Свята эмацыйнай працы – сёння і заўсёды

Учора я спрабавала спыніць сабой цягнік. Ён ужо адыходзіў ад платформы, я паспела націснуць зялёную кнопку, дзверы адчыніліся, я закінула ў праход валізку, паспрабавала закінуць таксама сябе, упала, цягнік запаволіўся… Я лёгка магла зламаць сабе што-небудзь фізічна, але, падобна, зламала толькі метафарычна. У той момант адчай і крыўда былі гучнейшыя за здаровы сэнс і пачуццё бяспекі. Хлопец, які назіраў за маімі кульбітамі і пасля падбег дапамагчы, экзістэнцыйна канстатаваў: «Бадай, усё». У гэты момант я таксама зразумела: «Бадай, усё». Мне пара запаволіцца і не спрабаваць паспець усюды.

Ведаю, што я не адна стараюся паспяваць усюды. Нас такіх шмат, хіба не так? Свет адчайна патрабуе нашай прысутнасці ў розных сваіх плашчынях. Нам трэба не толькі працаваць працу і вучыць вучобу, а акрамя гэтага – падтрымліваць рамантычныя і сяброўскія зносіны, удзельнічаць у жыцці сваіх супольнасцяў, клапаціцца пра палітвязняў, не забывацца пра дні нараджэння сваякоў… Няўжо і напраўду значная частка нашага жыцця прысвечаная эмацыйнай працы?

Эмацыйная праца («emotion work», не блытаць з «emotion labor», якая характарызуе, хутчэй, адносіны ў рамках аплатнай працы) – тэрмін, які з’явіўся ў 1979 годзе дзякуючы амерыканскай сацыялагіні Арлі Расэл Гоўкшылд (Arlie Russell Hochschild). Эмацыйная праца часцяком абясцэньваецца побач з працай інтэлектуальнай або фізічнай і лічыцца менш сур’ёзнай, менш вартай увагі. Мы, працаўніцы і працаўнікі эмацыйнага абслугоўвання насельніцтва, сёння заяўляем: наша праца – важная праца! За яе павінны выдаваць прэміі і дадатковыя дні адпачынку, бо без яе ўсё фізічнае і інтэлектуальнае рассыплецца ў пыл, не вытрывае ў свеце, поўным несправядлівасці і болю.

33-гадовая жыхарка Кіева, якая ўцякла ад вайны ва Украіне, і яе дачка Ева. Кракаў, Польшча, 8 сакавіка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Распазнаць эмацыйную працу не заўсёды лёгка – патрыярхат і капіталізм умела яе маскуюць. У патрыярхальным грамадстве праца жанчыны ў доме лічыцца адпачынкам, бо яна «ўсяго толькі» менеджарыць усю хатнюю гаспадарку. І пажадана, каб яна рабіла гэта з усмешкай!

Мы выконваем эмацыйную працу кожны раз, калі пішам ліст у турму, падбіраем словы, знаходзім для гэтага час пасярод свайго шчыльнага раскладу. Мы робім гэта добраахвотна і маем розную матывацыю. Ступень нашай стомленасці не спыняе нас ад таго, каб ажыццяўляць гэтае дзеянне зноў і зноў, аднак давайце будзем сумленныя – гэта няпростая праца і мы павінны быць удзячныя сабе за тое, што знаходзім на яе сілы.

Калі мы адпраўляемся ў падарожжа са сваім партнёрам або партнёркай і бярэм на сябе адказнасць за куплю квіткоў, падбор маршрутаў, рэзерваванне гатэляў ці нават за выбар меню для абеду – гэта таксама эмацыйная праца. Мы хочам зрабіць наш адпачынак чароўным, бо нашыя каханыя вартыя найлепшых чарадзействаў.

А што вы зробіце, калі ваша сяброўка перастала «вывозіць», але працуе без перапынку дзеля таго, каб хоць трохі дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад вайны і рэпрэсіяў? Відаць, вы зноў папрацуеце эмацыйна, бо вы – добрая сяброўка і не пакідаеце сваіх у бядзе.

Эмацыйная праца займае велізарную частку нашага жыцця – варта толькі прыгледзецца. Гэтую працу часта бяруць на сябе жанчыны, бо яны ведаюць лепш за іншых, як ветліва адказаць на хамства, прыгатаваць сто страваў для сямейных святаў або элегантна не звярнуць увагі на сексісцкі жарт.

Я не магу спыніць цягніка. Гэта фізічна немагчыма. Я спазнілася на яго і павінна прызнаць: я не дала рады. Але я магу пастарацца растлумачыць сваю сітуацыю правадніцы, мы разам панаракаем на рамонт на Варшаве-Заходняй і яна дазволіць мне сесці ў іншы цягнік, нават калі на яго ўжо не прадаюць квіткоў. На гэтым цягніку я паеду ў чэшскія лясы, дзе, паводле плану, усё будзе павольна і спакойна – як кропелька поту, якая сцякае па твары падчас інтэнсіўнай трэніроўкі.

Віка Біран / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў