На Менскім малочным заводзе, дзе масава звальняліся супрацоўнікі, мяняюць гендырэктара


На Менскім малочным заводзе, адкуль масава звольніліся працаўнікі з-за новай дамовы, кіраўніцтва холдынгу вырашыла замяніць кіраўніцтва.

У канцы сакавіка з Менскага малочнага заводу № 1 пачалі актыўна звальняцца працаўнікі. Прычынай таму сталася падпісанне дамовы аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасці, з якой супрацоўнікі павінны былі пагадзіцца, каб застацца на працы.

Аднак не ўсе працаўнікі з ёй пагадзіліся і па дадзеных Onliner новы дагавор не падпісалі як мінімум 94 чалавекі, а 63 супрацоўніка – звольніліся.

Пасля гэтага кіраўніцтва холдынгу «Мінаблмясамалпрам», у які ўваходзіць і малочны завод, прыняло рашэнне вызваліць ад пасады гендырэктара прадпрыемства.

«У сувязі з сітуацыяй, якая ўзнікла, было прынята рашэнне правесці сёння назіральны савет аб змене кіраўніка і прызначэнні выканаўцы абавязкаў гендырэктара», – сказаў Сяргей Некрашэвіч, гендырэктар «Мінаблмясамалпраму».

Таксама Некрашэвіч распавёў, што на савеце прапаноўвалася адмяніць рашэнне аб увядзенні калектыўнай адказнасці і аднавіць на працу тых звольненых, хто жадае вярнуцца. «Падрыхтаваны спіс усіх супрацоўнікаў – мы будзем з кожным звязвацца», – сказаў гендырэктар «Мінаблмясамалпраму».

Некрашэвіч абвінаваціў ужо былога гендырэктара малочнага заводу Дзмітрыя Главінскага ў тым, што ён «страціў кантакт з працоўным калектывам»:

«Людзям трэба патлумачыць, што адбываецца, што чакае, выгады і недахопы. Калі на сустрэчы яны пачалі тлумачыць людзям, і я ўбачыў у вачах працоўных пытанне: «Чаму вы так раней з намі не гутарылі, нічога не тлумачылі?»

Мякка кажучы, было непаважлівае стаўленне да працаўнікоў. Усё і вылілася ў тую сітуацыю, якая склалася», – заўважыў Некрашэвіч.

Для вырашэння праблемы Некрашэвіч прапануе спачатку цалкам адмяніць прынятае рашэнне, патлумачыўшы гэта тым, што на прадпрыемстве ёсць шмат нюансаў, пачынаючы ад стану абсталявання і вымяральных прыбораў, і таму нельга ўводзіць у такіх умовах калектыўную матэрыяльную адказнасць.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў