Першы візіт амерыканскага прэзідэнта ў Беларусь: «Божа, я як удома!»


1 ліпеня 1974 года Беларусь упершыню наведаў амерыканскі прэзідэнт. Гэта адбывалася на фоне паляпшэння адносінаў паміж ЗША і СССР, падпісання дамовы аб скарачэнні ядравых узбраенняў і забароне іх выпрабавання пад зямлёй. Як амерыканцы адкрылі Менск і даведаліся пра Хатынь, чытайце ў матэрыяле «Белсату».

Прэзідэнт Рычард Ніксан у Менску. 1 ліпеня 1974 года. Крыніца: interfax.by

У 1968 годзе ў ЗША прэзідэнтам стаў сын фермераў з Каліфорніі Рычард Ніксан. У гісторыю ён увайшоў як амерыканскі прэзідэнт, пры якім адбылася першая высадка чалавека на Месяцы (1969), курс долара адвязалі ад золата (1971), наладзіліся адносіны з КНР (1972), выводзіліся амерыканскія войскі з В’етнаму (1973), а таксама пачалася змяншацца напруга ў дачыненнях з СССР.

26 траўня 1972 года Ніксан і лідар СССР Леанід Брэжнеў падпісалі дамову аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў – так была спыненая гонка нарошчвання ядравых арсеналаў, пасля чаго ў ЗША іх пачалі скарачаць. У працяг гэтай справы Ніксан наведаў СССР летам 1974 года – спачатку Крым, як тое рабіў прэзідэнт Фрэнклін Рузвэлт у 1945 годзе падчас Ялцінскай канферэнцыі, затым Менск і потым Маскву.

«Божа, я як удома!»

За два тыдні да афіцыйнага візіту ва ўрадавую рэзідэнцыю «Заслаўе» прыехалі прадстаўнікі ЗША, каб паглядзець на ўмовы, у якіх апынуцца Рычард Ніксан ды ягоная жонка, і дамовіцца наконт афармлення памяшканняў. Адзіная просьба, што здзівіла персанал, – лаўка для Ніксана. Штука ў тым, што прэзідэнт ЗША меў хворыя ногі, а падчас вандроўкі на Блізкі Усход у яго ўзмацніўся флебіт. Калі Ніксан 1 ліпеня прыехаў у «Заслаўе», сеў пасля пераезду ў фатэль, а выцягнутыя ногі паклаў на падрыхтаваную для яго лаўку, то ў яго вырвалася: «Божа, я як удома!». Валянціна Семяненка, якая адказвала за рыхтаванне пакою для Ніксанаў, у выніку атрымала падарунак ад амерыканцаў у выглядзе талеркі з 24 каратамі золата.

Напярэдадні ўжо ўзгодненага прыезду ў амерыканскіх медыях адна за адной пайшлі навіны, што ў Менску «група савецкіх габрэяў пачала галадаваць». Гаварылася, што гэта 9 асобаў, у тым ліку афіцэры Савецкай Арміі, якім забаранілі эміграваць у Ізраіль. У выніку органы правялі арышт габрэйскіх актывістаў па ўсім СССР.

Цікава, што ў амерыканскіх газетных публікацыях пра Менск увесь час падкрэслівалася, што гэта «сталіца Беларусі», быццам нешта выключнае для СССР, на адрозненне ад Ялты і Крыму. Аднак назву нашай краіны замежныя журналісты як толькі тады ні пісалі – і «Byelbrussia» і «the Byelorussian Republic».

Менчукі вітаюць Пэт Ніксан. 1 ліпеня 1974 года. Крыніца: Youtube / AP Archive

1 ліпеня 1974 года а 12:20 самалёт з Рычардам і Пэт Ніксанамі, а таксама адказным за замежную палітыку Гэнры Кісінджэрам прызямліўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах (Нацыянальны аэрапорт «Менск» пабудуюць толькі ў 1983 годзе і якраз сёння ён адзначае сваё 40-годдзе). Рычард Ніксан выйшаў з самалёта, ён трохі прыкульгваў – моцна апухлая левая нага давалася ў знакі. На аэрадроме Ніксанаў сустракаў звезены сюды натоўп менчукоў, пераважна жанчын, якія трымалі сцяжкі СССР, ЗША і БССР.

«Гэта быў дзень, які абудзіў успаміны пра савецка-амерыканскі альянс часоў вайны, шмат жыхароў Менску прыйшлі, каб павітаць прэзідэнта Ніксана, які выкарыстоўваў любую магчымасць, каб зліцца з натоўпам», – пісаў амерыканскі журналіст «The New York Times».

Расклад наведвання дэлегацыяй ЗША Менску 1 ліпеня 1974 года. Крыніца: President Richard Nixon’s Daily Diary, July 1-31, 1974.

Машэраў парушыў пратакол

Пасля прыезду ў рэзідэнцыю «Заслаўе» кіраўніцтва БССР правяло ўрачысты абед у гонар Ніксанаў, падчас якога амерыканскі прэзідэнт выступіў з прамовай:

«Я хачу, каб усе ведалі. Калі генеральны сакратар Брэжнеў абраў рэспубліку і горад, куды, на ягоную думку, мне варта было б паехаць, я цяпер разумею, чаму ён абраў Менск. Я раней думаў, што Менск і Беларусь наогул славутыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут. Але сёння, седзячы тут і размаўляючы з маімі суседзямі, я даведаўся, што жанчыны Беларусі не толькі прыгожыя, яны яшчэ і смелыя. І калі я пытаюся ў сябе, чаму ж гэтаму гораду нададзенае званне гораду-героя, мне ясна: па-першае, таму што гэты горад гэтак шмат выпакутаваў разам з усёй рэспублікай. Па-другое, таму што змагаліся тут падчас вайны не толькі мужчыны, але і жанчыны. І па-трэцяе, таму што пасля ўсіх бедаў вайны, усіх пакутаў гэты горад і ўся рэспубліка былі адноўленыя. Таму Менск – гэта сапраўды горад-герой. А Беларусь – гэта сапраўды рэспубліка-герой».

Артыкулы
Ад Касцюшкі да Ціханоўскай: 250 гадоў гісторыі беларуска-амерыканскіх кантактаў
2021.07.22 11:05

Гэты словы настолькі ўразілі Пятра Машэрава, што ён наважыўся парушыць пратакол. Ён падышоў да перакладчыкаў, сярод якіх быў Віктар Сухадрэў, і сказаў: «Вы ведаеце, я, мабыць, паеду з ім у Хатынь». Але гэта не прадугледжвалася пастановай Палітбюро, згодна з якой Машэраву прадпісвалася толькі сустрэць Ніксана і прысутнічаць з ім на абедзе. У вандроўцы ж у Хатынь Ніксана меўся суправаджаць старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага савету Беларусі Фёдар Сурганаў, якога замежныя журналісты называлі «прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі». Сухадрэў настолькі быў уражаны такою сваволяю Машэрава, што не абышоў увагай яго ў сваіх успамінах і тым самым засведчыў, наколькі нават самыя нязначныя крокі рэгламентаваліся з Масквы: «Так што Пётр Міронавіч праявіў рэдкую для тых часоў самастойнасць, калі парушыў прадпісанне».

Плошча Якуба Коласа, знятая амерыканскімі журналістамі. 2 ліпеня 1974 года. Крыніца: Youtube / AP Archive

Менск здзівіў амерыканцаў

Амерыканскія журналісты былі прыемна ўражаныя Менскам, які «быў амаль разбураны ў сусветную вайну, савецкія войскі адбілі яго 3 ліпеня 1944 года»: «Цяпер гэта росквітны мільённы індустрыйны горад, размешчаны паміж Масквой і Варшавай». Амерыканская дэлегацыя трапіла якраз на свята вызвалення гораду.

Пасля «Заслаўя» картэж Ніксана рушыў у Менск, убраны ў чырвонае, упрыгожаны лічбамі «30» і партрэтамі савецкіх лідараў, найперш Леніна і Брэжнева: «Гэта горад з шырокімі, абсаджанымі дрэвамі вуліцамі, жоўтымі будынкамі ў белым аздабленні, статуямі ў памяць пра яго жорсткую гісторыю, якая візуальна паўсюль, у тым ліку ў фрэсках і лозунгах, падкрэслівае, што гэта камуністычная краіна».

Манумент Перамогі, зняты амерыканскімі журналістамі. 2 ліпеня 1974 года

Амерыканская дэлегацыя спынілася побач з манументам Перамогі, аточаным вялізным натоўпам менчукоў, адмежаваным бар’ерамі і салдатамі, якія ўтваралі быццам клетку. Рычард Ніксан выйшаў з лімузіна і «паклаў зялёны вянок з чырвонымі кветкамі», а затым падышоў да людзей і стаў паціскаць ім рукі, тым самым ён выклікаў у іх хвалю радасці. Затым дэлегацыя вырушыла ў Хатынь.

Перакладчык Віктар Сухадрэў распавядае Рычарду Ніксану пра Хатынь. 1 ліпеня 1974 года. Фота Юрый Абрамачкін.
Фота: Soviet Visuals / Facebook

Цягам 45 хвілінаў Рычард і Пэт Ніксаны слухалі аповед экскурсаводкі Наталлі Кушалёвай, прайшлі праз поле голых комінаў і далей да сажалкі, у якую госці кінулі некалькі манетаў са словамі: «На жыццё». Калі Ніксан падышоў да помніка чалавека з дзіцём на руках, ён сказаў: «Гэта ўсё вельмі, вельмі хвалюе».

Хатынь, знятая амерыканскімі журналістамі. Крыніца: Youtube / AP Archive

На завяршэнне ён пакінуў запіс у кнізе гасцей. Каб гэта зрабіць, яму прыйшлося сесці на пастаўлены асобна стол. Ягоны памочнік пасля са страхам сказаў: «Божа мой! Я ўяўляю сабе, што напішуць пад гэтымі здымкамі нашы журналісты: «Ніксана выгналі з Белага дому!». Гэта было быццам прадказанне.

Ніксан робіць запіс у Кнізе гасцей у Хатыні. Крыніца: «Язык мой – друг мой»
Запіс Рычарда Ніксана пасля наведвання Хатыні. 1 ліпеня 1974. Крыніца: flickr.

Увечары Ніксан паляцеў у Маскву, дзе 3 ліпеня 1974 года падпісаў з Брэжневым дамову аб абмежаванні падземных выпрабаванняў ядравай зброі. Па вяртанні ў ЗША Ніксан сутыкнуўся з пагрозай імпічменту, калі выявілася, што прадстаўнікі рэспубліканцаў падчас выбарчай кампаніі 1972 года спрабавалі паставіць прылады праслухоўвання  ў штабе дэмакратаў ва Ўотэргейце. Ніксан добраахвотна пайшоў з пасады 9 жніўня 1974 года. Сярод вынікаў ягонай вандроўкі ў Беларусь стала тое, што гісторыя Хатыні, знішчанай нацыстамі 22 сакавіка 1943 года, стала вядомая на Захадзе: «Сто сорак дзевяць жыхароў вёскі былі спаленыя жывымі, з іх – 75 дзяцей».

Брама гораду. Менск. 2 ліпеня 1974 года. Крыніца: Youtube / AP Archive

Як выглядаў Менск падчас наведвання амерыканскай дэлегацыі, паглядзіце тут

Аналітыка
«На «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму» можна спісаць усё што заўгодна». Гістарычная памяць пад прыцэлам
2021.05.09 11:46

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў