Выпускніцу БДУ, якая публічна падзякавала палітвязню Максіму Знаку, затрымалі сілавікі


Студэнтку юрфаку БДУ Кацярыну Віннікаву, якая падчас атрымання дыплому падзякавала палітвязню Максіму Знаку і звольненым выкладчыкам-юрыстам, затрымалі сілавікі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Студэнцкая думка».

У студэнткі ў інтэрнаце правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбук. Кацярыну некалькі гадзінаў дапытвалі ў РУУС, адваката да яе не дапусцілі. Пазней яна змагла патэлефанаваць і паведаміла пра затрыманне ды пра складанне пратаколу.

У 22:22 тэлеграм-канал менскай міліцыі паведаміў, што дзяўчына прыйшла ў РУУС «для разбіральніцтва» і цяпер «праводзіцца праверка». У сувязі з чым праводзіцца праверка ў міліцыі не ўдакладнілі.

Нагадаем, 29 чэрвеня падчас уручэння дыпломаў на юрыдычным факультэце БДУ Кацярына Віннікава выступіла з моцнай прамовай. Яна са сцэны падзякавала Максіму Знаку і звольненым выкладчыкам:

«Нізкі паклон Алене Уладзіміраўне Лаеўскай, Кацярыне Віктараўне Новікавай, Аляксею Іванавічу Сахарчуку, Алене Іванаўне Басалай, Максіму Аляксандравічу Знаку. Дзякуй за тое, што паказалі сваім прыкладам, хто такі юрыст і што такое права!»

«Як сказаў Віктар Гюго: для мяне не важна, на чыім баку сіла, для мяне важна, на чыім баку права! Памятайце, калі ласка, усе, хто збіраюцца працаваць юрыстамі або працуе юрыстамі: права – гэта мастацтва дабра і справядлівасці. А дабро, розум і чалавечая годнасць у сукупнасці заўсёды перамагаюць».

Прамова Кацярыны выклікала бурныя авацыі, а відэа з цэрэмоніі ўручэння дыпломаў адразу набыло папулярнасць у інтэрнэце.

Hавiны
«Абвінавачанне беспадстаўнае». Следства ў справе Максіма Знака завершанае
2021.05.11 14:01

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў