Расея і Беларусь трапілі пад агонь крытыкі на паседжанні Рады міністраў АБСЕ


Паседжанне Рады міністраў АБСЕ праходзіць 1–2 снежня ў польскім горадзе Лодзь. Сёння выступілі прадстаўнікі Беларусі, ЗША, Польшчы і Украіны, якія ў сваіх прамовах абмяняліся ўзаемнымі заўвагамі. Прамовы трансляваліся ў жывым эфіры. 

У Лодзі стартавала 29-е паседжанне міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ. Лодзь, Польшча. 1 снежня 2022.
Фота: Pasha Kritchko / kritchko.com

Выступ памерлага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея ў Лодзі зачытаў прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас. «Сёння Еўропа ў агні. Гэты пажар пачаўся не сёлета ў лютым. Ён тлеў дзесяцігоддзямі. Усялякае грэбаванне інтарэсамі і меркаваннем свайго суразмоўцы, усякая спроба ўмацаваць сваю бяспеку і дабрабыт за кошт бяспекі і дабрабыту іншых, усякая напышлівая праява пачуцця ўласнага права караць і мілаваць – усё гэта падарвала традыцыю раўнапраўнага ўзаемадзеяння ў Еўропе. Гэта разʼела сам дух Хельсінкі», – гаворыцца ў звароце афіцыйнага Менску.

У выступе беларускага МЗС сітуацыя ў Еўропе параўноўвалася з пажарам, які трэба тушыць, а не прызначаць вінаватых у ім, а таксама змяшчаліся заклікі прымаць свет ува ўсёй яго разнастайнасці і весці дыялог.

На паседжанні замест памерлага 26 лістапада Уладзіміра Макея прысутнічаў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ ў Вене Андрэй Дапкюнас. Лодзь, Польшча. 1 снежня 2022.
Фота: Pasha Kritchko / kritchko.com

Адразу пасля Дапкюнаса выступала намесніца дзяржсакратара ЗША Віктор’я Нулэнд, якая заклікала Беларусь спыніць падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Нулэнд адрэагавала на выступ прадстаўніка лукашэнкаўскай дыпламатыі, назваўшы просты шлях патушыць пажар у Еўропе.

«Пры ўсёй павазе да беларускага калегі, ёсць вельмі просты шлях спыніць гэты пажар і спыніць яго сёння. Для Расеі – гэта спыніць сваю заганную вайну супраць Украіны, свае ваенныя атакі, цяпер яшчэ і заганныя атакі супраць цывільных, а для Беларусі – спыніцца быць даступнай платформай для гэтых нападаў», – сказала Нулэнд.

У сваю чаргу, кіраўнік польскай дыпламатыі Збігнеў Раў у сваёй прамове адзначыў, што Расея нясе адказнасць за параліч працы АБСЕ. Польскі міністр замежных справаў, які сёлета ёсць старшынём АБСЕ, назваў «скандальнымі» абвінавачванні Расеі ў тым, што «ўлады ў Варшаве штурхаюць АБСЕ ў прорву».

У гэтым кантэксце Збігнеў Раў распавёў пра сёлетнюю пазіцыю Расеі ў Арганізацыі: «Менавіта Расея ў лютым адмовілася ад адноўленага дыялогу аб еўрапейскай бяспецы. Менавіта Расея ў сакавіку адмовілася падоўжыць мандат спецыяльнай маніторынгавай місіі ва Украіне. Нарэшце, менавіта Расея ўвесь год блакавала прыняцце бюджэту АБСЕ».

Удзел у паседжанні міністраў замежных справаў АБСЕ таксама ўзяла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Чакаецца, што яна зробіць асобны выступ.

Святлана Ціханоўская на паседжанні Рады міністраў АБСЕ. Лодзь, Польшча. 1 снежня 2022.
Фота: Pasha Kritchko / kritchko.com

Тым часам, Расея, выкарыстоўваючы прынцып аднагалоснасці, не пагадзілася з выбарам Эстоніі ў якасці краіны, якая ўзначаліць працу АБСЕ ў 2024 годзе. У 2023 годзе Арганізацыю ўзначаліць Паўночная Македонія.

Кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, якому Польшча не выдала ўязной візы, у Лодзі няма. Практычна паралельна з самітам у Лодзі расейскі міністр падчас прэс-канферэнцыі ў Маскве абвінаваціў Польшчу ў тым, што яна «капае магілу» для АБСЕ.

Між тым, прысутны ў Лодзі кіраўнік украінскага МЗС Дмытро Кулэба заклікаў Еўразвяз увесці санкцыі супраць расейскай ракетнай прамысловасці. Украінскі міністр таксама адзначыў, што для АБСЕ было б лепш, калі б яна працавала без Расеі.

Пра Раду Міністраў АБСЕ

Рада міністраў АБСЕ складаецца з міністраў замежных справаў дзяржаваў-удзельніц і ёсць цэнтральным дырэктыўным і кіроўным органам Арганізацыі. Сустрэчы на ​​ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў ёсць найвышэйшым дырэктыўным органам АБСЕ.

Рады міністраў, як правіла, склікаюцца раз на год у краіне, якая старшынствуе ў АБСЕ . Дадатковыя сустрэчы, у тым ліку неафіцыйныя, могуць быць скліканыя ў любы час.

Першая сустрэча міністраў замежных справаў АБСЕ адбылася ў Хельсінкі 3–7 ліпеня 1973 года. Праз два гады, у жніўні 1975 года, так званы Хельсінкскі працэс увянчаўся першым самітам кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў АБСЕ, на якім быў прыняты Хельсінкскі заключны акт.

На сёння ў АБСЕ ўваходзяць 57 дзяржаваў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў