Ілан Маск паказаў гуманоіднага робата, прадказаў цану ў менш як $ 20 тысяч


На «Tesla AI Day» вечарам 30 верасня кіраўнік кампаніі «Tesla» Ілан Маск прэзентаваў прататып чалавекападобнага робата «Optimus», тэарэтычна здольнага самастойна хадзіць і рабіць простыя аперацыі рукамі. Пакуль робат ледзьве ходзіць.

Летась на прэзентацыі праекту ролю робата выканаў чалавек у касцюме. Сёлета робат упершыню дзейнічаў «самастойна», без падключэння да іншых сістэмаў. Але дзейнічаў абмежавана: выйшаў на сцэну, памахаў рукой, але сышоў, падобна, не туды, куды планавалася. Пасля яго звезлі са сцэны, больш складаныя дзеянні робата паказалі на відэа: напрыклад, робат тэарэтычна здольны ўзяць лейку і паліць расліны. Затым робата выкацілі на сцэну, ён зноў памахаў рукой, але сам ужо не хадзіў.

Іншыя робаты ўжо ўмеюць значна больш: могуць самі хадзіць, бегаць, скакаць, насіць прадметы, нават танчыць. Але «Tesla» мае намер наладзіць серыйную вытворчасць даступных робатаў, а гэты прататып ужо сабраны з частак, вырабленых самой кампаніяй.

Паводле Ілана Маска, цана за адзінку будзе «імаверна, меншай за 20 тысяч долараў» (гэта ў разы менш за ўжо існыя аналагі). Як піша «The Verge», робатаў «Optimus» збіраюцца выпускаць мільёнамі, а паказаны прататып называюць вельмі блізкім да фінальнай версіі, толькі яшчэ не поўнафункцыянальным.

У робаце – батарэя на 2,3 кілават-гадзіны і працэсар, распрацаваны «Tesla», модулі Wi-Fi і LTE. Робат мае важыць 73 кг і, паводле распрацоўнікаў, зможа несці да 20 кг. На малых частках робата – 28 асобных чыпаў для больш дакладных рухаў. «Мазгі» робата – штучны інтэлект, які наладжваюць на прыкладзе сістэмы аўтаномнага кіравання электрамабілямі «Tesla».

Маск верыць, што робат будзе «фундаментальнай трансфармацыяй цывілізацыі» і мае патэнцыял падвысіць аб’ёмы вытворчасці на два парадкі. Але пакуль невядома, дзе такі робат можа быць больш эфектыўным за чалавека або за вузкаспецыялізаваныя, а не чалавекападобныя апараты. Таксама невядома, калі «Tesla» плануе пачаць серыйны выпуск і продаж робатаў.

Hавiны
Дзмітрый Рагозін заявіў, што Ілан Маск адкажа «па-даросламу» за дапамогу Украіне
2022.05.08 13:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў