Самая бяспраўная прафесія ў Беларусі

Афіцыйна ў свеце Днём настаўніка лічыцца 5 кастрычніка. Яго шануюць больш як 100 краінаў. Праўда, ад савецкіх часоў гэтае прафесійнае свята адзначалася звычайна ў першую нядзелю кастрычніка паводле Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савету СССР ад 01.10.1980 года «Аб святочных і памятных датах». Традыцыю перанялі Беларусь, Казахстан, Латвія і Украіна.

Але Расея ўсцяж пакідае адзначэнне Дня настаўніка нерухомым: менавіта 5 кастрычніка. Бо гэты дзень у 1966 годзе стаў часам правядзення ЮНЭСКО ў Парыжы Спецыяльнай міжурадавай канферэнцыі паводле статусу настаўнікаў. Вынікам сталі «Рэкамендацый, якія датычацца статусу настаўнікаў», падпісаныя прадстаўнікамі ЮНЭСКА і Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта першы акт, які вызначыў прававы статус супрацоўнікаў адукацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У Беларусі вырашылі стварыць свой акт, які падпісаў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Летась быў прыняты новы велічэзны Кодэкс аб адукацыі: 308 старонак, 64 главы і амаль трыста артыкулаў. Як гэта ўплывае на дабрабыт прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі? Разважаць можна ў двух кірунках: непасрэдна пра даходны складнік настаўніка, што, канечне, ёсць найгалоўным для годнага жыцця, і гэтак званая загрузка педагогаў. Пасля прыняцця дакументу, паводле нашага эксперту, былога выкладчыка БДУ (2004-2020), былога адміністратара сайту «БДУ 97» і былога навуковага супрацоўніка Нацыянальнага інстытуту адукацыі міністэрства адукацыі Яраслава Ката, і надалей стала скарачацца колькасць школаў у Беларусі.

«Кодэкс быў настолькі жорсткі, што адразу адрэзаў інтарэс да недзяржаўных адукацыйных установаў. Бо было азначана вельмі жорсткае рэгуляванне праграмаў, якія не павінныя адрознівацца ад прынятых міністэрствам адукацыі. Таму прыватнікі не вольныя прапанаваць штосьці арыгінальнае, а толькі, хіба, меншыя класы ды лепшую ежу».

«У гэтым годзе больш за мільён школьнікаў селі за парты», – апавядае ў інтэрв’ю Агенцтву тэлевізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі міністр адукацыі Андрэй Іванец. Галоўнай задачай адукацыі міністр лічыць перш за ўсё выхаванне любові да Радзімы. Ад першага верасня яшчэ мінулага, 2022 года, міністэрства ўвяло ў кожнай падначаленай установе традыцыю дэманстрацыі дзяржаўных сімвалаў і выканання дзяржаўнага гімна напачатку кожнай чвэрці і напрыканцы яе. Далучылі сюды нават выхавальнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў. Загад міністра накіраваны на ўдасканаленне грамадска-патрыятычнага скіравання вучняў.

Сёння ў Беларусі, паводле Андрэя Іванца, 2865 школаў. Але іх колькасць скарачаецца. Будуецца менш навучальных установаў сярэдняй адукацыі, чым ліквідуецца. Так у 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, было, як палічыў Thinktanks.by, каля 5000 установаў сярэдняй адукацыі. Тры гады таму іх колькасць трымалася на мяжы трох тысячаў (3009). У 2012-м стала 2 940, летась 2900 пры тым, што адкрыліся чатыры новыя школы ў Кобрыне, Століне, Смалявічах і Менску. А сёлета знікла, як бачым, яшчэ 35 школаў.

Пры гэтым, колькасць вакансіяў часцей расце, чым змяншаецца. Паводле інфармацыі дзяржаўнага тэлеканалу – АНТ – прэстыж прафесіі настаўніка стала на ўздыме і ў гэтым годзе калектывы навучальных установаў папоўнілі больш за 5 тысяч маладых адмыслоўцаў. Пры гэтым, паводле парталу Pravo.by, летась у школы прыйшлі на працу 5,8 тысяч нядаўніх студэнтаў.

Андрэй Іванец прызнае:

«Працягваюць заставацца школы, у якіх загружанасць больш як 30 чалавек на клас. І школы гэтыя працуюць у дзвюхзменным рэжыме… Настаўнікі маюць вельмі высокую нагрузку. Сярэдняя па Беларусі складае 27-28 гадзінаў у тыдзень (належыць 18). А педагогі вымушаныя сумяшчаць гэтую нагрузку, таму што кадраў не хапае. І, канечне, пераследуючы мэты мець высокія заробкі. Больш за ўсё бракуе адмыслоўцаў па прадметах «фізіка» і «матэматыка». Выпускнікі школаў са здольнасцямі ў гэтых навуках абіраюць не педагагічныя ВНУ, а тыя, якія дазволіць далей працаваць, напрыклад, у IT-сферы, у галіне інфармацыйных тэхналогіяў. Сёлета, паводле міністра, павялічылі набор на гэтыя спецыяльнасці – з 3,3 тысяч да 4 тысяч. Андрэй Іванец кажа, што «заробак не залежыць ад таго, дзе настаўнік працуе. Ці гэта горад Менск, ці маленькі населены пункт – аграгарадок. Але сярэдні заробак сягае амаль 1600 беларускіх рублёў, што складае каля 88 адсоткаў ад сярэдняга заробку па краіне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа-інтэрнат №10. Менск, Беларусь.
Фота: schi10.minsk.edu.by

Звернемся да агульнанацыянальнага парталу вакансіяў. Настаўнікі патрэбныя ўсюды. Афіцыйна прапаноўваецца адная вакансія ў кожнай навучальнай установе. А заробкі ў сярэднім вельмі далёкія ад названых міністрам 1600 рублёў. Напрыклад, настаўнікам гісторыі, расейскай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры школа аграгарадку Новы Двор Менскага сельсавету прапануе ад 554 да 1000 рублёў. А ў школе №2 гораду Смаргонь шукаюць настаўніка англійскай мовы, але здольныя яму заплаціць не больш за 600 рублёў.

Канечне, амаль усюды падкрэсліваецца, што прэміі і надбаўкі гарантуюцца, але ў якім памеры не ўдакладняецца. Пры гэтым, у школе вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну Берасцейскай вобласці настаўніку расейскай мовы і літаратуры прапануюць і кватэру (не вядома, ці дармовую) і заробак, які складае больш як 1400 рублёў. А ў жодзінскую школу №1 запрашаюць настаўніка матэматыкі на вілку 1200 – 1500 рублёў, але прадстаўляюць толькі пакой у інтэрнаце. Акрамя поўнай стаўкі прапануюць усюды і 0,5 стаўкі, і 0,75, 0,45, 0,25 і нават 0,13 (дэфектолагу з заробкам 78,31 – 100 рублёў у Веткаўскім раёне Гомельшчыны). Менш за $30. Найбольш моцны заробак у гэтым спісе з 435 школаў прапануюць у школе №1 Кастрычніцкага раёну Менску, што на вуліцы Чкалава. Да 1600 рублёў.

«Маладыя людзі не жадаюць ісці ў прафесію не толькі з-за таго, што не надта вабяць заробкі, – лічыць Яраслаў Кот. – Настаўнікі заціснутыя ў наймагутнейшыя ідэалагічныя рамкі, і педагогі як на далоні, пад поўным кантролем дзяржавы. Ціснуць рознага роду інструкцыі і праверкі. Нейкі «лайк» у інтэрнэце, альбо вольнае слова, сказанае на ўроку могуць каштаваць не толькі звальнення, але і пазбаўлення свабоды. Псіхалагічная стомленасць пасля кожнага працоўнага дня не паддаецца апісанню. І каб, як кажа міністр, сярэдні заробак быў 1600 рублёў, то ў нас ува ўсіх школах быў бы поўны камплект. Бо гэта нават больш, чым у некаторых IT-шнікаў».

З іншага боку, праца настаўніка, напрыклад, у Казахстане, цэніцца лепей і заробак педагогаў вышэйшы, чым сярэдні па краіне. І там ідэалогія не навязваецца так моцна, як у Беларусі. Як вядома з афіцыйных крыніцаў, за апошнія чатыры гады адбывалася паэтапнае, але аднолькавае павышэнне заробкаў, якое напачатку 2020, 2021, 2022 і 2023-га павялічвалася кожны раз на 25 адсоткаў. У выніку, паводле Міністэрства адукацыі краіны, дасягнулі такога даходу для працаўнікоў гэтай сферы, які перакрывае інфляцыю. А яна напрыканцы мінулага года складала 20,3%. У 2023 годзе сярэдні заробак казахстанскіх настаўнікаў сягнуў 319 500 тэнге, што ў эквіваленце складае каля $668.

Ва Украіне сярэдні заробак падаецца інфармацыйнымі крыніцамі розным. Паводле апошніх дадзеных – каля 16 000 грыўняў, што летась складала больш за $500, сёння – менш за $450. У Літве настаўнікі  выйшлі на страйк патрабуючы павелічэння заробку, які зараз у сярэднім складае каля €1400. Гэта нават больш, чым у Польшчы, дзе педагогі маюць €800 – 1000.

Калі такое трыманне на павадку беларускіх настаўнікаў скончыцца? На маю думку, пры гэтай уладзе – ніколі. Каго рэжым цэніць больш цудоўна бачна з бюджэту і на мінулы, і на цяперашні год, дзе выдаткі на прававую сістэму ў два разы большыя, чым на адукацыю. Ці патрэбная адукацыя ў Беларусі, дзе дзяржава атрафіруе магчымасць школьнікаў самастойна развівацца, а настаўнікам пры навучанні карыстацца сваймі напрацоўкамі і досведам? Не адукаванасць, а паслухмянасць – менавіта гэта можна назваць модным словам трэнд у сённяшняй Беларусі.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў