Махляр пад выглядам «супрацоўніка» КДБ выманіў у пенсіянера буйную суму грошай


Махляр прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прыгразіў пенсіянеру крымінальнай справай за нібыта пераводы грошай па фінансаванні «ваенных дзеянняў за мяжой». Каб пазбегнуць адказнасці, па інструкцыі «кадэбіста» пенсіянер прайшоў «працэдуру дэкларавання актываў» і пазбавіўся грошай. Справу разглядае Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэту, піша «Минск Новости».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: lub.msr.mosreg.ru

Здарэнне адбылося 15 лютага 2023 года: 75-гадоваму менчуку ў Viber патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ і сказаў, што з выкарыстаннем асабовых дадзеных пенсіянера ажыццяўляюцца несанкцыянаваныя пераводы грошай «па фінансаванні ваенных дзеянняў за мяжой». З гэтай нагоды, маўляў, была заведзеная крымінальная справа. Але каб пацвердзіць сваю недатычнасць да злачынства, пенсіянер мусіў даказаць легальнасць сваіх зберажэнняў. Для гэтага трэба было прайсці «працэдуру дэкларавання актываў».

Пенсіянер спачатку засумняваўся ў праўдападобнасці такіх звестак, але «кадэбіст» назваў персанальныя дадзеныя менчука, чым зняў падазрэнні ў тым, што гэта можа быць махлярствам.

«Ілжэправаахоўнік даў дакладныя інструкцыі да далейшых дзеянняў: для пачатку жыхар сталіцы ўсталяваў дадатак аддаленага доступу на мабільны тэлефон, затым адправіўся ў канкрэтнае аддзяленне банка, дзе адкрыў віртуальную карту, а пасля перавёў на яе больш за 60 тысячаў рублёў», – кажа афіцыйная прадстаўніца УСК па Менску Кацярына Гарлінская.

Менчука «кадэбіст» папярэдзіў аб крымінальнай адказнасці за разгалошванне «дзяржаўнай таямніцы».

«Апошнім этапам у пацвярджэнні сваёй невінаватасці стаў перавод сумы на «бяспечныя» рахункі, прадстаўленыя псеўдасупрацоўнікам. Мужчына залічыў на рахунак толькі 20 тысячаў рублёў, калі зноў западозрыў падман. Аферыст настойліва пераконваў яго завяршыць транзакцыю, але менчук вырашыў спыніць размову», – кажа Гарлінская.

Аднак ужо было позна. З улікам таго, што ашуканец меў выдалены доступ да фінансаў пенсіянера, ён ведаў, што на яго банкаўскіх рахунках знаходзіцца буйнейшая сума. Нягледзячы на тое, што менчук перавёў не ўсе грошы, аферысту было няцяжка залічыць астатнюю суму самому, выкарыстоўваючы магчымасці спецыялізаванага дадатку.

Па дадзеным факце следчымі ўзбуджана крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 209 («Махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асобы, якая здзейсніла гэтае злачынства.

Нагадаем, што апошнім часам у Беларусі павялічылася колькасць выпадкаў, калі махляры праз SMS-паведамленні спрабуюць выведаць у беларусаў пашпартныя дадзеныя. Паводле Міністэрства па падатках і зборах, махляры высылаюць беларусам SMS або паведамленні ў мэсэнджарах пад выглядам супрацоўнікаў падатковых інспекцыяў або іншых дзяржаўных органаў, у якіх просяць выслаць пашпартныя або іншыя персанальныя дадзеныя для ўдакладнення.

Hавiны
У Гомлі махляры прыгразілі пенсіянерцы ператрусам, і яна аддала ім усе свае ашчаджэнні
2024.02.14 11:26

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў