Амбасадара Беларусі выклікалі ў Дэпартамент замежных справаў Швейцарыі праз затрыманне журналісткі


Дэпартамент замежных справаў Швейцарыі 1 лютага запрасіў на размову амбасадара Беларусі ў Швейцарыі Аляксандра Ганевіча. Ішлося пра затрыманне ў Менску акрэдытаванай у Беларусі і Расеі швейцарскай журналісткі Люц’і Чыркі. Пра гэта паведаміла прэс-служба дэпартаменту ў Twitter.

Дэпартамент замежных справаў асудзіў затрыманне Люцʼі Чыркі і заклікаў вызваліць усіх беспадстаўна затрыманых. У заяве адзначаецца, што «Швейцарыя працягвае ўважліва сачыць за сітуацыяй».

Швейцарскую журналістку Люцю Чыркі затрымалі ў цэнтры Менску ў нядзелю, 31 студзеня, падчас беспадстаўных затрыманняў, якія праводзілі сілавікі.

Як распавяла Чыркі ў сваіх сацсетках, яны з сябрамі проста ішлі ў кавярню. Калі спыніліся на чырвонае святло, каб перайсці вуліцу, да іх падʼехаў бусік сілавікоў, адкуль выскачылі людзі ў масках і зацягнулі ўсіх у машыну. Люцʼю пратрымалі ў РУУС тры гадзіны. «Беларусь – краіна, дзе людзям нельга стаяць на святлафорах», – адзначыла журналістка.

Агулам, паводле праваабаронцаў, 31 студзеня ў розных месцах Менску былі затрыманыя мінімум 167 чалавек.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў