Супраць лідара зліквідаванай партыі «Зялёныя» завялі крымінальную справу


На старшыню зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука завялі крымінальную справу паводле «народнага» артыкулу, паведамляе «Парламенцкі канал». Палітыка затрымалі ў сярэдзіне лютага, калі ён прыйшоў да расейскай амбасады ў Менску ўшанаваць памяць апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Адпрацаваная схема. Кідаюць на Акрэсціна паводле адміністратыўнай справы і ліхаманкава шукаюць мінімальныя, фармальныя падставы для завядзення крымінальнай справы», – пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Старшыню зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука затрымалі ў Менску 16 лютага каля расейскай амбасады, калі ён прыйшоў з кветкамі ўшанаваць памяць апазіцыянера Аляксея Навальнага, памерлага ў калоніі.

Кучука арыштавалі на 30 содняў, але на волю ён так і не выйшаў. «Парламенцкі канал» піша, што супраць палітыка завялі крымінальную справу паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

У лістападзе летась Кучук абвесціў пра планы вылучыць кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў, аднак ягоную ініцыятыўную групу рэгістраваць адмовіліся.

«Зміцер нерваваў сілавікоў. Ён не з’ехаў. Ён не зачыніўся ў каморы. Спрабаваў зарэгістравацца падчас кампаніі «бязвыбары», рабіў намаганні распачаць кампанію збору подпісаў за вызваленне палітвязняў. У яго было адчуванне вінаватасці перад тымі, хто за кратамі», – адзначыў Лябедзька.

Партыю «Зялёныя» Вярхоўны Суд ліквідаваў у ліпені летась падчас кампаніі разгрому палітычных аб’яднанняў. У краіне засталіся чатыры зарэгістраваныя партыі: «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

Інтэрв’ю
«Не трэба ізаляваць сябе». Псіхолаг пра тое, як зберагчы свядомасць ва ўмовах рэпрэсіяў
2024.02.28 06:33

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў