Польшча, Літва, Латвія і Эстонія хочуць абмежаваць уезд грамадзянам Расеі ў краіны ЕЗ


Кіраўнікі МЗС Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы як краінаў, якія мяжуюць з Расеяй, заявілі пра планаванае ўвядзенне абмежаванняў на ўезд грамадзянам Расеі з візамі іншых краінаў Еўразвязу. Таксама заявілі пра забарону на нацыянальным узроўні выдачы візаў грамадзянам РФ. Заяву апублікавалі на сайце эстонскага МЗС.

Расейска-латвійская мяжа.
Фота: W0zny/wikipedia.org

У заяве сказана, што прыпыненне дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расеяй – неабходны першы крок. Краіны таксама заклікалі рэзка зменшыць колькасць выданых візаў, каб скараціць плынь расейскіх грамадзянаў у ЕЗ і Шэнгенскую зону.

Яны папрасілі Еўракамісію прыняць адпаведныя захады наконт візаў, зрабіўшы выключэнне для дысідэнтаў, а таксама іншых гуманітарных выпадкаў. «Трэба і далей падтрымліваць супернікаў рэжыму Пуціна і даць ім магчымасць пакінуць Расею», – удакладняюць у заяве.

«Пакуль такія захады не будуць зробленыя на ўзроўні ЕЗ, мы як краіны, якія мяжуюць з Расеяй і Беларуссю, разгледзім магчымасць увядзення на нацыянальным узроўні часовых захадаў для забароны выдачы візаў ці абмежавання мінання мяжы для расейскіх грамадзянаў, якія маюць візы ЕЗ, каб развязаць неадкладныя праблемы грамадскай бяспекі», – гаворыцца ў заяве.

Фінляндыя, якая таксама мяжуе з Расеяй, раней выступала за ўвядзенне візавых абмежаванняў у дачыненні расейцаў, аднак гэтым разам да абмежаванняў не далучылася.

Усяго з канца лютага ў Фінляндыю, Польшчу, Эстонію, Літву і Латвію заехалі каля 700 тысяч расейцаў, у асноўным турысты.

Hавiны
ЕЗ прыпыніў пагадненне аб спрошчаным візавым рэжыме з РФ
2022.08.31 17:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў