Татальная зачыстка. Беларусь спрабуюць вярнуць у савок

Беларускае кіраўніцтва відавочна наважылася канчаткова разабрацца з усімі «класавымі ворагамі». Асфальтавы каток рэпрэсій метадычна падмінае пад сябе структуры грамадзянскай супольнасці і недзяржаўныя медыя, піша Аляксандр Класкоўскі для vot-tak.tv.

Пад татальную зачыстку падводзіцца «жалезабетонная» матывацыя. Маўляў, пад выглядам дабрачыннасці некамерцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужы палітычны заказ. А «свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць». Так заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі 30 ліпеня.

Аналітыка
Нічога новага не сказаў, але для чаго збіраў? Абмяркоўваем шматгадзінны выступ Лукашэнкі перад чыноўнікамі
2021.07.30 18:11

ПАТРАПІЛІ ПАД РАЗДАЧУ НАВАТ ТЫЯ, ХТО ДАПАМАГАЎ ЛЮДЗЯМ З ІНВАЛІДНАСЦЮ

Паводле словаў Лукашэнкі, сярод некамерцыйных арганізацыяў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы. І наогул «рост колькасці некамерцыйных арганізацыяў – гэта маркер падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый».

Што ж, такі рост Беларусі цяпер не пагражае. Па дадзеных праваабаронцаў, у гэтыя дні ліквідуюцца або ўжо ліквідаваныя дзясяткі структур трэцяга сектара. У іх ліку такія знакавыя брэнды, як Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Press Club Belarus. Знішчаюцца самі праваабарончыя структуры.

Людзі сустракаюць сваякоў і сяброў, якія вызваліліся з СІЗА ў Жодзіна. Вакол стаяць валанцёры, якія гатовыя развозіць людзей па дамах. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: vot-tak.tv / belsat.eu

Ідуць пад нож і арганізацыі, зусім далёкія ад палітыкі: экалагічныя, якія дапамагалі людзям з інваліднасцю, якія займаліся праграмамі нефармальнай адукацыі, абаронай жывёлаў. Улады косяць з размахам, азартам: раззудіся, плячо, размахніся, рука! Карціна знішчэння НКА выглядае апакаліптычна.

БЛОГЕРАЎ ТАКСАМА ХОЧУЦЬ КУРЫРАВАЦЬ

Таксама працягваецца пагром незалежных медыяў, блогераў. Гаворачы пра медыясферу, Лукашэнка 30 ліпеня падкрэсліў: «Адна гісторыя – крытыкаваць уладу. І мы заўсёды ўспрымалі крытыку адэкватна. <…> Іншая – заклікаць да бунту і крывавых расправаў з тымі, хто не падтрымлівае гэтыя так званыя рэвалюцыйныя, бандыцкія настроі. Нагнятаць атмасферу страху і недаверу праз сфабрыкаваныя слівы, кібератакі і доступ да асабістых дадзеных. Гэтага не будзе».

Але ж пад удар трапілі ў першую чаргу прафесійныя рэсурсы, якія верыфікавалі інфармацыю і пазбягалі радыкалізму, – TUT.by, «Наша ніва», рэгіянальныя выданні.

Дарья i Паўліна Лосік – жонка і дачка блогера Ігара Лосіка. Ігар прызнаны палітычным зняволеным і больш за год знаходзіцца ў турме. Студзень 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Відавочна, што ўладам важна ў прынцыпе выкараніць незалежныя крыніцы інфармацыі, альтэрнатыўных меркаванняў. Лукашэнка паставіў вертыкальшчыкам задачу «у твар ведаць усіх журналістаў, блогераў, адміністратараў тэлеграм-каналаў і чатаў, якія пражываюць і працуюць у раёне, працаваць з імі асабіста. Усё павінна быць не проста пад кантролем, а рабіцца з вашага дазволу». Іншымі словамі, ідэал – цалкам падкантрольнае, сервільнае медыяполе а-ля СССР.

ЗАХОЎВАЦЬ ВІТРЫНУ ЎЖО НЯМА СЭНСУ

Чаму кіруючая вярхушка зладзіла гэты апакаліпсіс? Бо да пары да часу рэжым цярпеў НКА і незалежныя СМІ, трымаючы іх у рэзервацыі.

Справа ў тым, што цяпер, пасля леташніх пратэстаў, якія ўзрушылі сістэму, Лукашэнка і яго атачэнне думаюць у логіцы выжывання. На вайне як на вайне. Яны ва ўпор не жадаюць бачыць і аналізаваць унутраныя прычыны глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, які выбухнуў па выніках апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Многія беларусы, якія паверылі ў шанец на перамены, палічылі тады, што іх галасы скралі. Менавіта абурэнне вывела людзей на вуліцы, а не замежныя лялькаводы. Так, іншыя тэлеграм-каналы і сапраўды каардынавалі пратэсты, але было б няма чаго каардынаваць, не выспей у самім грамадстве запыт на змену ўлады, якая надакучыла. А ўжо прафесійныя незалежныя СМІ і зусім займаліся выключна асвятленнем і аналізам бурных падзеяў.

Кацярына Барысевіч спацыруе ў Батанічным садзе. Журналістка правяла паўгода ў турме за публікацыю артыкула, у якім гаварылася, што ў загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю ў крыві. Менск, Беларусь. 5 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Аднак у ідэалагічнай карціне беларускіх уладаў усе, хто не з імі, – ворагі, якімі верхаводзіць падступны, агрэсіўны Захад. А з ворагамі размова кароткая.

Раней, калі з Захадам было больш-менш, наяўнасць НДА і незалежных СМІ можна было дэманстраваць яму як сведчанне, што не так страшны беларускі рэжым, як яго малююць. Цяпер, калі з Еўразвязам і ЗША пайшла капітальная заруба, калі заходнія санкцыі мацнеюць, а шанцы аднавіць дыялог не праглядаюцца, захоўваць нават гэтую сціплую вітрыну з пункту гледжання рэжыму няма сэнсу.

Нарэшце, неўзабаве павінен прайсці рэферэндум па новай канстытуцыі. І кіруючай вярхушцы важна, каб ніхто не гнаў сустрэчную хвалю.

АНАЛІТЫК: КУРС НА ТАТАЛІТАРЫЗАЦЫЮ ПРАЦЯГНЕЦЦА

Магчыма, раней у атачэнні Лукашэнкі мелі вагу аргументы тых, хто ўсведамляў, што НКА робяць шмат карыснай працы, да якой не даходзяць рукі ў дзяржавы, а незалежныя СМІ з’яўляюцца каштоўнай крыніцай зваротнай сувязі. Але цяпер і на гэтыя меркаванні, падобна, махнулі рукой. Вырашылі: калі ўжо зачышчаць, так зачышчаць. І хопіць таго, што пра настроі мас дакладваюць спецслужбы.

Аднак даклады спецслужбаў – спецыфічны матэрыял. Людзі ў пагонах прывыклі маляваць свет у катэгорыях інтрыг, змоваў.

Меркаванні
Хто каму вінен? Разбіраемся ў беларуска-расейскіх адносінах
2021.07.31 16:27

Таму, мякка кажучы, і карціць кіруючай вярхушцы. Хіба амаль усё ўжо закатанае ў асфальт, а ваяўнічая рыторыка не сціхае, начальніцкае ўяўленне малюе ўсё новыя інтрыгі, змовы, тэракты. І таму для большай надзейнасці прыхлопваюць нават зоаабаронцаў, не кажучы ўжо пра рэшткі непадкантрольных СМІ.

На нейкі час такое дывановае бамбаванне, вядома, дасць аглушальны эфект. Але грамадзянская супольнасць – гэта ж не офісы з бланкамі і пячаткамі. Беларусы ўжо зусім не тыя, што былі ў 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады.

Марш Міру і Незалежнасці. У краіне ўжо 22 дзень пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На здымку — Марыя Калеснікава прамаўляе да людзей. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Грамадства стала непараўнальна больш прасунутым, яго запыты моцна выраслі. Што, уласна, і паказалі леташнія падзеі. І нават ва ўмовах сённяшніх рэпрэсій працягваюць працаваць гарызантальныя сувязі, салідарнасць. Знішчыць грамадзянскую супольнасць як такую не атрымаецца, таму што гэта ўжо ў мазгах.

Таксама немагчыма ўсталяваць татальны кантроль над медыясферай. Нават у СССР людзі слухалі «галасы». Зараз рэдакцыі разгромленых СМІ наладжваюць працу з-за мяжы. Акцэнт ссоўваецца на тэлеграм, які не забіць.

Аднак у людзей, якія кіруюць цяпер Беларуссю, выбару з пункту гледжання іх логікі няма. Якія дыялогі з апазіцыяй, якія празрыстыя выбары? Даць слабіну значыць загінуць. Таму, як прагназуе палітычны аналітык Валер Карбалевіч, «курс на таталітарызацыю Беларусі будзе працягвацца».

Эксперымент па вяртанню асобна ўзятай краіны з XXI стагоддзя ў поўны савок можна было б назваць вельмі інтрыгуючым, але просяцца зусім іншыя эпітэты, таму што гэтая калясніца з хрустам едзе па чалавечых лёсах.

Аляксандр Класкоўскі vot-tak.tv

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў