Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Новы сучасны траўмапункт у Мікалаеве пасля расейскага нападу ранкам 1 жніўня 2022 года.
Фота: uniannet/Telegram

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну прайшло 159 дзён. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 41 030 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Адзначаецца, што ў памежных рэгіёнах Беларусі адбываецца разгортванне дадатковых комплексаў радыёэлектроннай барацьбы Узброеных сілаў РБ.

На сіверскім кірунку расейцы абстралялі ваколіцы населенага пункту Паўлаўка Сумскай вобласці. Паведамляецца, што ў памежных раёнах Бранскай і Курскай вобласцяў РФ праціўнік працягвае ўтрымліваць асобныя падраздзяленні сваіх войскаў.

На суседнім харкаўскім кірунку вораг абстраляў з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Новамікалаеўка, Прудзянка, Новае, Дзяменціеўка, Пітомнік, Баршчова, Руская Лазавая, Рускія Цішкі, Пятроўка, Базалееўка, Карабочкіна, Старая Гніліца і Іванаўка. Таксама быў нанесены авіяцыйны ўдар каля Масьпанава.

Між тым амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW) выказаў меркаванне, што расейскія войскі намагаюцца стварыць умовы для наступу на паўночны захад ад лініі гарадоў Ізюм – Славянск, каб у выніку выйсці да Харкава.

На славянскім кірунку расейцы сіламі выведнай групы намагаліся ўдакладніць размяшчэнне ўкраінскіх пазіцыяў каля Мазанаўкі, але поспехаў не мелі ды адышлі.

Hавiны
Расейскія войскі атакавалі цывільныя аб’екты ў 60 разоў часцей, чым ваенныя
2022.08.01 10:08

Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Чэпілю, Пратапопаўкі, Грушувахі, Гусараўкі, Дзіброўнага, Мазанаўкі, Краснаполля, Даліны і Барвінкава.

На краматорскім кірунку актыўных штурмавых дзеянняў акупанты цягам апошніх содняў не праводзілі, абмежаваўшыся абстрэламі ўкраінскіх тэрыторыяў каля населеных пунктаў Сіверск, Серабранка, Грыгораўка, Верхнякаменскае, Званаўка, Івана-Дар’еўка і Спірнае.

На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок населеных пунктаў Вяршына і Салядар поспеху не мелі, які і спроба выведкі ў бок Якаўлеўкі. Цяпер расейцы праводзяць наступ у бок Бахмуту, баявыя дзеянні працягваюцца.

Таксама праціўнік абстраляў ваколіцы населеных пунктаў Бераставое, Салядар, Бахмут, Касцянцінаўка, Вясёлая Даліна, Зайцава, Вяршына, Кодзема, Семігор’е і Траўневае.

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі штурмавыя дзеянні ў бок населенага пункту Піскі, але поспеху не мелі ды адышлі. Таксама яны абстралялі тэрыторыі каля Новакалінава, Навасёлаўкі, Аўдзееўкі, Нятайлава і Краснагораўкі.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейцы праводзілі выведку боем у ваколіцах Мар’інкі, але поспеху не мелі, пасля чаго адышлі на старыя пазіцыі. Варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Мар’інка, Новаміхайлаўка, Паўлаўка, Шаўчэнка, Навасёлка, Новапаль, Мілінаўка, Чароўнае, Гуляйпольскае, Арыхаў і Камянскае. Цяпер адзначаецца перагрупаванне акупацыйных войскаў на запарожскім кірунку.

На паўднёвабужскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы абстралялі ваколіцы больш за 30 населеных пунктаў. Цяпер яны праводзяць паветраную выведку з дапамогаю беспілотнікаў і ўзмацняюць сваю групоўку на крыварожскім кірунку.

Украінскія сілы ў сваю чаргу ўчора двойчы нанеслі авіяцыйныя ўдары па апорных пунктах расейскіх войскаў на Херсоншчыне. Пра гэта паведамілі ў Аператыўным камандаванні «Поўдзень» ЗСУ.

Па словах прадстаўніка камандавання Уладзіслава Назарава, апорныя пункты расейцаў размяшчаліся ў раёнах населеных пунктаў Белагорка і Сухі Ставок.

Hавiны
Першы карабель са збожжам выйшаў з адэскага порту. На борце – 26 тысяч тонаў кукурузы
2022.08.01 11:43

Ваенна-марскія сілы Украіны паведамілі пра 11 узятых у палон акупантаў на паўднёвабужскім кірунку. Паводле ВМС, сярод палонных 1 афіцэр, 1 прапаршчык і 9 салдат, мабілізаваных з так званай ДНР. 

Таксама цягам апошніх содняў расейцы працягнулі наносіць ракетныя ўдары ўглыб тэрыторыі Украіны. Так, уначы з 31 ліпеня на 1 жніўня яны абстралялі цывільныя аб’екты ў Харкаве і Мікалаеве.

Пры гэтым цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Украіны паведаміў, што з пачатку вайны расейскія войскі атакавалі цывільныя аб’екты на ўкраінскай тэрыторыі ў 60 разоў часцей, чым ваенныя.

Паводле звестак цэнтру, з пачатку расейскага ўварвання 24 лютага расейскія войскі нанеслі каля 300 удараў па ваенных абʼектах Украіны і 17,3 тысячы – па цывільных.

Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі Украіны мяркуе, што прычына ўдараў па цывільных абʼектах, між іншага, – нізкая дакладнасць расейскай зброі і ўжыванне састарэлых або ілжывых звестак.

 Тым часам міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў паведаміў, што першае судна з украінскім збожжам пакінула адэскі порт. Судна «Razoni», якое ідзе пад сцягам Сьера-Леонэ, накіруецца ў порт Трыпалі ў Ліване. На яго борце – 26 тысяч тонаў украінскай кукурузы.

Паводле Кубракова, разблакаванне партоў дасць не менш за 1 мільярд долараў валютнай выручкі для эканомікі і магчымасць аграрнаму сектару планаваць пасяўную ў наступным годзе»

BK belsat.eu

Стужка навінаў