца – работніца пракуратуры Курбацкая. З 9 сакавіка Максім Ялканаў быў пад вартаю.

belsat.eu

Стужка навінаў