Лінас Лінкявічус распавёў пра перамовы з Уладзімірам Макеем


Пра што Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі, вёў перамовы з Лінасам Лінкявічусам, былым кіраўніком літоўскай дыпламатыі? Спадар Лінкявічус пасля смерці міністра Макея падзяліўся з журналістамі з праграмы «ПраСвет» зместам раней не апублікаваных закрытых размоваў і перапіскі.

З міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем развіталіся ў сталічным Доме афіцэраў у панядзелак, 29 лістапада. 64-гадовы чыноўнік раптоўна сканаў у суботу, за два дні да запланаванай сустрэчы з расейскім калегам. Хаця ў дзень смерці дзяржаўныя медыі асаблівай увагі асобе Макея не надалі, на развітанне прыйшлі афіцыйныя прадстаўнікі Расеі і Аляксандр Лукашэнка.

Былы міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус знаёмы з Уладзімірам Макеем з 2012 года. У той час Макей пачынаў сваю кар’еру старшыні МЗС, а Лінкявічус займаў пасаду амбасадара Літвы ў Менску. Літоўскі палітык згадвае міністра Макея як чалавека ў той час больш ліберальных поглядаў у параўнанні з іншымі беларускімі чыноўнікамі: ён быў галоўным каналам для дыялогу рэжыму Лукашэнкі з Захадам. На перамовах з Макеем, што заўжды ішлі пад кантролем спецслужбаў, падымалі пытанні палітычных зняволеных.

«Калі яшчэ было менш палітзняволеных, я казаў, што трэба іх усіх адпусціць, і гэта нічога не каштуе, гэта яшчэ адзін крок. Чаму гэтага нельга зрабіць? Ён казаў: так, я гэта вельмі добра разумею, але грамадская думка не разумее. І паказваў на столь», – узгадвае Лінас Лінкявічус.

Уладзімір Макей граў ролю аднаго з ініцыятараў паляпшэння дачыненняў Беларусі з Захадам. За яго часам, у 2015-м, наступіў так званы перыяд лібералізацыі. Вось як гэтыя часы згадвае былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне і намеснік прадстаўніка ў вонкавай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Уладзімір Астапенка:

«У 2015, 2016 і 2017 годзе мы адбудоўвалі нашыя адносіны з краінамі ЕЗ, мы спадзяваліся на тое, што атрымаем новую дынаміку ў гэтых адносінах. У той час былі скасаваныя доўгатэрміновыя санкцыі, накладзеныя на Беларусь фактычна з пачатку стагоддзя, былі пэўныя чаканні і спадзяванні на тое, што мы можам па-новаму пабудаваць нашыя адносіны з вонкавым мірам».

У той час былі прынятыя дэкрэты аб сярэднім і малым бізнесе, IT з мэтаю лібералізаваць заканадаўства пад прыцягненне замежных інвестыцыяў у Беларусь. Прасоўвалі інтарэсы рэжыму Лукашэнкі на Захадзе ў тым ліку з дапамогаю спецыяльна створаных даследчых цэнтраў і пляцовак, цалкам кантраляваных уладамі. Гэта быў адзін з галоўных інструментаў мяккай сілы рэжыму, створаны акурат Макеем.

«Ліберальны клуб», пазней «Менскі дыялог» выконваў функцыю такога злучальніка паміж даволі апазіцыйна настроенай грамадзянскай супольнасцю і значнай часткай палітычных сілаў апазіцыйных з аднаго боку і рэжымам, дзе ўплыў так званых тэхнакратаў даволі выразна ўзмацніўся», – распавядае акадэмічны дырэктар ВІSS Пётра Рудкоўскі.

Планы пачалі руйнавацца ў 2017 годзе, калі Лукашэнка распачаў скарачэнне дзяржаўнага апарату для аптымізацыі бюджэтных выдаткаў. МЗС спачатку паставілі задачу звольніць 10 адсоткаў штату. Калі ж ведамства паспрабавала аргументаваць немэтазгоднасць такога адсотку, «зверху» прыйшла ўстанова скараціць траціну, распавядае Уладзімір Астапенка.

«Прэтэнзія была ў тым, што вонкавую палітыку будзе выпрацоўваць і ажыццяўляць кіраўнік дзяржавы, а вашая справа выконваць загады і не лезці ў дэталі», – кажа колішні амбасадар Беларусі ў Аргентыне.

Гэтак і здарылася: скарачэнне адбылося перадусім за кошт замежнай палітыкі.

«Мы былі вымушаныя зачыніць некалькі замежных установаў. У той час дастаткова радыкальна быў скарочаны персанал у цэнтральным апараце і, на мой погляд, гэта быў удар па аўтаномнасці і справах для развіцця Міністэрства замежных справаў, бо гэта было вельмі балючае скарачэнне, гэта было неаб’ектыўнае і не аргументаванае скарачэнне. Можа, гэта быў сігнал пра тое, што перад МЗС сфармуляваныя такія вельмі прыземленыя задачы для забеспячэння таваразвароту, забеспячэння гандлёвых сувязяў. І я так разумею, што гэта таксама быў сігнал не моцна ўключацца ў вонкавую палітыку», – узгадвае Уладзімір Астапенка.

Пазней Уладзімір Макей ужо не спрачаўся з Лукашэнкам. Пасля выбараў 2020-га ён зрабіў выбар ісці плячо ў плячо з дыктатарам: асудзіў пратэст і пагражаў Захаду знішчэннем у Беларусі грамадзянскай супольнасці. Падтрымаў пераслед дыпламатаў, якія выказаліся супраць фальсіфікацыі выбараў.

«Я пазней яшчэ дасылаў такія вестачкі, прапаноўваў прыехаць у Менск і дапамагчы дамовіцца, бо сітуацыя ішла да абвастрэння, – кажа Лінас Лінкявічус. – Ён не адразу адказаў, на наступны дзень адказаў, што гэта кепская ідэя і што мне не варта ехаць у Менск. Абмен вестачкамі яшчэ ішоў, і пазней, калі былі такія рэпрэсіі вельмі трагічныя, то я казаў: як вы можаце такое рабіць, як вы ўвогуле ўяўляеце сябе ў будучым, гэта ж не пройдзе без наступстваў. Ён напісаў, што пасля таго, як яму пачаліся званкі з пагрозамі дадому, ён вырашыў усё ж дастаяць да канца».

Рэжым Лукашэнкі зацікаўлены ў прынамсі частковай замарозцы санкцыяў для замежных крэдытаў. Аднак цяпер аднавіць дыялог з Беларуссю будзе няпроста. Лукашэнка падтрымаў развязаную Расеяй вайну ва Украіне, чым канчаткова прывёў нашую краіну ў поўную міжнародную ізаляцыю.

«Міністэрства замежных справаў пераўтварылася ў міністэрства ў справах Расеі, а на справы Расеі яно ніяк не ўплывае, – мяркуе Уладзімір Астапенка. – Як слушна, на мой погляд, пажартавалі на адным з сацыяльных каналаў, міністэрства будзе займацца арганізацыяй гандлёвых выставаў у краінах сярэдняй дугі».

Сярод новых кандыдатураў на пасаду кіраўніка МЗС называлі намеснікаў міністра Сяргея Алейніка і Юрыя Амбразевіча, старшыню камісіі міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных, прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова, намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максіма Рыжанкова і нават старэйшага сына Лукашэнкі – Віктара. Што праўда, незалежна ад прызначанай кандыдатуры ва ўмовах бязмежных рэпрэсіяў чакаць крокаў у бок лібералізацыі ад новага кіраўніка МЗС наўрад ці выпадае.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў