Улады Косава да 1 верасня адклалі рашэнне, праз якое ўзнік канфлікт на мяжы з Сербіяй


Улады Косава да 1 верасня адклалі працэдуру ўвядзення забароны на сербскія дакументы, праз якую ўзнік канфлікт з сербскім насельніцтвам на поўначы краіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве ўраду Косава, апублікаванай прэм’ер-міністрам краіны Альбінам Курці.

«У супрацы з нашымі міжнароднымі хаўруснікамі мы бярэм абавязак адкласці выкананне рашэнняў наконт аўтамабільных нумарных знакаў і дакументаў для ўезду-выезду ў пунктах перасячэння мяжы з Сербіяй на 30 дзён пры ўмове, што ўсе барыкады будуць прыбраныя і што поўная свабода перамяшчэння адновіцца», – напісаў прэмʼер-міністр Косава Альбін Курці.

У арганізацыі беспарадкаў Косава абвінаваціла афіцыйны Бялград.

«Урад Рэспублікі Косава рашуча асуджае блакаванне дарог на поўначы Косава і страляніну ўзброеных людзей у паліцыю. Гаворка ідзе пра спробы дэстабілізаваць Косава і паставіць пад пагрозу мір і бяспеку грамадзянаў і нашай краіны», – гаворыцца ў паведамленні.

Раней Курці разам з прэзідэнтам Косава і намеснікамі прэмʼер-міністра сустрэліся з амерыканскімі і еўрапейскімі міжнароднымі прадстаўнікамі.

«Мы ўдзячныя міжнародным партнёрам, асабліва амерыканскаму паслу, за іхны ўнёсак», – гаворыцца ў заяве косаўскага ўраду.

31 ліпеня на поўначы Косава пачаліся ўзброеныя сутыкненні праз змены правілаў праезду ў Косава, якія краіна мела ўвесці 1 жніўня. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч заяўляў, што армія Косава збіраецца нібыта напасці на сербаў на поўначы краіны. З афіцыйнай заявай таксама выступіў міратворчы кантынгент KFOR – міжнародныя сілы бяспекі ў Косава пад кіраўніцтвам NATO. У заяве гаварылася, што KFOR гатовыя ўмяшацца ў сітуацыю, калі стабільнасць паўночных раёнаў Косава будзе пад пагрозай.

Hавiны
Абвастрэнне на мяжы Сербіі і Косава: паведамляецца пра сірэны, барыкады і стрэлы
2022.07.31 23:15

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў