Кіроўцы, якія працуюць у Еўропе, каб не аказацца заблакаванымі, не вяртаюцца ў Беларусь


Пасля таго, як авіяперавознікі еўрапейскіх краінаў перасталі лётаць у Беларусь і заблакавалі сваю паветраную прастору для «Белавіі», беларусы, якія працуюць за мяжой, апынуліся ў складанай сітуацыі. Выехаць наземным транспартам з Беларусі на працу цяпер можна не часцей, чым 1 раз на 6 месяцаў. Таму кіроўцы грузавікоў вырашаюць проста не вяртацца дадому – распавядаюць «Белсату» людзі, якія працуюць у краінах ЕЗ.

Віталь з’ехаў з Беларусі і працуе кіроўцам у Польшчы. Фота, прапанаванае Белсату

Жыхар Берасцейшчыны Віталь каторы год працуе ў Польшчы кіроўцам грузавіка. Пасля ўвядзення абмежаванняў на выезд з Беларусі 46-гадовы мужчына намагаўся вяртацца дадому раз на 6 месяцаў, каб не было праблемаў з мінаннем мяжы. А пасля таго, як да абмежаванняў на наземны транспарт дадалося блакаванне авіязлучэння, Віталь вырашыў застацца ў Польшчы.

«Нягледзячы на ўсе складнасці і праблемы, я пачуваюся проста цудоўна. Я выехаў з Беларусі ў сакавіку, і мне падаецца, што ўжо і не вярнуся. Вось сёння размаўляў з дырэктарам фірмы, у якой працую. Ён, дарэчы, не толькі дырэктар, але таксама працуе за стырном, як і звычайны кіроўца. Дык вось, у Беларусі сёння мяне практычна нічога не трымае, я проста не бачу сэнсу туды вяртацца. Дырэктар фірмы паабяцаў дапамагчы сабраць дакументы, каб зрабіць від на жыхарства ў Польшчы. У мяне віза скончыцца 27 жніўня, я планаваў на месяц прыехаць у Беларусь, каб рабіць візу, але пасля апошніх падзеяў вырашыў проста не вяртацца, а рабіць часовы від на жыхарства», – распавёў «Белсату» Віталь.

Пры гэтым мужчына прызнаецца, што найбольшая складанасць – немагчымасць бачыць пажылых бацькоў, якія засталіся ў Беларусі.

«У мяне сын некалькі гадоў таму паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт і цяпер навучаецца ў Польшчы. Я заўважыў, што ў яго таксама няма асаблівага жадання вяртацца ў Беларусь. Жонка пакуль у Берасці, але яна нядаўна атрымала двухгадовую бізнес-візу і зможа без праблемаў прыязджаць да нас».

Польская траса А1, але асацыяцыі з Беларуссю застаюцца. Фота, прапанаванае Белсату

Яшчэ ў пачатку года Віталь пастанавіў уладкавацца кіроўцам у польскую фірму. Ён кажа, што ягоны заробак меншы, чым у тых, хто працуе ў заходнееўрапейскіх фірмах.

«Скажу шчыра, што пачуваюся ў Польшчы практычна як дома. Мне падаецца, калі б ні Польшча, то я не ведаю, куды б мы, беларусы, дзяваліся б цяпер. Справа ў тым, што культура Беларусі і Польшчы вельмі падобная, мовы падобныя. Я не хачу ехаць у Нямеччыну, там жа ўсё насамрэч чужое і незразумелае. Вядома, ёсць розніца і паміж Беларуссю і Польшчай. Але да гэтага прасцей прыстасавацца, чым да той вялізнай непадобнасці, што ў нас існуе з Літвой, Латвіяй, Чэхіяй ці Славакіяй. Менталітэт у нас з палякамі вельмі падобны. Да таго ж, усё часцей беларусы не жадаюць ехаць у Расею. Там цяпер сітуацыя амаль аналагічная беларускай. Таму цяпер найбольш прымальная краіна, куды можна паехаць працаваць, – Польшча», – кажа Віталь.

Hавiны
Мяне выпусцяць за мяжу? Нюансы выезду з Беларусі ва ўмовах пандэміі і паветранай «блакады»
2021.06.01 11:06

Кіроўцы баяцца вяртацца дадому

Абмежаванне на выезд за мяжу наземным транспартам, а таксама адмена шматлікіх авіярэйсаў прывялі да таго, што многія кіроўцы, якія працуюць у краінах ЕЗ, адмовіліся ад вяртання ў Беларусь.

«Я на мінулым тыдні меў некалькі замоваў на тое, каб прывезці з Польшчы ў Берасце кіроўцаў грузавікоў, якія адпрацавалі вахтай у краінах Еўропы. Я дабраўся да Белай Падляскай. Якраз у той момант і з’явілася паведамленне пра закрыццё паветранай прасторы і адмену авіярэйсаў. У выніку назад я вяртаўся пусты, бо кіроўцы прынялі проста на месцы рашэнне застацца за мяжой, каб не аказацца заблакаванымі ў Беларусі», – распавёў «Белсату» Мікалай, кіроўца пасажырскага мікрааўтобуса з Берасця.

Паводле Мікалая, людзі, якія працуюць у Еўропе звяртаюцца да яго даволі часта з просьбай перадаць грошы ў Беларусь родным, але самыя ўсё больш абмяжоўваюць свае паездкі дадому.

Вымушаная міграцыя

Эканаміст Зміцер Бабіцкі раней у размове з «Белсатам» казаў, што ў Беларусі на міжнародных перавозах грузаў задзеяныя каля 20 тысяч кіроўцаў. А вось за межамі Беларусі на замежныя кампаніі працуюць каля 50 тысяч кіроўцаў. Эканаміст лічыць, што дадатковыя абмежаванні і палітычны крызіс могуць прывесці да таго, што многія кіроўцы зʼедуць з Беларусі.

«Міграцыя цалкам магчымая. Рэч у тым, што заробак дастатковы, каб там утрымліваць сям’ю. Заробак памерам дзве-тры тысячы еўраў дастатковы для польскай ці літоўскай правінцыі, каб добра жыць. Трэба разумець, што там зусім іначай працуюць і іншыя фактары. Тая ж іпатэка пад даволі нізкі адсотак. У выніку беларусу прасцей набыць кватэру ў Беластоку, чым у Беларусі. Таму агулам тут некалькі фактараў. Асабліва калі з’язджаюць знаёмыя і наладжваецца кантакт на асабістых сувязях. Таму людзям прасцей з’ехаць, і яны з’язджаюць больш актыўна», – кажа эканаміст Зміцер Бабіцкі.

Абноўлена
Як цяпер легальна пакінуць Беларусь
2021.05.27 14:42

Адзіны шлях у Еўропу – праз Расею

Звычайна беларускія кіроўцы працуюць у краінах ЕЗ два месяцы і потым месяц адпачываюць дома. Сапраўды, хто баіцца застацца заблакаваным у Беларусі, не вяртаецца з Еўропы. Але, як кажа Віталь, ягоныя знаёмыя і калегі, якія працуюць кіроўцамі ў Еўропе, спачатку едуць у Расею, а адтуль ужо самалётам дабіраюцца ў краіны ЕЗ. Можна вылецець з Санкт-Пецярбургу, з Масквы.

«Таму тут асаблівых праблемаў для кіроўцаў няма. Хіба што стала даражэй і трохі больш часу», – падсумоўвае Віталь.

Hавiны
Мяне выпусцяць за мяжу? Нюансы выезду з Беларусі ва ўмовах пандэміі і паветранай «блакады»
2021.06.01 11:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў