Украінскія войскі ўвайшлі ў Ліман. У Расеі гэта пацвердзілі


Украінскія вайскоўцы публікуюць першыя фотаздымкі і відэа з Лімана Данецкай вобласці, які з 28 траўня знаходзіўся пад кантролем расейскіх войскаў.

На адным з відэа ўкраінскія вайскоўцы ўстанаўліваюць сцяг Украіны над стэлай на паўночным уездзе ў горад.

На іншым апублікаваным відэа ўкраінскі вайсковец кажа: «Welcome to Ліман», – стоячы, як мяркуецца, на мосце праз чыгунку на паўднёвай ускраіне гораду з боку Ямпалю.

На яшчэ адным відэа ўкраінскія вайскоўцы заязджаюць у горад паўз разбітую калону расейскіх войскаў.

Вызваленне Лімана адбываецца ўжо пасля таго, як у Крамлі заявілі пра анексію Данецкай вобласці.

Пра тое, што ўкраінскія войскі ўвайшлі ў Ліман, пацвярджаюць і з расейскага боку. Гэтак, пра ўзяцце «расейскага гораду Ліману» піша расейскі нацыяналіст Ягор Халмагораў.

«Страта Ліману – гэта, перадусім, сур’ёзная рэпутацыйная шкода Расейскай Федэрацыі. Бо з учорашняга дня гэта ўжо тэрыторыя Расеі (нават нягледзячы на тое, што дамовы пакуль не ратыфікаваныя – гэта не так важна), а не проста вызваленыя тэрыторыі Украіны ці Данецкай Народнай Рэспублікі», – напісаў ён.

Пра тое, што «ў расейскі горад Чырвоны Ліман уваходзяць украінскія збройныя сілы», паведамляе і пісьменнік Захар Прылепін.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў