206 дзён пратэстаў. Прысуд Барысевіч і Сарокіну, СК распавёў аб справе супраць Ціханоўскай


206 дзён працягваюцца ў Беларусі пратэсты супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах і гвалту падчас мірных акцыяў. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Прысуд доктару і журналістцы

У Менску вынеслі прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч і медыку Арцёму Сарокіну. Суддзя пакарала Кацярыну Барысевіч 6 месяцамі калоніі і штрафам 100 базавых велічыняў (2900 рублёў), Арцёма Сарокіна – 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і штраф 50 базавых велічыняў (1450 рублёў).

Арцёма Сарокіна вызвалілі з залы суда, з медыямі доктар пакуль размаўляць не захацеў.

Суд над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Арцём Сарокін выйшаў з залы суда. Дом правасуддзя, Менск. 2 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Паводле адвакатаў Кацярыны Барысевіч, з улікам таго часу, які іхная падабаронная правяла ў ізалятары, на волю яна выйдзе крыху больш чым праз два месяцы.

«Я думаю, яна ўзрадавалася, што менавіта такі прысуд, з улікам таго, што дзяржаабвінаваўца патрабаваў большы тэрмін. Ёй застаецца крыху больш як два месяцы зняволення. Мы будзем падаваць апеляцыю на прысуд. Лічым, што складу злачынства няма», – распавялі абаронцы журналісткі.

Кацярына Барысевіч у судзе.
Фота: Радыё Свабода / Reuters
Hавiны
Агучаны вырак у справе журналісткі Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна
2021.03.02 16:05

Пераслед і судовы канвеер

У Менску з раніцы 2 сакавіка сілавікі зладзілі масавыя затрыманні адміністратараў Telegram-чатаў мікрараёнаў і вуліцаў: Каменнай Горкі, Матусевіча, Першамайскага раёну, а таксама вольнага прафзвязу студэнтаў. Вядома, што ў раёне Каменнай Горкі затрыманыя не менш за дваццаць чалавек.

У Менску таксама вядома пра затрыманне Вольгі Такарчук, блогеркі, якая вядзе свой YouTube-канал.

Вольга Такарчук.
Фота: асабісты архіў

Акрамя таго, затрымалі Марыну Савянок. Відавочцы паведамляюць, што ейную кватэру ўзламалі, Марыну забралі ў кайданках, а ў кватэры без гаспадароў зладзілі ператрус.

Раніцай міліцыянты наведаліся дамоў да актывіста Руслана Літвіна. Паводле ягонай жонкі, Руслана затрымалі і забралі «за абразу супрацоўніка міліцыі». Нібыта мужчына пакінуў пад пастом у сацыяльных сетках непрыстойны каментар. Фігуруе ён у адміністратыўнай або крымінальнай справе, пакуль не вядома.

Аб’ектыў
«Была спроба дзяржаўнага перавароту». СК завяршыў расследаванне справы ў дачыненні давераных асобаў Ціханоўскай
2021.03.02 22:11

Следчы камітэт паведамляе, што завершанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні чатырох давераных асобаў Святланы Ціханоўскай. Сама Ціханоўская абвешчаная ў вышук, падрыхтаваныя дакументы на яе экстрадыцыю.

Сачыў за даверанымі асобамі Ціханоўскай ГУБАЗіК. Следчы камітэт апублікаваў фрагменты відэа, зробленага схаванай камерай падчас сустрэчы Ціханоўскай з даверанымі асобамі 5 жніўня. Сачылі за атачэннем кандыдаткі на прэзідэнцтва нібыта таму, што спецслужбы мелі інфармацыю пра рыхтаванне масавых беспарадкаў і захопу будынкаў дзяржаўных органаў на тэрыторыі Гомля.

Апублікаванае спецслужбамі відэа – гэта нарэзка кароткіх фрагментаў (5–10 секундаў), з якіх цяжка зразумець кантэкст выказванняў. У адным з фрагментаў хтосьці з удзельнікаў сустрэчы кажа: «Нашая задача ўсё ж будзе захоп выканкаму». Якасць відэа вельмі кепская, і разгледзець твары людзей немагчыма. СК сцвярджае, што адна з удзельніц сустрэчы – Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская з візітам у Хельсінкі.
Фота: Hanne Salonen / Парламент

У Беларусі 262 палітвязні

Сёння праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць асобаў. У спісе Руслан Ліннік, Віктар Царыкевіч, Ігар Капанайка, Ян Рымараў, Юрый Касцюк.

Пераслед і арышт гэтых асобаў праваабаронцы лічаць палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання і патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць крымінальны пераслед у дачыненні іх.

Цяпер у Беларусі 262 асобаў, якіх прызналі палітычнымі зняволенымі. Следчыя і органы пракуратуры да гэтага часу не распачалі ніводнай крымінальнай справы за гвалт з боку сілавікоў.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі яшчэ пяцярых палітвязнямі
2021.03.02 18:36

Ціханоўская нагадала пра Дзень Волі

Святлана Ціханоўская сказала, што набліжаецца Дзень Волі – у гэты дзень 103 гады таму «нашыя продкі абвесцілі аб незалежнасці Беларусі».

«Мы нагадаем сабе, што не згодныя далей скатвацца ў бездань крызісу. Нагадаем сваім дзецям, што зробім усё, каб яны былі ў бяспецы дома. Нагадаем нашым суграмадзянам у дзяржапараце і сілавых структурах, ва ўрадзе і мясцовых органах ўлады, што яны прысягалі народу», – адзначыла палітык.

Святлана Ціханоўская наўпрост не заклікала выходзіць 25 сакавіка на марш пратэсту. Але ж у апублікаванай раней Стратэгіі перамогі на сакавік была запланаваная «новая хваля вулічнай актыўнасці». На мінулым тыдні Ціханоўская ў інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку «Bild am Sonntag» заявіла, што Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці ўжо бліжэйшымі месяцамі.

Hавiны
Ад штрафаў і содняў да 8 гадоў турмы. Як улады караюць за справу Рамана Бандарэнкі
2021.03.02 16:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў