Палітвязень Аляксандр Фядута выйшаў з «медыкаментознага страйку» і даслаў ліст на волю


У снежні 2021 года палітвязня Аляксандра Фядуту перавялі з Амерыканкі на Валадарку, дзе ён абвясціў «медыкаментозны страйк», адмовіўшыся прымаць жыццёва неабходныя лекі. У лісце, што пасля доўгага перапынку дайшоў з-за кратаў, Фядута паведаміў, што скончыў страйк, піша «Народная воля».

«Лекі я прымаю з 5 снежня. Што тут падзеяла – лісты жонкі, маё ліставанне са святарамі, угаворы сукамернікаў ці песня Вакарчука «Я не здамся без бою», – не ведаю. Але ў сукупнасці вынік ёсць. Сукамернікі здзіўлена глядзяць на рознакаляровую прыгаршчу таблетак і думаюць: што горш – калі я іх не піў ці калі я іх пачаў піць нанова?» – цытуе выданне радкі з ліста ў рэдакцыю Аляксандра Фядуты.

«Медыкаментозны страйк» Фядута трымаў, патрабуючы, каб яму вярнулі рукапісы з каментарамі да раману «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. На той момант стан здароўя Фядуты істотна пагоршыўся: яму ставілі кропельніцы, у палітвязня абвастрылася падагра, яму дыягнаставалі вострую сэрцавую нястачу.

Але пратэст даў плён: следчы паабяцаў, што рукапісы навукоўцу вернуць, калі ён будзе знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы.

Hавiны
Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
2021.08.12 18:47

«Народная воля» спасылаецца таксама на адвакатку Аляксандра Фядуты, якая падчас чарговага спаткання з падабаронным заўважыла, што ён стаў выглядаць лепш: відавочна, лекі дапамагаюць.

Аляксандра Фядуту затрымалі летась 12 красавіка ў Маскве супрацоўнікі беларускага КДБ. Ён фігурант крымінальнай справы аб «змове з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам». Акрамя Аляксандра Фядуты, у гэтай справе затрыманыя адвакат Юрый Зянковіч, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і працаўніца фірмы Зянковіча Вольга Галубовіч.

Hавiны
У Аляксандра Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць
2021.12.27 14:05

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў