Незвычайны падарунак пад ялінкай: у лесе з'явіліся грыбы


Цэлыя кошыкі апятаў і вешанак нясуць з лесу жыхары Берасцейшчыны. Пра грыбныя знаходкі паведамляюць і жыхары Менску. Адкуль у лесе столькі грыбоў і ці бяспечна іх есці?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Канец снежня – самы час рыхтавацца да святаў. Свае неспадзеўкі беларусам сёлета падрыхтавала і прырода. Гэтак, на поўдні краіны – плюсавая тэмпература. А пад ялінкай У лесе можна сустрэць сапраўдныя падарункі: лісічкі, маслякі ды апенькі.

«Вось такі кошык грыбоў сёння сабралі проста за гадзіну ў лесе – проста за гадзіну, але белы грыб – гэта асабліва фантастычная знаходка», – кажа жанчына на відэа.

Жыхары Берасцейшчыны пачалі актыўна хадзіць у грыбы. Усё дзякуючы адлізе, якая прыйшла ў Беларусь на змену марозам і снегападам. Жыхары Менску таксама знайшлі ў ваколіцах сталіцы падарунак – свежыя зімовыя апенькі.

«Тут гаворка пры грыбы, якія растуць на дрэвах, на адмерлай драўніне. Ёсць цэлы шэраг відаў такіх грыбоў, для якіх тыпова развівацца якраз у адлігу, – гэта адлігавыя грыбы. Таму нічога такога цудоўнага ў тым, што яны зʼяўляюцца, няма», – тлумачыць дацэнт і даследчык Інстытуту лясных навук Беластоцкага політэхнічнага ўніверсітэту Яўген Юрчанка.

Каб высветліць, наколькі бяспечна есці снежаньскія грыбы, мы пазванілі ў лабараторыю мікалогіі менскага Інстытуту эксперыментальнай батанікі. Прадставіліся грамадзянкай, якая знайшла ў лесе грыбы і цяпер вагаецца, ці можна іх ужываць у ежу.

«Калі гэта прыдатныя ў ежу грыбы, напрыклад, тыя ж апяты, то, канечне ж, іх можна есці. Але звычайна яны такія набрынялыя вільгаццю і вадой, што не ўяўляюць ніякай харчавой карысці. Калі гэта маладыя грыбы, то, канечне, можна. Нават зручна збіраць, бо няма насякомых, і яны не так хутка псуюцца – не паспяваюць. Галоўнае, каб гэта было не блізка да дарогі», – адказала нам кандыдат біялагічных навук у лабараторыі мікалогіі Інстытуту эксперыментальнай батанікі Таццяна Шабашова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лісічкі. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Больш карысці і смаку прынясуць маладыя грыбы – невялікія, светлыя і пругкія. Небяспечнасць старых грыбоў у наяўнасці бактэрыяў і таксічных рэчываў.

«Апенькі зімовыя заўсёды былі ў Беларусі. Яшчэ і да глабальных зменаў клімату з-за адлігі. Можа, не ўсе гэта заўважалі, але зімы робяцца вельмі цёплыя, і колькасць зімовых відаў грыбоў павышаецца. І гэта пачынаюць заўважаць больш грыбнікоў», – тлумачыць дацэнт і даследчык Інстытуту лясных навук Беластоцкага політэхнічнага ўніверсітэту Яўген Юрчанка.

Выправіцца на перадкаляднае ціхае паляванне можна і ў наступныя дні. Беларуская зіма ўсё яшчэ будзе нагадваць восень. Рыхтуйцеся, што на вуліцы будзе вільготна, ветрана і золка.

Аліна Скрабунова «Белсат»