Саюзная дзяржава для біятланістаў: беларусаў дапусцілі да расейскай Спартакіяды


Беларускіх спартоўцаў дапусцілі да ўдзелу ў зімовай расейскай Спартакіядзе толькі за тыдзень да яе пачатку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі біятланіст Антон Смольскі. Ханты-Мансійск, Расея. 4 снежня 2023 года.
Фота: anton.smolski / Instagram

Пытанне гэтае вісела яшчэ з чэрвеня мінулага года, калі зацвярджаўся рэгламент спаборніцтваў біятланістаў. І беларусы ад таго часу ўсё чакалі.

У інтэрвю «Матч ТВ» найлепшы беларускі біятланіст, срэбны прызёр пекінскай Алімпіяды-2022 у класічнай гонцы на 20 кіламетраў Антон Смольскі не ўтойваў свайго раздражнення з гэтай нагоды: «Дацягнулі да таго моманту, што ў нас узніклі пытанні з адменаю [трэнавальнага] збору, які быў запланаваны на гэтыя даты, – абураецца Антон. – Атрымліваецца, прыйшлося нанова рэзерваваць квіткі на самалёт у Златавуст [менавіта там, у Чэлябінскай вобласці, адбудуцца спаборніцтвы біятланістаў. – Заўвага рэд.]. І зрабіць гэта было вельмі складана, бо на некаторыя даты ўвогуле было ўсё забітае – не было месцаў. Праблема менавіта ў тым, што атрымалася спантанна і незапланавана. Усюды ёсць свае плюсы, але і мінусаў таксама дастаткова. Крытыкі шмат, але мы гатовыя стартаваць».

У размове з тым жа «Матч ТВ» іншы беларускі біятланіст, Дзмітрый Лазоўскі, быў больш лаяльны:

«Канечне, здорава прыехаць сюды і паспаборнічаць, толькі незразумела, чаму нас так доўга смурыжылі. Але мы радыя тут браць удзел. Усё класна, новае месца. Настрой пазітыўны. Мы жывём у камфортных умовах».

На пытанне пра тое, што выступаць беларусы мусяць зноў, як і на Кубку Расеі па біятлоне, па-за залікам, Лазоўскі адказаў па-філасофску: «Калі з нагоды ўсяго засмучацца, то ніякіх нерваў не хопіць. Прымаем сітуацыю як ёсць».

З удзелам беларусаў у гэтай Спартакіядзе ўвогуле адбываюцца дзіўныя рэчы. Яшчэ на супольным пашыраным пасяджэнні калегіяў Міністэрстваў спорту і турызму Беларусі і Расеі, якое прайшло ў межах XI Міжнароднага спартовага форуму «Расея – спартовая дзяржава» ў Пермі 21 кастрычніка, кіраўнік беларускага профільнага ведамства Сяргей Кавальчук заявіў, што няма праблемаў і «спартоўцы з Беларусі дапушчаныя да ўдзелу ўва Усерасейскай спартакіядзе наймацнейшых па зімовых відах спорту».

Саюз біятланістаў Расеі раней падтрымаў беларусаў, але апошняе слова заставалася за Міністэрствам спорту як за структураю, што і ладзіць гэтыя спаборніцтвы.

«Спачатку пастанавілі, што спартакіяда наймацнейшых адбудзецца толькі ў межах РФ, – казаў тады Кавальчук. – Але прайшоў дзень – і ўжо ўнесеныя змяненні ў загад: спартоўцы з Беларусі дапушчаныя да ўдзелу ў гэтых спаборніцтвах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Злева направа: Фаб’ян Клёд з Францыі, Максім Цвяткоў з Расеі, Філіп Наўрат з Нямеччыны, Арцём Прыма з Украіны і Антон Смольскі з Беларусі спаборнічаюць у гонцы пераследавання на 12,5 км сярод мужчынаў у Нацыянальным біятлонным цэнтры падчас зімовых Алімпійскія гульняў. Пекін, Кітай. 13 лютага 2022 года.
Фота: Christof Stache / AFP / East News

Дзе, на якім этапе штосьці зламалася, невядома. Але можна меркаваць, што на канчатковае рашэнне паўплываў студзеньскі трохдзённы візіт Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург. Бо толькі напярэдадні, 1 лютага, пасля даручэння намесніка старшыні ўраду Расеі Дзмітрыя Чарнышэнкі пастанавілі, што ў Спартакіядзе зможа ўзяць удзел і беларуская дэлегацыя, у тым ліку трэнеры, кіраўнікі каманды, адмыслоўцы і афіцыйныя асобы. Вынікі беларусаў будуць улічвацца ў неафіцыйным пратаколе без падсумавання агульнакаманднага заліку. Прадстаўнікі Беларусі, якія зоймуць прызавыя месцы, не будуць узнагароджаныя медалямі – толькі кветкамі і дыпломамі ўдзельнікаў Спартакіяды. Змяненне ў рэгламент уведзенае выключна для біятлону.

Але тым больш дзіўна, што галоўны трэнер зборнай Беларусі Алег Рыжанкоў усё ведаў раней, распавёўшы каналу «Sport5.by», што «склад беларускай зборнай ужо абвешчаны і каманда вылятае ў Златавуст 30 студзеня для правядзення вучэбна-трэнавальнага збору». Атрымліваецца, яшчэ за некалькі дзён да афіцыйнага абвяшчэння пра змену ў рэгламенце Спартакіяды ў беларускім штабе ўжо валодалі інфармацыяй, што яны дапушчаныя да Спартакіяды.

Рэгламент аб правядзенні Спартакіядаў першапачаткова ўлічваў, што спаборніцтвы адбываюцца выключна для рэгіёнаў Расеі. І прыняты ён быў амаль два гады таму. Першая такая Спартакіяда – летняя – прайшла ў 2022 годзе без беларусаў.

Але ў нашых суайчыннікаў пры гэтым не ўзнікала праблемаў з выступам на Кубку Расеі па біятлоне. Хіба што і там, як цяпер на Спартакіядзе, яны мусяць стартаваць па-за конкурсам, а значыць, і заставацца без прызавых. На ўнутраных расейскіх спаборніцтвах беларусы ніколі не прэтэндавалі на выплаты, але за Кубак Садружнасці, этапы якога праходзяць як у Расеі, гэтак і ў Беларусі, сваё атрымліваюць.

Рэакцыя на допуск беларусаў была розная. Гэтак, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны алімпійскі камітэт аніяк адразу не адрэагавалі на паведамленне, якое прайшло толькі па частцы прапагандысцкіх каналаў. А чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне Аляксандр Ціханаў адразу казаў: «Колькі ў гэтай Спартакіядзе будзе беларусаў у біятлоне, трое ці чацвёра? Мы што, баімся, што нас перагуляюць, асаромяць? Гэта ў корані няправільна. Адная краіна засталася, якая цалкам з намі. Давайце згадаем Спартакіяды народаў СССР… Усіх узнагароджвалі, ні ў каго не было праблемаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуска Ірына Лешчанка на трэнаванні напярэдадні этапу Кубка свету па біятлоне ў мястэчку Гохфільцэн, Аўстрыя. 9 снежня 2021 года.
Фота: Joe Klamar / AFP / East News

Спартовы каментатар Дзмітрый Губерніеў таксама выказаўся: «Мне давялося зрабіць вялізную працу, каб зламаць гэтую чортаву бюракратыю. Спадзяюся, справа не абмяжуецца толькі лыжамі і біятлонам. Беларусаў трэба дапускаць ува ўсе віды спорту».

Каментатар прызнаўся, што не знаходзіў і не знаходзіць разумення дагэтуль. Паводле Губерніева, шмат якія рэгіянальныя трэнеры падыходзілі да яго і пыталіся, нашто ён гэта робіць. Гэта ж, маўляў, нашая Спартакіяда для нашых рэгіёнаў, ты нічога ў гэтым не разумееш. Магчыма, «голас расейскага біятлону» і сапраўды не разумее, чаго хочуць беспасярэдне спартоўцы. Але ўсё роўна назваў такіх людзей «бесталковымі».

А прэзідэнт Федэрацыі біятлону Санкт-Пецярбургу і двухразовы алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Васільеў падкрэсліў: «Спартакіяда – гэта ўнутранае спаборніцтва… Дамовіліся, што будуць браць удзел. Але цяпер яны яшчэ і грошы хочуць атрымліваць. Не зусім карэктна з іхнага боку… Нельга ставіць удзел у залежнасць ад прэміяльных – гэта не вельмі правільна».

Трэба згадаць, што ў Расеі пастанавілі выплочваць спартоўцам сумы ганарараў за прызавыя месцы (у прыватнасці біятланістам) супастаўляльныя з тымі, якія выдаткоўваюць на этапах Кубку свету. Але сваім спартоўцам. І спадар Васільеў у гэтым пытанні мае рацыю. Бюджэт Расеі – гэта адно, бюджэт гэтак званай Саюзнай дзяржавы – іншае. Там за першае месца ўсталяваныя выплаты для пераможцаў памерам 150 тысячаў расейскіх рублёў. Паводле ўказу Лукашэнкі за 30 снежня 2022 года, спартовыя дасягненні будуць суадносіцца з вынікамі сусветнага і кантынентальнага першынстваў. Пры дасягненні тэхнічнага выніку на ўзроўні прызавых месцаў апошніх чэмпіянатаў свету і Еўропы спартовец ці яго трэнер могуць прэтэндаваць на імянныя стыпендыі. А ў кастрычніку мінулага года выйшла пастанова Савету Міністраў за подпісам Рамана Галоўчанкі аб прызах і ўзнагароджаннях спартоўцаў. Там шмат агульнага, але ёсць і такі пункт: «Усе спартовыя спаборніцтвы, якія разумеюцца як міжнародныя і праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, арганізоўваюцца за кошт рэспубліканскага ці мясцовага бюджэтаў, альбо сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы, за выключэннем міжнародных спартовых спаборніцтваў, кошт прызоў за якія вызначаецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Тут, на маю думку, акурат той выпадак. Такім чынам, калі беларускія біятланісты пакажуць добрыя вынікі на першай для сябе расейскай Спартакіядзе, разлічваць на заахвочванні яны могуць толькі ў сябе на радзіме.

Усерасейская спартакіяда наймацнейшых пройдзе з 9 да 18 лютага паводле праграме XXV Алімпійскіх Гульняў-2026 у пяці субектах Расейскай Федэрацыі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў