Вайсковая хунта ў М’янме абвесціла пра стварэнне часовага ўраду


Вайскоўцы, якія захапілі ўладу ў М’янме, працягнулі на два гады рэжым надзвычайнага становішча і абвесцілі часовым прэм’ер-міністрам галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі, піша «Deutsche Welle». У краіне ствараецца ўрад пераходнага перыяду паводле аналогіі з часовым урадам генерала Нэ Ўіна 1958–1960 гадоў.

Пра стварэнне ўраду пераходнага перыяду абвесціла Дзяржаўная адміністрацыйная рада краіны.

Пераходны ўрад ствараецца паводле аналогіі з часовым урадам генерала Нэ Ўіна. Той прыйшоў да ўлады ў 1958 годзе і ўзначальваў урад да ўсеагульных выбараў 1960 года. Новы ўрад узначаліць старшыня дзяржаўнай рады і лідар вайсковай хунты генерал Мін Аўн Ляйн. Надзвычайнае становішча ў краіне будзе працягнутае да жніўня 2023 года.

Пратэсты супраць вайсковага перавароту ў М’янме, вядомыя таксама як Вясновая рэвалюцыя, распачаліся 2 лютага 2021 года ў адказ на вайсковы пераварот і арышт Аўн Сан Суў Чы і ўсталяванне ў Мʼянме вайсковага рэжыму пад кіраўніцтвам Дзяржаўнай адміністрацыйнай рады.

З 1962 года цягам некалькіх дзесяцігоддзяў формай кіравання ў М’янме была вайсковая дыктатура. Дэмакратычныя пераўтварэнні ў краіне распачаліся ў 2011 годзе. У лістападзе 2020 года на выбарах з вялікай перавагай перамагла Нацыянальная ліга за дэмакратыю лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру Аўн Сан Суў Чы. Прадстаўнікі ўзброеных сілаў заявілі пра фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

1 лютага 2021 года вайскоўцы М’янмы захапілі ўладу, абвесціўшы пра ўвядзенне надзвычайнага становішча тэрмінам на адзін год. 75-гадовая Аўн Сан Суў Чы і шмат якія іншыя палітых з таго часу застаюцца пад арыштам. 14 чэрвеня над экс-кіраўніком МЗС распачаўся суд. У краіне не спыняюцца масавыя пратэсты, якія жорстка душацца вайскоўцамі. Паводле праваабаронцаў, падчас пратэстаў загінулі больш за 900 чалавек, больш за 6 тысячаў былі затрыманыя.

У чэрвені генерал Мін Аўн Ляйн наведваў міжнародную канферэнцыю ў Маскве. «Голас Амерыкі» звязваў такія кантакты з імкненнем Расеі развіваць сувязі з М’янмай, нягледзячы на міжнароднае асуджэнне.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў