Неймаверная Жабінка, на якую абрынулася машына рэпрэсіяў. «Гэта помста за тое, што горад не здаецца з 9 жніўня»


Жабінка – горад-спадарожнік Берасця, 13 тысячаў чалавек. Мала хто чакаў, што жыхары гэтай спакойнай мясцовасці падтрымаюць пратэст. А яны не скарыліся да сёння. Апошнімі тыднямі ў Жабінцы разгарнулася сапраўдная спецаперацыя, з арыштамі і ператрусамі. Тут выкінулі Лукашэнку на сметніцу, дакладней, ягоны партрэт. Паводле мясцовых, прыехалі спачатку менскія, а потым берасцейскія сілавікі. «Сёння Жабінка нагадвае акупаваны горад», – кажуць суразмоўцы. Яны пагаджаюцца размаўляць з журналістамі толькі ананімна.

Акцыя ў Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Такіх рэпрэсіяў горад не бачыў

– Сітуацыя ў Жабінцы вельмі напружаная, ужо два тыдні мы жывём на асадным становішчы. Можна казаць мінімум пра 50 затрыманняў, ператрусы. Людзі баяцца пра гэта казаць, але рэпрэсіі, якіх не бачыў наш горад, не спыняюцца. Гэта помста нам за ўсе гэтыя месяцы, – распавядае жыхарка Жабінкі.

Іншая суразмоўца, якая ўсе жыццё тут пражыла, таксама кажа, што ніколі такога не бачыла:

– Сёння Жабінка нагадвае акупаваны горад: раніцаю выходжу на гаўбец, і першае, што бачу, – гэта міліцэйская машына. Калі прайсці па горадзе, за паўгадзіны мінімум тры разы можна ўбачыць іхныя машыны. Яны дэманстратыўна ганяюць, каб нас запалохаць, каб мы здаліся.

Надпіс у Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Жанчына ўспрымае апошнія падзеі як помсту за тое, што ў горадзе адбывалася са жніўня да траўня. Паводле яе, 9 жніўня ўсе думалі, што асноўныя падзеі будуць у Берасці, ніхто не чакаў, што ў Жабінцы шмат людзей уначы будзе стаяць каля райвыканкаму і патрабаваць паказаць вынікі выбараў. Выклікалі сілавікоў, і пад іхнай аховаю чальцоў выбарчай камісіі вывезлі. Людзі разышліся, але толькі для таго, каб на наступны дзень выйсці ў яшчэ большай колькасці.

Калона ў Жабінцы. 27 верасня
Фота: чытачы «Белсату»

– Нават тыя, хто раней не выказваў ніякай палітычнай пазіцыі, выйшлі да плошчы. І тады ў Жабінцы пачаўся сапраўдны трэш. Пасля мірных перамоваў людзей пусцілі на плошчу, але гэта была пастка: людзей на плошчы ўзялі ў кола, пачалі ўжываць дручкі, святлошумавыя гранаты, аднаго хлопца ранілі ў грудзі, – распавядае жанчына.

Улады давалі справаздачу

Але людзі толькі абурыліся і, не зважаючы на рэпрэсіі, не здаліся. Паводле расповедаў, што цяпер падаюцца неверагоднымі, праз колькі дзён мясцовая міліцыя ўжо дарыла жанчынам кветкі ды прасіла прабачэння, але «людзі не прабачылі і прыходзілі да дому кіраўніка міліцыі, патрабавалі, каб ён выходзіў. Той быў вымушаны хавацца, а пасля – мяняць працу».

Мясцовыя распавядаюць і больш шчымлівыя дэталі пра далейшы лёс былога начальніка мясцовай міліцыі, які цяпер працуе кіраўніком Хмелеўскага сельскага выканаўчага камітэту. Нібыта ўжо пры новай пасадзе былы галоўны жабінкаўскі міліцыянт «прыйшоў у лазню, і людзі побач з ім мыцца не сталі, той усё зразумеў і сышоў сам».

– Ён вырашаў, што калі ён больш не міліцыянт, дык старонка перагорнутая, але не, людзі ўсё памятаюць, – распавёў «Белсату» адзін з мясцовых жыхароў.

Так выглядалі некаторыя двары Жабінкі ў жніўні 2020 года.
Фота: «Белсат»

Расказваюць тут і іншыя гісторыі, у якія таксама цяпер не верыцца.

– У жніўні працаўнікі цукровага заводу заклікалі мясцовыя ўлады да адказу. Прайшлі праз увесь горад, прыйшлі да мясцовай адміністрацыі, і тыя давалі справаздачу перад людзьмі. Мо такога не было нідзе ў краіне. Тады людзі сабралі 800 подпісаў і патрабавалі адстаўкі мясцовых уладаў, – кажа суразмоўца.

Вось той слабіны, на думку мясцовых, улады і міліцыя не даравалі людзям, і з верасня пачаліся рэпрэсіі, якія набралі моц у траўні.

Акцыя ў Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Прыбралі лаўкі, каб людзі не маглі збірацца

Жыхары Жабінкі відавочна ганарацца сабою.

– Актыўны горад, шмат актыўных людзей, якія ў розных формах, даступных сёння, выказваюць пратэст. Ясна, што нехта з’ехаў, нехта прытаіўся. Але людзі не прабачылі ўсяго, што зрабілі ўлады: ад рэпрэсіяў да забойства нашага земляка Генадзя Шутава, – адзначае мясцовая жыхарка.

Сябры Генадзя Шутава каля Жабінкаўскага райвыканкаму ў дзень пахавання.
Фота: Белсат

Забойства Генадзя Шутава ў мірны час з табельнай зброі «абаронцы айчыны» зрабілася яшчэ адным крыжыкам на ўладзе для жыхароў Жабінкі.

На новую вышыню рэпрэсіі ўзняліся пасля дзёрзкай акцыі ў сярэдзіне траўня: тады на адным са сметнікаў Жабінкі з’явіліся партрэты Лукашэнкі, некаторыя з іх былі запэцканыя фекаліямі.

Мясцовая жыхарка адзначае, што цяпер горад не падобны да сябе, ён затаіўся, каб перачакаць гэты змрочны час:

– Цяпер у Жабінцы пануе атмасфера страху: людзі прыгнечаныя, запалоханыя, стараюцца не высоўвацца. Гэта агульны фон абывацельскі, але ёсць людзі, якія шмат праз што прайшлі: рэпрэсіі, збіванні, ператрусы, ІЧУ… Яны пойдуць да канца, іх немагчыма спыніць, хіба можна забіць, як Шутава. Гэта невялікая частка, але яна ёсць, і яны сябе яшчэ пакажуць.

Акцыя ў Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Пры гэтым улады робяць усё, каб людзі не маглі збірацца і яднацца.

– Раней на галоўнай плошчы тусавалася моладзь, людзі адпачывалі, расслабляліся, святы ладзіліся. Цяпер яна пустая, адтуль прыбралі лаўкі, каб людзі не маглі там збірацца, хоць і самі людзі не хочуць ісці на плошчу: для большасці гэта месца тэрору. Заўважу, што па ўсім горадзе прыбралі тумбы для абвестак, бо там была інфармацыя, якая моцна не падабалася ўладам, – адзначае мясцовая жыхарка.

Жабінка.
Фота: чытачы «Белсату»

Афіцыйная версія

2 траўня берасцейская міліцыя патлумачыла масавыя аблавы ў горадзе. Паводле МУС, у Жабінцы за «дэструктыўную дзейнасць» затрымалі 12 асобаў. Аператыўнікі Берасцейскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіКу выкрылі групу пратэстоўцаў векам ад 17 да 46 гадоў.

Чацвёра з іх сталі падазраванымі ў крымінальнай справе за публічную абразу прэзідэнта і здзек са сцяга. На астатніх склалі пратаколы за ўдзел у пратэстах, распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі і непадпарадкаванне міліцыі. Усе затрыманыя – жыхары гораду і раёну, некаторыя нібыта рэпрэзентуюць каляфутбольны фанацкі рух.

Акцыя ў Жабінцы.
Фота: чытачы «Белсату»

Паводле ГУБАЗіКу, гэтых асобаў правяраюць на дачыненне да вандалізму і хуліганства ў Жабінкаўскім раёне: псаванні фасадаў будынкаў і збудаванняў, камераў відэаназірання і падпалу гандлёвых павільёнаў. Падчас ператрусаў у затрыманых выявілі незарэгістраваную і заўзятарскую атрыбутыку, пнеўматычную вінтоўку, два газавыя пісталеты, электрашокер, стужку з цвікоў і дроту, квадракоптар, а таксама, што цікава, уніформу МНС і МУС.

Дарэчы, у Жабінцы няма футбольнага клубу.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў