Як правільна збіраць і гатаваць грыбы?


Грыбны сезон завяршаецца, сёлета ён асабліва ўраджайны, але не бракуе і непрыемнасцяў: колькасць атручвання ляснымі грыбамі даволі высокая. За гэты год зарэгістравана 57 выпадкаў атручвання грыбамі, у якіх пацярпелі 68 чалавек, з іх – шасцёра дзяцей. Тры інцыдэнты са смяротным зыходам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Больш за ўсё атручванняў было на Гомельшчыне – 19 выпадкаў, за ёй ідуць Магілёўская, Берасцейская, Віцебская, Менская, Гарадзенская вобласці, а замыкае сумны рэйтынг Менск. Для атручвання не абавязкова з‘есці шмат грыбоў.

«Калі гэта заражаныя або неядомыя грыбы, то можа хапіць літаральна некалькі грамаў каб адбылося атручванне», – паведаміла нутрыцыёлаг, адмыслоўца ў харчаванні і харчовых паводзінах Алеся Трыфан.

Каб знізіць рызыку атручвання, трэба прытрымлівацца базавых правілаў. Збіраць толькі вядомыя вам грыбы. Звяртаць увагу на іх форму і выгляд, што можа дапамагчы распазнаць атрутны грыб. Не збіраць грыбы паблізу аўтамагістраляў і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама не класці незнаёмыя грыбы ў адзін кошык з вядомымі.

«Пры ўжыванні нават нармальных ядомых грыбоў у людзей могуць абвастрацца набытыя раней захворванні страўнікава-кішачнага тракту», – лічыць таксіколаг Сяргей Недашкоўскі.

Сыроежка, грибы, лес, дубрава, лето, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грыб сыраежка ў лесе. Менская вобласць, Беларусь. 27 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Таксама важна правільна нарыхтоўваць ды гатаваць грыбы.

«Важна іх добра ачысціць, прамыць, выдаліць усе жывыя арганізмы. Што да лясных грыбоў, то іх важна замачыць у салёнай вадзе ад гадзіны да некалькіх гадзін у залежнасці ад віду. І толькі пасля гэтага можна іх варыць, смажыць ці запякаць», – дадае Алеся Трыфан.

Першыя прыкметы атручвання – млоснасць, парушэнне працы страўнікава-кішачнага тракту, павышэнне тэмпературы, галаўны боль, парушэнне зроку і нават галюцынацыі. Пры іх з’яўленні неабходна тэрмінова звяртацца па медычную дапамогу.

«Лепей за ўсё, не гледзячы на ваніты, прыняць актывізаваны вугаль», – параіў Сяргей Недашкоўскі.

Нават пры самых нязначных сімптомах нельга пакідаць іх без увагі ці займацца самалячэннем. Варта памятаць, што дзікарослыя грыбы не могуць быць 100% бяспечнымі для ўжывання. Таму, каб лясныя дары не сталіся прычынаю дрэннага пачування ці нават няшчаснага выпадку, прытрымлівайцеся правілаў збору і прыгатавання.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»