Супрацоўнік АМАПу не памятае, за што затрымваў Арановіча: у Горадні працягваецца суд у «справе Ціханоўскага»


У судзе Ленінскага раёну Горадні працягваюць разглядаць крымінальную справу палітвязня Аляксандра Арановіча, чальца каманды Сяргея Ціханоўскага. Яго пачалі судзіць 26 лютага за ўдзел у рыхтаванні да масавых закалотаў і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гаворка ідзе пра падзеі 29 траўня 2020 года, калі ў Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў.

Нагодаю распачаць справу аб рыхтаванні да ўдзелу ў масавых закалотах стала старая дымавая шашка, якую Арановіч нібыта захоўваў на гарышчы дому ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Цікава, што шашку знайшлі толькі ў снежні, падчас трэцяга ператрусу. Аляксандр Арановіч віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні, як і падчас следства.

Палітвязня трымаюць за кратамі ўжо восем месяцаў. Справу разглядае суддзя Алена Пятрова.

Аляксандр Арановіч ў Кастрычніцкім судзе Магілёва, 8 траўня 2020 года. Фота RFE/RL

Хто такі Аляксандр Арановіч

Аляксандру Арановічу 38 гадоў, ён удзельнік каманды YouTube-каналу «Страна для жизни», створанага Сяргеем Ціханоўскім, кіроўца брэндаванага аўтадому. Родам з гораду Старыя Дарогі Менскай вобласці. Да затрымання працаваў кіроўцам у індывідуальнага прадпрымальніка. Скончыў Бабруйскую вучэльню алімпійскага рэзерву, да 2015 года займаўся грузаперавозамі.

«Навошта апрануўся, як Сяргей Ціханоўскі?»

Дзяржаўнае абвінавачанне ў гэтай справе падтрымвае пракурор Дзяніс Корда. Аляксандр Арановіч у судзе адмовіўся даваць паказанні. У судзе вырашылі зачытаць паказанні палітвязня падчас папярэдняга следства. Яго неаднаразова дапытвалі ў 2020 годзе – пыталіся пра змест каналаў «Страна для жизни», сувязі з Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Паўлам Севярынцам, Віктарам Бабарыкам, Ігарам Лосікам, «Народнай грамадой». Таксама пыталіся пра падтрыманне, якое аказваў Ціханоўскі, пра дэананімізацыю супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

«Вашая камплекцыя падобная да Ціханоўскага. Навошта вы апрануліся, як ён, хто дапамагаў?», «Якая роля структураў замежных дзяржаваў?», «З кім прапрацоўвалі тэхналогіі каляровай рэвалюцыі?», «Што вядома пра 900 тысяч долараў, знойдзеных у Ціханоўскага?» – такія пытанні задавалі палітвязню падчас следства. Аднак Аляксандр адмаўляўся даваць паказанні ды не прызнаваў віны.

Арановіч у судзе. Фота Белсат

Версія абвінавачання

Справа Арановіча звязаная са справай Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігі і Яўгена Разнічэнкі, якіх затрымалі ў Горадні 29 траўня.

Згодна з версіяй дзяржаўнага абвінавачання, Аляксандр натхніўся заклікамі Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага і вырашыў далучыцца да здзяйснення злачынства: у папярэдняй змове з Ціханоўскім ды іншымі асобамі ўзяў удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак у Магілёве і Горадні, вёў дэструктыўную агітацыю.

«Дзейнічаючы праз інтэрнэт, ён заклікаў да групавых дзеянняў, якія звязаныя з непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі», – гаворыцца ў матэрыялах справы.

5 траўня 2020 года ў Магілёве Арановіч узяў удзел у мітынгу і шэсці, дзе з Сяргеем Ціханоўскім ды іншымі ўдзельнікамі «публічна дэманстраваў усёдазволенасць і грэблівае стаўленне да заканадаўства».

Таксама Арановіча абвінавачваюць у тым, што ён разам з Фурманавым, Кнігам, Разнічэнкам, Ціханоўскім 29 траўня ў Горадні пад выглядам выбарчага пікету для збору подпісаў правёў незаконнае масавае мерапрыемства без дазволу органаў улады.

«На незаконным грамадска-масавым мерапрыемстве пад выглядам пікетавання ў Горадні 29 траўня Арановіч у мэтах канспірацыі і ўтойвання слядоў злачынства адмыслова надзеў вопратку, падобную да вопраткі Ціханоўскага, і дапамагаў яму ў неправамерных дзеяннях. Правакацыйна і грэбліва паводзіў сябе ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі Казлоўскага і Хвалені», – зачытаў матэрыялы справы пракурор.

Такім чынам, Аляксандр Арановіч нібыта здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Што датычыць рыхтавання да масавых закалотаў (арт. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), то падставаю для гэтага зрабілася старая дымавая шашка, якую Арановіч нібыта «канспіратыўна захоўваў» на гарышчы дому сваіх бацькоў у Старых Дарогах.

Паводле абвінавачання, Арановіч нібыта збіраўся з дапамогаю шашкі ствараць дымавую заслону, каб перашкодзіць руху транспарту і «распаліць агрэсіўнасць натоўпу». Выкарыстаць яе Арановіч не паспеў, бо яго затрымалі.

Аляксандр Арановіч віны не прызнае цалкам. Ён сказаў, што абвінавачанне неабгрунтаванае.

Перад паседжаннем. Фота Белсат

Супрацоўнік АМАПу: «За што затрымвалі – не памятаю»

На судовым паседжанні 1 сакавіка быў дапытаны ў якасці сведкі 30-гадовы супрацоўнік АМАПу Сяргей Рынко. Ён затрымваў Аляксандра Арановіча ў Горадні 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай на прэзідэнцтва.

Амапавец распавёў, што 29 траўня нёс службу ў службовым аўтамабілі каля Савецкай плошчы, назіраў за сітуацыяй. Праз радыёстанцыю паведамілі, што ўжыты гвалт да міліцыянта, усім трэба мабілізавацца дзеля затрымання правапарушальнікаў. Ён накіраваўся да месца інцыдэнту: каля ўчастковага Уладзіміра Казлоўскага, які ляжаў на зямлі, супрацоўнік АМАПу заўважыў Аляксандра Арановіча.

«Маю ўвагу прыцягнула тое, што двое грамадзянаў актыўна пакідаюць плошчу. Сярод іх быў і Арановіч. Ён быў падобна апрануты да Ціханоўскага: куртка, маска, кепка. Я з Верхаводкіным стаў затрымваць Арановіча. Спачатку ён не хацеў ісці, мы ўзялі яго пад рукі, пасадзілі ў машыну і павезлі», – распавёў Рынко падчас суда.

На ўдакладняльнае пытанне адваката, чаму затрымалі менавіта Арановіча, супрацоўнік АМАПу сказаў, што «проста затрымалі першага, які трапіў, але дакладна чаму – не памятае». Рынко сказаў, што затрымалі палітвязня за «правапарушэнне», але ў межах якога працэсу – таксама не памятае.

Не ўспомніў амапавец і таго, як 2 ліпеня выступаў сведкам на адміністратыўным судзе над Арановічам паводле арт. 17.1 і 23.4 КаАП, калі таго асудзілі на 10 содняў арышту.

Пасля Сяргея Рынко быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Максім Бойка, кіроўца сіняга буса, на якім забіралі затрыманых. 29 траўня ў Горадні ён быў за стырном увесь час і нікога ў той дзень не затрымваў.

«Я сядзеў у аўтобусе, калегі прывезлі нейкіх затрыманых, паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынстваў. Мы іх павезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Людзі атачылі аўтобус, не давалі з’ехаць хвілінаў пятнаццаць, білі па лабавым шкле. АМАП адціснуў людзей, мы заднім ходам паехалі ў Кастрычніцкі РАУС», – згадвае тыя падзеі сведка.

Аўтобус атрымаў пашкоджанні – увагнутасці і драпіны. Пазней яго адрамантавалі. Арановіча сведка не бачыў. Супрацоўнікаў АМАПу Рынко і Верхаводкіна, якія затрымвалі Аляксандра, у гэтым бусе не было.

Паводле звестак праваабаронцаў, у гэтай справе плануецца каля 14 судовых пасяджэнняў.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў