«Аказаліся ў выгнанні з-за палітычных падзей». У Варшаве ўшануюць памяць пра ўраджэнцаў Беларусі


Сёлета ў Варшаве на Дзяды плануецца шмат розных мерапрыемстваў, якія арганізаваныя беларусамі.

У выніку палітычных падзей 2020 года дзясяткі тысячаў беларусаў вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Шмат хто з іх знаходзіцца ў Варшаве. Гэта людзі розных палітычных поглядаў і сімпатый, але іх лёс падобны вельмі цесна пераплятаецца з жыццёвай дарогай тых выхадцаў з Беларусі, чые магілы знаходзяцца тут, у Варшаве.

Па ўсім свеце ёсць пахаванні беларусаў, якія збягалі з радзімы ці шукалі лепшай долі ў далёкіх краях. Асабліва шмат беларускіх пахаванняў на Павонзкіх могілках. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Гэтыя людзі аказаліся ў выгнанні з-за палітычных падзей, што адбываліся, а мы ў нейкай ступені паўтараем іх лёс», – кажа кіраўнік арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец.

Hавiны
У цэнтры Варшавы прайшла акцыя «Дзяды»
2021.10.31 22:50

Таму, на думку спадара Анатоля, мы павінны шанаваць памяць пра гэтых людзей, наведваць іх магілы. Шмат у каго з гэтых людзей няма ні дзяцей, ні сваякоў, але да магілаў такіх людзей павінны прыходзіць усе беларусы, каб ушанаваць іх памяць.

Найбольш беларускіх пахаванняў знаходзяцца на Павонзках, самых старых варшаўскіх могілках.

Тут пахаваныя кампазітар Станіслаў Манюшка, Марыя Ямант, нарачоная Кастуся Каліноўскага, Баляслаў Аскерка, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года, Вінцэсь Каратынскі, адзін з першых беларускамоўных паэтаў, Міхал Казімір Агінскі, гетман Вялікага Княства Літоўскага, Ян Булгак, «бацька польскай фатаграфіі», творчасць якога лічыцца культурнай спадчынай Польшчы, Беларусі і Літвы, Ян Плуга, пісьменнік і публіцыст, фалькларыст і этнограф Міхал Федароўскі, польскі пісьменнік Тадэвуш Даленгі-Мастовіч, які паходзіў з Беларусі, польскі паэт беларускага паходжання Чэслаў Неман і іншыя. На вайсковай частцы Павонзаўскіх могілак знаходзіцца сімвалічная магіла беларускага генерала Станіслава Булак-Булаховіча.

На праваслаўных могілках у раёне Воля пахаваныя гісторык Юры Туронак, ветэран нацыянальнага руху Янка Жамойцін, беларуская пісьменніца Алена Анішэўская.

Шмат хто з гэтых людзей лічыцца прадстаўнікамі польскай культуры. Але гэта тыя асобы, якія павінны не раз’ядноўваць беларусаў і палякаў, а аб’ядноўваць. Яны нарадзіліся на землях сучаснай Беларусі, на іх творчасць шмат у чым паўплывала беларуская культурная спадчына. У сілу розных абставін яны вымушаныя былі з’ехаць, некаторыя з іх лічылі сябе прадстаўнікамі польскага народа, але не аддзялялі сябе ад беларускага народа.

Магіла Станіслава Манюшкі. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Кампазітар Станіслаў Манюшка большую частку жыцця пражыў у Беларусі, у Польшчу ён выехаў напрыканцы жыцця.

«У Варшаве чыгуначны вакзал названы ў гонар Станіслава Манюшкі, а калі запытаць у Беларусі, хто такі Станіслаў Манюшка, то яго ведаюць толькі музыкі і спецыялісты, а шараговыя беларусы амаль не ведаюць, – адзначае Анатоль Міхнавец. – А ў Польшчы кожны шараговы паляк ведае гэтую асобу».

Таму беларусы павінны памятаць пра такіх асобаў, не адзяляць іх ад беларускай культурнай спадчыны.

***

Сёлета на Дзяды адбываецца шмат ініцыятыў. У Дзень Усіх Святых, 1 лістапада, можна разам з экскурсаводам наведаць праваслаўныя могілкі на Волі.

– Пасля падзей 2020 года шмат людзей зацікавіліся гісторыяй Беларусі, не выключэнне і тыя, хто прыехаў у Варшаву, – адзначыў экскурсавод Цімафей Акудовіч, які праводзіў кскурсію па Павонзкаўскіх могілках.

Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Гэта самыя старыя могілкі Варшавы, пахаванні тут пачаліся яшчэ з канца XVIII стагоддзя. Тут знаходзяцца магілы людзей, якія па розных прычынах выехалі ў свой час з беларускіх земляў і засталіся ў Польшчы. Зараз іх магілы знаходзяцца тут, на Павонзках, і вельмі добра, калі ўсё больш беларусаў праіх даведаюцца. Акрамя гэтага, тут пахавана шмат знакамітых дзеячаў Польшчы, пра якіх беларусам таксама будзе цікава даведацца.

На мяжы XIX – XX стагоддзяў сярод шляхты на беларускіх землях была папулярная ідэя краёвасці, прадстаўнікі якой хацелі сумясціць аўтанамісцкія, або краёвыя, ліберальныя і інтэрнацыянальныя ідэі. Іх погляды грунтаваліся на ідэі грамадзянскай нацыі, паводле якой усе карэнныя жыхары былога Вялікага Княства Літоўскага, незалежна ад іх этнічна-культурнай прыналежнасці, з’яўляюцца «грамадзянамі краю» і павінны супольна працаваць на яго развіццё і росквіт.

Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Гэтыя ідэі падтрымлівалі Раман Скірмунт, Баляслаў Ялавецкі, Міхал Ромер, Ян Пілсудскі і іншыя.

«Тады былі дзве сілы – польская, шляхецкая, высокая і беларуская, сялянская, але магутная, бо сялян было каля дзесяці мільёнаў, – адзначае Цімафей Акудовіч, – а зараз усё перакруцілася, мы маем адносна маналітную нацыю, дзе ёсць беларускамоўныя і рускамоўныя беларусы, ім не трэба краёвасць, каб быць адзінымі».

Краёвасць хутчэй становіцца цікавай для тых беларусаў, хто пераехаў у Польшчу. Па словах Акудовіча, нам трэба па-максімуму скарыстацца сілай абедзьвюх культур, беларускай і польскай, каб Беларусь ўрэшце стала сапраўды незалежнай.

Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Зміцер Лупач belsat.eu

Стужка навінаў