– Я так разумею, што вы таксама звязваліся з расейскім Міністэрствам абароны, каб пацвердзіць інфармацыю, неяк пачаць працэс вяртання яго дадому. Вам нешта адказалі там?
– Не, з Міністэрствам абароны мы на сувязь яшчэ не выходзілі. Звязаліся з сям’ёй яго бацькі – мы ў разводзе. Пацвердзілі, што ён сапраўды ў палоне. Зараз мы ў цесным кантакце працуем з некалькімі службамі, якія вядуць перамовы па перадачы палонных.
– Ці нешта вядома пра яго таварышаў па службе? Хтосьці выходзіў на сувязь? Альбо невядома, дзе яны знаходзяцца? Яны таксама трапілі ў палон?
– Адзін з яго таварышаў па службе таксама знаходзіцца ў палоне. Прозвішча я ўжо не памятаю – за гэтыя дні столькі інфармацыі паступае, што проста губляешся. З кімсьці звязваліся з яго саслужыўцаў, хто цяпер не ў палоне і прымае ўдзел у ваенных дзеяннях. Той хлопчык не можа падзяліцца ніякай інфармацыяй. Не сказаў, дзе яны знаходзяцца, таму што гэта таямніца.
– А што вы цяпер плануеце рабіць? Якія вашы далейшыя дзеянні?
– Перад гэтым стан быў вельмі цяжкі, гэта значыць я рыхтавалася ўжо ехаць ва Украіну сама, але цяпер, калі пайшлі перамовы, стала лягчэй, з’явілася надзея. Праслізгвае інфармацыя, што перамовы ідуць добра, што бакі могуць дасягнуць нейкага кампрамісу, таму зараз я ледзь-ледзь ужо лепш сябе адчуваю.
– Ці можаце расказаць, ваш сын служыў у войску па кантракце або ён быў прызыўніком, салдатам тэрміновай службы?
– У канцы снежня мінулага года ён заключыў кантракт.
– Можаце яшчэ расказаць, з якога ён гораду, колькі яму гадоў цяпер?
– Яму 19 гадоў, ён з Саратаўскай вобласці, невялікі горад Пятроўск.
Валер Руселік:
– Наталля, яшчэ пытанне. Напачатку расейска-ўкраінскай вайны, калі браць 14-15 год, было вельмі шмат інфармацыі, што расейскім маці і бацькам Міністэрства абароны вашай краіны затыкала рот, калі бацькі задавалі пытанне, дзе іх дзеці, – затыкала рот пагрозамі, фінансавымі падачкамі. Вы кажаце, што працуеце з нейкімі арганізацыямі цяпер. Нейкая праца з дзяржаўнымі структурамі ёсць у вас?
– Так.
– І як яны наогул ставяцца? Ці няма нейкіх пагроз у ваш бок? Для вас, напэўна, таксама не сакрэт, што афіцыйна Расея кажа, што няма наогул ніякіх ні страт, ніякіх палонных, ніхто нават драпіны не атрымаў – усё добра. І адначасова мы з вамі ведаем, што нават мабільныя крэматорыі прыгнала Расея туды, на тэрыторыю Украіны. Як адбываецца ў вас супраца з дзяржаўнымі структурамі Расейскай Федэрацыі?
– Супраца праходзіць вельмі добра, людзі мяне падтрымліваюць, усё пастаянна са мной на сувязі. Але гэта не Міністэрства абароны. Ім, мабыць, ёсць чым заняцца самім. Гэта людзі з іншых структур.
З нагоды таго, што было ў 15-м годзе, я нічога не магу сказаць, таму што я тады нічога пра гэта не ведала, і асабіста мяне гэтая сітуацыя не кранула. З нагоды крэматорыяў я вам магу сказаць, што гэта інфармацыя не пацверджаная, па-мойму. Абодва бакі перакідваюць гэтыя крэматорыі адзін на аднаго. Яшчэ незразумела, чые яны і ці ёсць яны на самой справе.
– Наталля, хацеў яшчэ ўдакладніць у вас з нагоды супрацы з дзяржаўнымі структурамі Расейскай Федэрацыі. Ці патлумачыў вам нехта наогул як ваш сын апынуўся ва Украіне?
– Няма. Ніякай інфармацыі няма.
Аляксандра Шабаліна:
– А як наогул вы сама, як чалавек, як маці ставіцеся да вайны?
– У мяне ёсць зварот, калі вы дазволіце, да ўсіх прадстаўнікоў улады, да ўсіх, хто замяшаны ў гэтым ускосна ці наўпрост. Незалежна ад таго, дзе яны сядзяць, якое месца займаюць, яны такія ж людзі, як мы. Мне здаецца, яны загуляліся. Мы на парозе чагосьці вельмі страшнага, і я думаю, што гэта трэба спыняць. Нельга ісці далей, таму што ў кожнага з гэтых мужчын у руках ядравая зброя. У кожнага. Дастатковага нават аднаго, у якога яна ёсць, каб Зямля вельмі моцна пацярпела. Пацерпяць усё. Цяпер пакутуюць не толькі людзі ва Украіне – мы таксама пакутуем. У нас ідзе інфармацыйнае бамбаванне, мяне закідалі паведамленнямі, пагрозамі. Я не адна такая. Усім бацькам, сваякам ідзе рассылка – пытаюцца, што адбываецца на Украіне. Я наогул не магу ўявіць, там кашмар.
– Наталля, гэта вельмі цяжка, калі ласка, трымайцеся. Няхай ваш сын вернецца да вас дадому і больш ніколі не ўдзельнічае ні ў якіх баявых дзеяннях. Хай жыве мірным жыццём, хай будзе жывы, здаровы, шчаслівы і жыве ў мірнай краіне, якая не вядзе ніякіх войнаў. Мы ўсе на гэта вельмі спадзяемся.
Вайна Расеі супраць Украіны ідзе з 24 лютага . Сёння, 1 сакавіка, на шосты дзень вайны, расейскія войскі ўшчыльную падышлі да Харкава, Херсону, Марыупалю.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін афіцыйна заявіў, што з дапамогаю вайны намагаецца змяніць палітычнае кіраўніцтва ва Украіне.
Афіцыйных звестак пра колькасць загінулых вайскоўцаў з абодвух бакоў няма. Але гледзячы на відэа знішчанай расейскай тэхнікі, можна меркаваць, што акупацыйныя войскі РФ нясуць вялікія, у тым ліку і чалавечыя страты.
Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?
Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта
Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?
«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы
ТК/ІР belsat.eu