Падчас суда Рыгор Кастусёў заявіў, што з боку следства на яго аказваўся ціск


У судзе Менскага раёну 1 жніўня працягваецца пасяджэнне па справе «аб змове з мэтай захопу ўлады» у дачыненні да пяці чалавек: Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Юрыя Зянковіча, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.

Пасля абвяшчэння абвінавачанняў першым дапыталі лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Ён заявіў, што на этапе следства на яго аказваўся ціск, паведамляе «Sputnik».

Рыгор Кастусёў у судзе. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Падчас суда пракурор зачытаў паказанні Кастусёва следчаму КДБ. Па словах пракурора, 15 красавіка 2021 года Кастусёў адмовіўся даваць паказанні, а потым напісаў чыстасардэчнае прызнанне аб тым, што Зянковіч прапаноўваў яму прыняць удзел у онлайн-канферэнцыях. Калі на судзе пракурор спытаўся ў яго, ці не абгаварыў Кастусёў кагосьці з абвінавачаных, той адказаў: «Імкнуўся не агаворваць, цяжка ўспомніць».

Таксама Кастусёў заявіў, што, калі ён ужо быў у СІЗА, сілавікі часова затрымлівалі яго дачку і зяця.

«Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна», – сказаў палітык.

Кастусёў дадаў, што ведаў, што яго могуць затрымаць, але не ўцёк з Беларусі, хаця мае жыллё за мяжой. Ён таксама заявіў, што зяць адной з дачок зʼехаў у Польшчу, яшчэ адна дачка з чатырма дзецьмі таксама зʼехала з Беларусі пасля яго затрымання.

Hавiны
Працягваецца суд у «справе змоўнікаў». Рыгор Кастусёў віны не прызнаў
2022.08.01 14:13

Суд у так званай «справе змоўнікаў» пачаўся 29 ліпеня. На лаве падсудных – палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябра БНФ Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойнік Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юрый Зянковіч. Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка. Паводле БелТА, Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова.

  • Юрый Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).
  • Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў – паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
  • Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук – паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
  • Справу расследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Фігурантамі справы застаюцца таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія цяпер за мяжамі Беларусі.

Пяцярых абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ўсіх, акрамя Юрыя Зянковіча. Фігурантаў справы трымаюць за кратамі больш за 15 месяцаў. «Белсат» працягвае сачыць за працэсам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў