Тлумачым, калі эмігранты пачнуць плаціць за камуналку ў Беларусі па поўнай і як гэтага пазбегчы


У Міністэрстве працы карэспандэнту «Белсату» патлумачылі, калі варта чакаць квітанцыяў для аплаты камуналкі ў поўным аб’ёме тым беларусам, хто трапіў пад дзеянне нашумелай пастановы № 166 ад 25 сакавіка 2022 года. І ці можна нешта зрабіць, каб не трапіць у спіс эмігрантаў-«дармаедаў». Спойлер: можна!

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Я працую і плачу падаткі ў Польшчы. Гэта ўжо няважна?

«Ну вы ж у Польшчы плаціце падаткі, а не ў Беларусі. Так бы мовіць, прыносіце карысць іншай дзяржаве, а не радзіме. І ў гэтым выпадку дзяржава, скажам так, не субсідуе аплаты паслугаў ЖКГ, як гэта робіць для тых, хто працуе ў краіне», – патлумачыла на інфалініі спецыялістка Міністэрства працы Беларусі.

Я выехаў – і аўтаматычна стаўся «дармаедам»?

«Не, не аўтаматычна. Так было і раней. Проста тых людзей, якія працавалі за межамі і падавалі ў камісію дакументы аб тым, што яны там працуюць ці вучацца, прызнавалі занятымі. Але часы памяняліся.

З улікам таго, што цяпер у Беларусі змяншаюцца працоўныя рэсурсы, дзяржава хоча, каб людзі працавалі на яе тэрыторыі. Таму пайшлі на такія перамены…»

Я зʼехаў з Беларусі ў 2021 годзе. Калі чакаць квітанцыю «па поўнай»?

«Калі вы выехалі да 1 сакавіка 2022 года, то ў аператыўныя спісы не трапіце. Бо ўсе праваадносіны па падвышаным налічэнні аплаты набываюць моц з 1 сакавіка.

Яны найперш датычаць тых людзей, якія з 1 сакавіка засталіся без працы ў Беларусі, яе тут не шукаюць і выехалі за межы краіны. Мусяць супасці гэтыя тры ўмовы. Спісы такіх грамадзянаў будуць цяпер абнаўляцца штомесяц – пры ўдзеле памежных і падатковых службаў.

Раней базы не занятых у эканоміцы абнаўляліся адзін раз на квартал. Таму, калі вы выехалі з краіны да 1 сакавіка 2022 года і яшчэ не фігуруеце ў такіх спісах, хутчэй за ўсё, трапіце туды 1 чэрвеня. І з гэтай даты вам будуць выстаўляць рахункі ўжо па поўным тарыфе – за гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і газ. Улетку ацяпленнем мы не карыстаемся, дык вялікай розніцы не адчуеце.

Ці вялікая будзе розніца паміж ільготным і «дармаедскім» рахункамі?

«Усё залежыць ад таго, які памер мае вашае жыллё і колькі там людзей прапісана. Тут я вам нічога канкрэтнага не скажу».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: ТК / Белсат

Што я магу зрабіць, каб не трапіць у спісы і не плаціць у поўным абʼёме?

«Як варыянт – вярнуцца і шукаць працу на радзіме…

Калі не можаце гэтага зрабіць, чытайце пастанову № 239 ад 31 сакавіка 2018 года. Там пералічаныя катэгорыі грамадзянаў, якія адносяцца да занятых у эканоміцы. У пераліку, напрыклад, тыя, хто працуе па цывільна-прававых дамовах, хто зарэгістраваны рамеснікам, самазанятым, індывідуальным прадпрымальнікам і г. д.

Яны лічацца занятымі і не трапляюць у базу не занятых у эканоміцы, пры аплаце збору, нават калі знаходзяцца за межамі краіны».

Калі я здам кватэру ў арэнду і буду плаціць з гэтага падатак – я «заняты»?

«Так. У гэтым выпадку ў базу не трапіце.

Яшчэ варыянт, калі, напрыклад, вашая маці, якая працуе ці знаходзіцца на пенсіі, стане ўласніцай вашага жылля: скажам, вы падорыце ёй кватэру на нейкі час. То бок калі вы перастанеце быць на нейкі час уласнікам жылля».

А калі я буду плаціць унёскі ў Фонд сацабароны?

«Так, вы можаце, працуючы за мяжой, падумаць пра сваю будучыню ў Беларусі. Умоўна кажучы, калі вы туды не назаўжды зʼехалі і ўсё-такі думаеце сюды вярнуцца, то можаце дабравольна і самастойна аплачваць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

У такім выпадку, з улікам вашай зацікаўленасці ў сваёй будучыні і ўдзеле ў фармаванні ФСАН, вы будзеце лічыцца «ўмоўна занятым» і не трапіце ў спіс не занятых у эканоміцы грамадзянаў. Гэта 29 % ад заяўленага прыбытку, не меншага за мінімальны заробак («Мінімалка» ў Беларусі цяпер складае 457 рублёў. – Заўв. ЗК)».

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

Ад дэкрэту № 3 – да пастановы № 166

25 сакавіка Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 166, якая карэктуе правілы персанальнага ўліку ў Фондзе сацыяльнай абароны і аплату камунальных паслугаў. Згодна з унесенымі зменамі (змененыя чатыры ранейшыя пастановы), пашыраецца кола асобаў, якія будуць аплачваць паслугі ЖКГ з поўным пакрыццём затрат на іх аказанне. У гэтую катэгорыю трапілі, па сутнасці, усе ўласнікі жылля, якія выехалі з Беларусі на тэрмін больш за 30 дзён.

  • Паводле пастановы, у спісы дармаедаў, якія будуць плаціць за камуналку па поўнай, трапяць не ўсе эмігранты. Выключэнне зрабілі для тых, хто зʼехаў працаваць у краіны ЕАЭС (Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Расея).
  • Не датычаць новыя правілы аплаты камунальных паслугаў тых, хто зʼехаў за мяжу на тэрмін, меншы за 30 дзён. Не датычаць і тых, хто выязджае за мяжу на тэрмін, большы за 10 дзён, на лячэнне.
  • Каб спраўдзіць, ці ўключылі вас у дармаедскую базу, трэба звярнуцца ў камісію «для працы з працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы» па месцы жыхарства (пазваніць ці запытацца ў электронным ці звычайным лісце). Спраўдзіць можна і на адзіным партале электронных паслугаў, але мусіш быць там зарэгістраваным (логін і пароль даюць у выканкамах – у службе «адно акно»).

Сумна вядомы дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як «Дэкрэт аб дармаедстве», быў падпісаны Лукашэнкам роўна 7 гадоў таму – 2 красавіка 2015 года. У студзені 2017-га быў прыняты дэкрэт № 1, які ўнёс змены ў «дармаедскі» дэкрэт (удакладняўся спіс тых, хто не павінен плаціць «падатак за няўдзел у фінансаванні дзяржрасходаў»).

У лютым 2017 года па Беларусі пракаціліся «антыдармаедскія» акцыі пратэсту. 25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 «Аб спрыянні занятасці насельніцтва» (адмяніў так званы «падатак на дармаедства»). Аднак з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, мусілі аплачваць камунальныя паслугі ў поўным абʼёме. Цяпер да іх залічылі і беларускіх эмігрантаў. Гульні з «дармаедскім» заканадаўствам працягваюцца.

Hавiны
Санкцыі, банкі і правяранні. Што новага чакаць беларусам у красавіку
2022.04.01 12:26

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў