«Рабіце з украінцамі што хочаце». Прыгожын набраў у ПВК «Вагнэр» тысячу чалавек з расейскіх калоній


Яўген Прыгожын пабываў у дзвюх папраўчых калоніях у Растоўскай вобласці, дзе завербаваў на вайну тысячу зняволеных. Пра гэта «Вот Так» паведамілі арыштанты ПК-15 у Батайску, якія адмовіліся ісці на фронт. У гэтай калоніі, па іх словах, прапанову Прыгожына далучыцца да ПВК «Вагнэр» і адправіцца ва Украіну прынялі 700 чалавек – амаль палова ад агульнай колькасці «сядзельцаў».

Яўген Прыгожын на сустрэчы расейскіх і турэцкіх дзяржаўных дзеячаў і лідэраў бізнесу. Санкт-Пецярбург, Расея. 9 жніўня 2016 года.
Фота: Міхаіл Метцэль / ТАСС / Forum

Бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога СМІ называюць уладальнікам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», на днях пабываў у ПК-15 у суправаджэнні аднаго з кіраўнікоў ПВК Дзмітрыя «Вагнэра» Уткіна. Крыніцы «Вот Так» у калоніі распавялі, што абодва прыляцелі на асабістым верталёце Прыгожына. Сродкі назірання ў супрацоўнікаў ФСВП перад з’яўленнем Прыгожына адключылі, а адміністрацыя калоніі была вельмі напружаная і відавочна баялася такіх гасцей.

Набліжаны да Пуціна бізнэсовец, як і падчас візітаў у іншыя калоніі, шукаў забойцаў і рабаўнікоў для вайны ва Украіне, распавядаў, як сам сядзеў і «рэзаў мурынаў у Афрыцы». Зняволеным у ПК-15, якія сабраліся на пляцы, ён сказаў, што «патрапіўшы туды, рабіце з украінцамі ўсё, што захочаце, вам нічога за гэта не будзе».

«На запіс [у ПВК] сшыхавалася вялізная чарга, у ёй былі прадстаўнікі ўсіх “масцяў”». У нашай ПК-15 з паўтары тысяч чалавек вырашылі запісацца 700. Прыгожын сказаў, што ў будучыні створыць асобны легіён для «пакрыўджаных» (самая нізкая каста ў турэмнай іерархіі, з якой забароненыя кантакты астатнім. — Рэд.)», – сказаў «Вот Так» зняволены.

Вязням, якія запісаліся ў ПВК, паабяцалі не толькі свабоду праз паўгода службы, але і магчымасць зноў ваяваць, калі яны зноў трапяць за краты. Тых, што вырашылі пайсці на фронт, Прыгожын папярэдзіў: за правіны іх чакае смяротнае пакаранне. Ён растлумачыў, што камандзіры «Вагнэра» будуць без роздуму расстрэльваць «штрафбатаўцаў» за ўжыванне наркотыкаў, спробы ўцёкаў і здачы ў палон. Тым, хто гэтым разам адмовіўся ваяваць, бізнэсовец паабяцаў вярнуцца ў наступным годзе і зноў прапанаваць ім далучыцца да ПВК «Вагнэр».

Дзмітрый Уткін / Дзмітрый Уткін (справа) на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным.
Фота: Facebook

Прыгожын і Уткін наведалі яшчэ адну калонію ў Растоўскай вобласці, дзе прыкладна 300 з тысячы «сядзельцаў» пагадзіліся адправіцца ва Украіну. Усяго пасля візіту ў дзве папраўчыя ўстановы рэгіёну ПВК «Вагнэр» атрымала тысячу новых байцоў, што амаль адпавядае штату двух пяхотных батальёнаў.

Раней «Важные истории» паведамлялі, што ў Іванаўскай вобласці Прыгожын таксама пабываў у трох калоніях: ПК-2, ПК-4 і ПК-5. Там атрымалася завербаваць сумарна 650 ахвотных. У сацсетках пісалі, што ў Іванаўскай вобласці меркаваны ўладальнік ПВК «Вагнэр» не грэбаваў вербаваць хворых на пранцы і гепатыт. Для іх нібыта створаць асобную брыгаду.

Аналітыка
Вялікае наступленне ці выведка боем? Што вядома пра аперацыю ЗСУ на поўдні
2022.09.01 13:35

Леў Манскі / АА для «Вот Так»

Стужка навінаў