Як бацькам абараніць дзяцей ад палітычнага ціску ў школе


Школьныя заняткі ў Беларусі скончыліся ў Дзень абароны дзяцей. Вакацыі праляцяць хутка, а веды пра тое, як бараніць сваіх дзяцей ад таго, што можа іх чакаць у школе, могуць спатрэбіцца і ў наступным навучальным годзе.

Адкрыццё школы. Фота з экрану. Менск, Беларусь. 25 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Міжнародны дзень абароны дзяцей «Белсат» цікавіцца, як бацькі могуць дапамагчы дзецям-школьнікам, калі тыя сутыкаюцца з гвалтам ці непажаданай прапагандай у навучальнай установе.

Васіль (імя змененае) пасля жніўня 2020 году ўладкаваўся настаўнікам у менскай школе і нядаўна звольніўся. Міністэрства адукацыі, кажа ён, пасля жніўня прапаноўвала ўсім школам «максімальна не кранаць» палітычныя тэмы. У яго школе пасля выбараў «тэму максімальна замялі», але настаўнікі хадзілі з белымі стужкамі, абмяркоўвалі між сабой палітычныя падзеі. Дзеці ж, кажа ён, ведалі пра тое, што адбываецца, «пачынаючы з 5–6 класа»: «усё інфаполе было гэтым занятае», а дзеці сядзяць у сацыяльных сетках кшталту Instagram і TikTok.

Калі настаўнік праводзіць палітычную агітацыю на сваіх уроках (або класных ці інфармацыйных гадзінах) і калі бацькам гэта не падабаецца, бацькі могуць напісаць на яго заяву ў адміністрацыю школы, адмовіцца адпускаць дзіця да гэтага настаўніка. Але «пытанне ў тым, што ўвесь клас гэта не напіша», адзначае Васіль. Ён лічыць, што больш эфектыўным будзе пісаць пра гэта ў прэсу, бо «людзі, якія такім займаюцца, вельмі баяцца, каб пра іх пісалі ў СМІ».

Аляксандр Лукашэнка наведвае адну са сталічных школ. Фота з экрану. Менск, Беларусь. 25 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

«Патрыятычныя мерапрыемствы» звычайна праводзяцца на штотыднёвых інфармацыйных гадзінах перад урокамі. На гэтыя гадзіны бацькі могуць проста не адпускаць дзяцей – школа не можа абавязаць наведваць іх, як і класную гадзіну ці наведванне хакею. Неабавязковыя «палітычныя мерапрыемствы» кшталту прыняцця ў БРСМ ці паходаў глядзець хакей робяцца толькі для таго, каб падаць лічбы: «што па спісах пэўная колькасць людзей праходзіць», кажа Васіль.

«Для мяне не было такіх праблемаў, бо я адразу сказаў адміністрацыі школы, што не буду на гэта вадзіць дзяцей, – кажа былы настаўнік Васіль. – Тады палітычная сітуацыя дазваляла спакойна размаўляць на гэтую тэму з адміністрацыяй, яны намагаліся «замяць» гэтую тэму. І першыя месяцы пасля выбараў такога не было».

Калі настаўнік ужывае гвалт супраць дзяцей, «такія выпадкі не пакрываюць», кажа Васіль: «такі настаўнік даволі хутка перастане працаваць». У такіх выпадках ён раіць адразу звяртацца ў адміністрацыю школы.

Hавiны
Лукашэнка ўзнавіў на працы настаўніцу, якая абяцала забіць партай вучня
2019.09.18 17:25

Калі бацькам пагражаюць «сацыяльна-небяспечным становішчам» (па-расейску скарачаюць як «СОП») з палітычных прычынаў, то гэта фармальна робяць не «за палітыку». Але крытэраў «сацыяльна-небяспечнага становішча» шмат: ежа можа «не адпавядаць фізіялагічным патрэбам дзіцячага» арганізму, электрасеткі ў доме могуць «не адпавядаць эксплуатацыйнай дакументацыі», могуць выявіць «факты псіхалагічнага гвалту»… Таксама можа стаць падставай для «СОП» тое, што бацькоў судзілі за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ), а гэты артыкул часам выкарыстоўваюць у палітычных справах. У любым разе, пры пагрозе «СОПам» лепей звяртацца да праваабаронцаў – былі прыклады, калі сем’і ўдавалася абараніць ад «сацыяльна-небяспечнага становішча».

Васіль кажа, што асабіста не сутыкаўся з такімі выпадкамі, але дапускае, што школы могуць ужываць для ціску ў адказ «на любую праблему, звязаную з бацькамі».

Як размаўляць са школьнікамі пра палітычны ціск

Сямейны псіхолаг Святлана Дзядова кажа «Белсату», што з дзецьмі наогул трэба размаўляць пра палітыку, каб для іх палітычныя справы не былі нечаканымі. Калі ж тэма не ўзнікла раптоўна і калі няма звышмоцных запалохванняў, дзеці нармальна пераносяць тую ж агітацыю за БРСМ, кажа яна.

Прыём ў піянеры ў Крычаве. Фота з экрану. Менск, Беларусь. 25 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Калі ж у школе дзецям расказваюць, што за мітынгі могуць пасадзіць – дык тое рэальныя страхі, іх трэба прызнаваць, кажа Дзядова. І калі бацькі адчуваюць, што самі могуць аказацца за кратамі, пра гэта таксама варта размаўляць з дзецьмі, не ўтойваць гэтага. Страху ў дзяцей будзе больш, але невядомасць яшчэ горшая.

Найцяжэй процістаяць ціску дарослых дзецям у пачатковай школе. Для дзяцей добры настаўнік пачатковай школы можа стаць ці не менш важным за бацькоў, тлумачыць Дзядова, а калі раптам між бацькамі і настаўнікам няма згоды, малым дзецям цяжка разабрацца. Але тут можна пабачыць і карысць: дзеці так могуць навучыцца казаць дарослым слова «не». Падлеткам прасцей, у іх больш развітае крытычнае мысленне.

Псіхолаг не раіць жорстка казаць дзецям, што настаўнікі, якія чыняць палітычны ціск, гэта зло, бо дзеці ўсё роўна ідуць у школу, а «калі ты ідзеш да таго, хто зло, то навошта туды ісці». Дзядова раіць падзяляць тое, як выкладае настаўнік і як выказваецца пра палітыку. У свеце, дзе толькі чорнае і белае, жыць цяжэй.

Урэшце, Дзядова прыгадвае, як старэйшаму пакаленню ў Савецкім Саюзе расказвалі, што рок-музыка гэта зло – ды на большасць гэта ніяк не паўплывала, бо і школьнікі маюць крытычнае мысленне. Яна згадвае: на тыя «анты-рокавыя» лекцыі нават цікава было хадзіць – каб даведацца пра новых рок-музыкаў.

Hавiны
«Міліцыянты зачараваныя злым чараўніком, таму б’юць людзей». Як размаўляць з дзецьмі аб пратэстах
2020.10.01 14:51

АА belsat.eu

Стужка навінаў