ГУБАЗіК папярэджвае аб пакаранні за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Адвакаты кажуць, што гэта немагчыма


У сваім тэлеграм-канале ГУБАЗіК апублікаваў спіс з 40 «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і заявіў, што нават за падпіску на іх могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак адвакаты настойваюць аб незаконнасці такіх дзеянняў.

У паведамленні ведамства напісана: «Захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна падпіска на тэлеграм-каналы і чаты, прызнаныя экстрэмісцкімі, цягне адміністрацыйную адказнасць».

Скрыншот: gubopRB / Telegram

Адвакат Антон Гашынскі распавёў «Нашай Ніве» што гаворка ідзе пра артыкул аб дзеяннях у дачыненні да прадукцыі з спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

«Правапарушэннем лічыцца распаўсюд такой прадукцыі, а таксама яе выраб, захоўванне і перавозка з мэтай яе распаўсюду. Адпаведна, за падпіску на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы можна пакараць толькі калі будзе даказана, што асоба перадала іншаму прадукцыю, якую публікуюць гэтыя каналы, альбо мела намер яе каму-небудзь перадаць», – кажа Гашынскі.

Адвакатка Марына Юдзенка адзначыла: важна наяўнасць мэты распаўсюджвання забароненай інфармацыі.

«Супрацьпраўным з’яўляецца менавіта захоўванне з мэтай распаўсюджвання.

Пад распаўсюджваннем варта разумець перасылку, рэпост, іншыя спосабы давядзення да ведама хаця бы адной асобы незалежна ад спосабу. Наяўнасць названай мэты абавязкова для таго, каб канстатаваць наяўнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння», – удакладніла Юдзенка.

Адвакат Андрэй Мачалаў выказаўся коратка: «Гэта немагчыма па законе. Глядзіце 19.11 КаАП. Падпіска – гэта яшчэ не значыць распаўсюд».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў