Лукашэнка рыхтуецца да гандлю закладнікамі. Ці магчымая поўная ізаляцыя Беларусі?


Лідары Саюзу палякаў у Беларусі і незалежных польскіх арганізацыяў другі тыдзень застаюцца за кратамі, ім выстаўленыя крымінальныя абвінавачванні. Амбасадары ўзаемна адкліканыя, а прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікае ЗША разгледзець гэтую праблему на найбліжэйшай Радзе Бяспекі ААН. Ці распачаў Лукашэнка неабвешчаную вайну з заходнім суседам і ці рыхтуецца да гандлю палітычнымі вязнямі? Як адкажа на гэта Захад? Ці магчымае эмбарга на закуп беларускіх нафтапрадуктаў, а нават поўная эканамічная і палітычная блакада?

Анджэліка Борыс, Анджэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ірэна Бярнацкая, Ганна Панішава, прадстаўнікі Саюзу Палякаў у Беларусі і польскіх незалежных арганізацыяў, прызнаныя палітычнымі вязнямі і застаюцца за кратамі. Нават пасля таго, як прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда накіраваў адмысловы ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну. На Лукашэнку такі крок не падзейнічаў.

Каментуе Агнешка Легуцка, экспертка Польскага інстытуту міжнародных справаў, Варшава:

«Мне здаецца, што не толькі ліст прэзідэнта, але і ліст палоніі – вельмі цікавая з’ява. І бачна, што з Канады, з ЗША ідуць лісты салідарнасці. Безумоўна, можам казаць, што Лукашэнка не будзе нічога рабіць на такі грамадскі ціск, пагатоў ён за межамі Беларусі, але з іншага боку, судзячы з таго, што казаў і кажа Джо Байдэн і ягоная каманда, пытанне дэмакратызацыі Беларусі існуе, хаця на гэты момант амерыканская дыпламатыя займаецца больш важнымі справамі».

У сваю чаргу Дзяржаўны дэпартамент ЗША пасля звароту Анджэя Дуды не толькі зрабіў заяву, дзе скрытыкаваў рэпрэсіі супраць польскай нацыянальнай меншасці.

Вашынгтон таксама анансаваў увядзенне санкцыяў супраць дзевяці беларускіх прамысловых гігантаў. Абмежаванні пачнуць дзеяць 27 красавіка, калі палітычных вязняў не вызваляць.

Міхал Патоцкі, журналіст выдання «Dziennik Gazeta Prawna», Варшава:

«Я думаю, што ў Вашынгтоне, як і ў еўрапейскіх сталіцах, ведаюць, што праблема Саюзу палякаў у Беларусі – гэта частка праблемы, звязаная з беларускаю палітыкаю наагул».

Але ці мае Польшча нейкія ўласныя рэальныя інструменты ўплыву на рэжым Лукашэнкі? Бо гэта далёка не першы раз лідары польскай меншасці апынуліся за кратамі, і не сакрэт, што ў краіне фактычна зліквідаваныя польскія школы ды абмяжоўваецца актыўнасць польскай меншасці.

Агнешка Легуцка, экспертка Польскага інстытуту міжнародных справаў, Варшава:

«З аднаго боку, гэта двухбаковая стратэгія: палітычны ціск на ўлады Беларусі і адначасова, мне падаецца, гэта ціск Еўразвязу, які прынясе больш плёну. Да гэтага часу санкцыі, якія ўводзіліся супраць рэжыму, не былі паспяховымі, бо не былі моцнымі, былі скіраваныя супраць персаналіяў, не былі сектарныя. Калі ўлады Беларусі будуць весці палітыку шантажу і рэпрэсіяў супраць польскай меншасці, якая ёсць і меншасцю Еўразвязу, то пытанне сектаральных санкцыяў, у першую чаргу, супраць нафтаперапрацоўчай галіны, могуць з’явіцца на павестцы палітыкі Еўразвязу».

Сапраўды, эмбарга на беларускія нафтапрадукты, якія ўсцяж ахвотна набываюць чальцы Еўразвязу, істотна ўдарылі б па бюджэце Лукашэнкі. Мэта – прымусіць да дыялогу з грамадствам, да перамоваў. Гучаць і больш радыкальныя прапановы. Палітолаг, дзеяч антыкамуністычнага руху ў Польскай Народнай Рэспубліцы Ежы Таргальскі ў эфіры радыё «Wnet» заявіў, што рэальным крокам з боку Польшчы была б татальная ізаляцыя Беларусі суседзямі.

Ежы Таргальскі:

«Рэакцыя польскіх уладаў мусіць быць простай. У паразуменні з Літвой эканамічна заблакаваць Беларусь. Адклікаць нашых дыпламатаў, выкінуць усіх беларускіх дыпламатаў. Давесці да поўнай ізаляцыі Беларусь – як гаспадарчай, так і палітычнай. Але баюся, што ўсё скончыцца на бутафорскіх і сімвалічных дзеяннях».

ВІДЭА
Лукашэнка агучыў новы хітры план захавання ўлады. Што ён азначае?
2021.04.02 14:51

Такі сцэнар малаверагодны, але, на вялікае, у Польшчы мала козыраў: эканамічна Беларусь ад Польшчы, як ад Расеі, не залежыць.

Міхал Патоцкі, журналіст «Dziennik Gazeta Prawna», Варшава:

«Польскіх дзяржаўных інвестыцыяў у Беларусі практычна няма. Ёсць прыватныя інвестыцыі. Але калі была спроба палепшыць адносіны паміж Польшчай і Беларуссю ў 2017–2018 гадах, шмат казалася пра тое, каб інтэнсіфікаваць польскія інвестыцыі ў Беларусі, што польскія інвестары могуць увайсці ў беларускія дзяржаўныя кампаніі. Дапамагчы ім з мадэрнізацыяй. Але з гэтага нічога не выйшла. Праблема польскай вонкавай палітыкі – у тым, што мы не маем ніякага ўплыву на ўлады Беларусі і не маем ніякіх добрых кантактаў у наменклатуры. Калі мы спрабавалі будаваць нармальныя стасункі з Беларуссю 4–5 гадоў таму, можна было разлічваць, што нешта ўдасца. Але гэта быў непадрыхтаваны праект».

Пакуль жа прадстаўнікі Саюзу палякаў застаюцца за кратамі, але спадзяюцца на дапамогу звонку.

Ірэна Валюсь, віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі, Горадня:

«Мы спадзяёмся, што дзякуючы пратэстам людзей добрай волі ўва ўсім свеце, перш за ўсё, нашых суседзяў, гэта, канечне, Польшча, а таксама Літва, Украіна, нашыя сябры будуць на свабодзе».

Але колькі гэтая свабода будзе каштаваць? Для Лукашэнкі палітычныя вязні традыцыйна ёсць інструментам дыялогу з Захадам.

Міхал Патоцкі, журналіст выдання «Dziennik Gazeta Prawna», Варшава:

«Думаю, што Лукашэнка ўжо рыхтуе гандаль палітычнымі вязнямі. Для мяне гэта ўжо відавочна, мне падаецца, што спачатку ён спрабуе зачысціць польскія школы і незалежныя арганізацыі. А потым перайсці да гандлю, як гэта было заўсёды. Чым больш у Беларусі будзе праблемаў у эканоміцы, тым хутчэй ён пяройдзе да гэтага гандлю. Але спачатку яму трэба набраць як мага больш кандыдатаў на палітычных вязняў. Якраз беларускія грамадзяне польскага паходжання, з гледзішча Лукашэнкі, добра пасуюць да гэтага плану. Гэта нават бачна з польскім медыяў: людзей цікавіць тое, што адбываецца з палякамі ў Беларусі».

Пытанне пераследу польскай меншасці ў Беларусі было галоўным на адмысловай канферэнцыі ў польскім Сенаце з удзелам палітыкаў і экспертаў з еўрапейскіх структураў і ЗША, а таксама прадстаўнікоў штабу Святланы Ціханоўскай і Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Польскія сенатары падкрэслілі, што пытанне рэпрэсій лідараў палоніі мусіць гучаць на міжнародным узроўні, але пра тактыку ўплыву на Беларусь прагучалі розныя меркаванні. У дыскусіі брала ўдзел беларуская экспертка.

Вераніка Лапуцька, аналітык «EAST Center» і Нямецкага фонду Маршала:

«Пытанне, у якім думкі раздзяліліся, – ці павінны еўрапейскія краіны накіроўваць сваіх амбасадараў у Беларусь і, адпаведна, прымаць даверчыя лісты. Але некаторыя ўдзельнікі канферэнцыі, як былы амбасадар ЗША ў Польшчы, казалі, што гэта можа быць не вельмі прадуманым механізмам».

Пытаннем нумар адзін застаюцца перамовы з рэжымам Лукашэнкі на такіх міжнародных пляцоўках, як АБСЕ ці ААН, пра што ішлося падчас тэлефоннай размовы паміж Эманюэлем Макронам, Ангелай Мэркель і Уладзімірам Пуціным. І пакуль Лукашэнка цешыцца з таго, што ачысціў вуліцы ад пратэстоўцаў, і паказвае, што ў перамовах не зацікаўлены, масавае галасаванне беларусаў на платформе «Голас» выразна прадэманстравала, што беларусы патрабуюць ад улады перамоваў.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» 01.04.2021

 

Стужка навінаў