Паўстанне Каліноўскага: яго ідэі для Беларусі актуальныя і цяпер


Сёлета адзначаюць 161 год пачатку паўстання Каліноўскага. Яно было скіраванае супраць расейскага панавання і ставіла за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Як вядома, паўстанне пачалося ў Варшаве 22 студзеня 1863-га, а на былых землях Вялікага Княства Літоўскага пачаткам паўстання лічыцца 1 лютага 1863 года.

Мапа Дзісенскага павету Віленскай губерні. Крыніца: commons.wikimedia.org

Нягледзячы на тое, што мінула шмат часу і змянілася шмат пакаленняў, тыя падзеі як ніколі застаюцца актуальныя для нашага часу і працягваюць уплываць на палітычныя падзеі. Таму скарыстаемся гэтаю нагодаю, каб яшчэ раз згадаць пра паўстанне. А паколькі ў адным артыкуле зрабіць гэта цяжка, абмяжуемся падзеямі на тэрыторыі тагачаснага Дзісенскага павету Віленскай губерні.

У час паўстання межы Дзісенскага павету значна адрознівалася ад межаў гэтага павету ў час ІІ Рэчы Паспалітай. У яго склад уваходзілі Дзісна, Глыбокае, Паставы, Шаркаўшчына, Друя, Германавічы, Лужкі.

У 1855 годзе да ўлады ў Расейскай імперыі прыходзіць цар Аляксандр ІІ. У гэты час Расея зазнае паражэнне ў Крымскай вайне і застаецца ў цяжкім крызісе. Цар пачынае ліберальныя рэформы і ў 1861 годзе адмяняе прыгоннае права, перажытак сярэднявечча.

Але адмена не была належным чынам падрыхтаваная: з аднаго боку, сялянам абвесцілі пра адмену прыгону, з другога, каб не выклікаць хвалявання сярод землеўласнікаў, сялянаў забавязалі яшчэ два гады выконваць прыгонныя абавязкі. Яшчэ большае абурэнне сялянаў выклікала тое, што іх забавязалі выкупляць зямлю, якой яны карысталіся і якая лічылася ўласнасцю землеўладальнікаў. Абурала сялянаў і тое, што акрамя выкупу землеўладальніку яны мусілі яшчэ плаціць падаткі за гэтую зямлю, якія да гэтага плаціў землеўладальнік.

Усё гэта і выклікала антырасейскія настроі ў сялянства, у асяроддзі якога ў дадатак да гэтага яшчэ не ўлягліся хваляванні ад прымусовага пераводу з уніяцтва ў праваслаўе.

Гэтыя настроі сялянаў супадалі з інтарэсамі верхніх слаёў грамадства, якім не падабалася палітыка русіфікацыі, што праводзілася царскімі ўладамі.

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. Мастак – Пётра Сергіевіч. 1955 год. Крыніца: niab.by

На тэрыторыі Дзісенскага павету ў 1861–1862 гадах адбываюцца масавыя сялянскія хваляванні. Пачаліся яны непадалёк ад Германавічаў у маёнтку Ігуменава, які належаў княгіні Габрыелі Пузыні. 8 красавіка 1861-га сяляне абвяшчаюць, што не будуць выконваць інвентарных павіннасцяў. Сялянскі пратэст быў жорстка здушаны царскімі войскамі: пяцёх зачыншчыкаў арыштавалі, яшчэ дванаццаць сялянаў былі пакараныя розгамі. Але хваляванні пашырыліся на ўсю тэрыторыю павету.

І хаця сялянскія хваляванні былі здушаныя, яны далі станоўчы вынік. У кастрычніку 1861 года на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў некаторыя сялянскія павіннасці былі або паменшаныя, або цалкам адмененыя. Там жа, дзе сялянскіх хваляванняў не было, павіннасці не былі адмененыя.

У гэты ж час у гарадах адбываюцца хваляванні і мітынгі з нагоды расстрэлу мірнай дэманстрацыі ў Варшаве. Усё гэта душыцца царскімі ўладамі, якія бачаць ува ўсім гэтым рыхтаванне да паўстання супраць царызму. Каб выключыць удзел моладзі ў будучым паўстанні, кіраўнік царскай адміністрацыі, маркіз Александэр Велёпольскі ў студзені 1863-га абвяшчае рэкруцкі набор. У спісы рэкрутаў трапляюць 12 тысячаў чалавек. Гэта і паслужыла пачаткам паўстання, якое пачалося 22 студзеня 1863 года з Маніфесту Цэнтральнага нацыянальнага камітэту Польшчы.

Рэвалюцыйны ўрад Літвы і Беларусі, які ўзначальвае Канстанцін Каліноўскі, выдае свой Маніфест 1 лютага 1863 года. Ён ідзе далей за польскі Камітэт і абвяшчае ўсю зямлю землеўладальнікаў сялянскаю.

Але для былых земляў Княства паўстанне пачынаецца не ў самы спрыяльны час. З аднаго боку, яно не было належным чынам падрыхтаванае, паўстанцы не мелі дастатковай колькасці зброі, чакалася, што паўстанне потым падтрымаюць цэнтральныя губерні Расеі.

Даведка
Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Giuseppe Achille Bonoldi / commons.wikimedia.org

З іншага боку, пік сялянскіх хваляванняў ужо мінуў, яны былі спыненыя дзе вайсковаю сілай, а дзе ўступкамі з боку ўладаў. Царскія ўлады з дапамогаю Праваслаўнай царквы пачынаюць сярод сялянаў контрпрапаганду, і, трэба адзначыць, не без поспеху. Галоўным тэзісам царскай прапаганды стала: бунтуе шляхта, бо не хоча адпускаць сялянаў на волю.

Увесну 1863 года баявыя дзеянні паўстанцаў актывізаваліся па ўсёй тэрыторыі як Дзісенскага, гэтак і сумежных паветаў. Паколькі паўстанне не было своечасова падрыхтаванае, то і рыхтаванне, і змаганне з царскімі войскамі ідзе адначасова. Шмат дзе па маёнтках шыюць адзенне і абутак, праз мяжу невялікімі партыямі дастаўляецца зброя. Яе бракуе, і вясковыя кавалі рыхтуюць косы, якія перарабляюцца з сельскагаспадарчага да вайсковага ўжытку.

Асобна трэба адзначыць, што паўстанне рыхтуецца і псіхалагічна. То там, то сям узнікаюць розныя чуткі. Адзін з такіх выпадкаў апісвае гісторык Отан Гедэман. Жыхар Ёдскай гміны Мікалай Курнушка заявіў, што не будзе плаціць падаткаў. Ён быў арыштаваны і даў паказанні следчай камісіі. Згодна з імі, у 1862 годзе па дарозе ў Рафалова яго спынілі трое вайскоўцаў, якія назваліся асобамі царскага роду. Яны катэгарычна забаранілі яму плаціць падаткі і загадалі апавядаць пра гэта іншым. Пісар з Пераброддзя Мінкевіч гэта запісаў і чытаў іншым. У выніку суда пісара Мінкевіча адправілі на два гады ў арыштанцкую роту ў Тулу, пазбавіўшы ўсіх правоў. Курнушку арыштавалі на чатыры месяцы, а пасля абвесцілі вар’ятам.

Дванаццацігадовая дзяўчына Язафата Дылеўна апавядала, што бачыла анёлаў, якія спусціліся з неба і сказалі, што Польшча будзе вольная. Маўляў, сам Бог разаб’е Расею перунамі з неба. На тым месцы, дзе нібыта дзяўчына бачыла анёлаў, былі пастаўленыя чатыры крыжы, і ксёндз збіраўся іх асвяціць. Калі ж дзяўчыну дапыталі ў следчай камісіі, яна прызналася, што сустрэла паноў, якія ехалі ў карэце, якія апавялі ёй гэтую гісторыю і загадалі распаўсюджваць. Дзяўчыну пасля допыту адпусцілі, а ксяндза Сульгінскага саслалі ў Сібір.

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. Мастак – Пётра Сергіевіч. 1955 год. Крыніца: be-tarask.wikipedia.org

5 траўня 1863 года паўстанцкі атрад з Відзаў колькасцю 30 чалавек адправіўся ў Опсу, дзе быў сустрэты вялікім натоўпам сялянаў, варожа настроеных да паўстанцаў. Перамовы нічога не далі, сяляне збіраліся выдаць паўстанцаў уладам. І толькі больш моцны паўстанцкі атрад, які своечасова прыйшоў на дапамогу, уратаваў іх ад палону. Аб’яднаўшыся, паўстанцы рушылі на Замошша і Ёды, па дарозе атрад папаўняўся людзьмі, узбраеннем і амуніцыяй. 11 траўня ён ужо налічваў больш за 200 чалавек. У раёне Казьян атрад быў акружаны расейскімі казакамі і разгромлены. 26 паўстанцаў трапілі ў палон, невялікай частцы ўдалося вырвацца з акружэння. Адным з атрадаў камандаваў Лявон Чаховіч, які працягнуў змаганне. 14 чэрвеня каля вёскі Крапіўнікі Ёдскай гміны атрад быў разбіты, а сам Чаховіч трапіў у палон. Ён нікога не выдаў і быў пакараны смерцю.

Сапраўднаю легендаю таго атраду быў Вільгельм Лапацінскі з Тадуліна. Ён, узброены двума пісталетамі, здолеў вырвацца пры разгроме атраду. За ягоную галаву царскія ўлады прызначылі вялікую ўзнагароду. А ён быў няўлоўны. Часта, пераапрануўшыся за парабка, нават прыслужваў царскім афіцэрам. Некалькі разоў пераплываў пад вадою праз Дзвіну з чароцінкай у роце. Колькі разоў быў акружаны і кожны раз уцякаў. Нарэшце, яму ўдалося ўцячы за мяжу. Праз гэта пацярпеў ягоны родны брат Канстанцін, якога гэтак моцна збілі казакі, што той страціў розум.

Але сілы паўстанцаў былі няроўныя, і ў выніку паўстанне было здушанае.

Пасля яго гадамі цягнулася следства. Расправа чакала як беспасярэдніх удзельнікаў, гэтак і тых, хто ім дапамагаў.

Толькі паводле аднаго ўказу Мураўёва ў 1865 годзе ў Дзісненскім павеце 12 чалавек былі высланыя на катаргу з канфіскацыяй маёмасці, 20 аштрафаваныя і пакінутыя пад нагляд паліцыі, яшчэ 18 чалавек пакараныя вялікімі штрафамі. Наагул уся шляхта павету была вымушаная скампенсаваць царскай уладзе выдаткі ў здушэнні паўстання.

Усяго ж на дзень 1 студзеня 1865 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі праз суды прайшлі 21 712 чалавек. З іх 294 ксяндзы, 6443 асобы шляхецкага паходжання і 14 975 асобаў простага паходжання. З іх 128 чалавек былі пакараныя смерцю, 853 адпраўленыя на катаргу, 1329 высланыя на пасяленне ў Сібір. Шмат хто з іх адтуль не вярнуўся, і тысячы іхных нашчадкаў жывуць там і сёння. Акрамя таго, людзей адпраўлялі ў салдаты,  у арыштанцкія роты, амаль 10 тысячаў чалавек былі адпраўленыя ў ссылку ў іншыя расейскія губерні.

Усяго за час паўстання на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылося 237 баёў, у якіх былі задзеяныя больш за 12 тысячаў царскіх жаўнераў.

Пасля здушэння паўстання граф Мураўёў Вешальнік папярэджваў шляхту: «Забудзьце наіўныя мары, што займалі вас дасюль, спадарства, і памятайце, што калі вы не станеце тут са сваймі думкамі і пачуццямі расейцамі, то вы тут будзеце замежнікамі і вымушаныя будзеце тады пакінуць гэты край».

Згадваючы тыя падзеі, міжволі прыгадваецца аналогія з сучаснаю Беларуссю, з пратэстамі 2020 года ды іх наступным здушэннем.

Дарэчы, Кастусь Каліноўскі праз 155 гадоў пасля смерці стаў датычны да абуджэння беларускага народу. Менавіта ягонае перапахаванне разам з іншымі ўдзельнікамі паўстання ў Вільні ў 2019 годзе сталася прадвеснікам беларускага абуджэння. Цяпер імя Кастуся Каліноўскага носіць полк беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне супраць расейскіх акупантаў.

Ушанаванне памяці герояў паўстання 1863–1864 гадоў у Вільні. Прадстаўнікі розных краінаў наведалі Катэдральны сабор у Вільні, дзе прайшла святая імша, а пасля адбылася ўрачыстая цырымонія на могілках Росы, дзе пахаваныя Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі. Вільня, Літва. 21 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

У Беларусі ж цяпер наступілі змрочныя часы рэакцыі, калі, як і 160 гадоў, таму караюць не толькі ўдзельнікаў пратэстаў, але і іхных сваякоў, усіх, хто адкрыта не падтрымаў уладаў. Часам узнікаюць спрэчкі: а можа, не варта было выходзіць у 2020 годзе – не было б такіх рэпрэсіяў, грамадства б развівалася, а дыктатура паступова б у выніку эвалюцыі прыйшла да дэмакратыі. Гісторыя паўтараецца, такія ж спрэчкі вяліся і вакол паўстання 1863–1864 гадоў. Дый дасюль трываюць.

Зміцер Лупач belsat.eu

Стужка навінаў