Цень Канстытуцыі: што засталося ад асноўнага закону Беларусі пасля 1994 года


Трыццаць гадоў таму Вярхоўны Савет прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі. Дакумент уводзіў пасаду прэзідэнта – аднак з моцным парламентам. З таго часу Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў перапісаў Канстытуцыю, умацоўваючы сваю ўладу. Як змяняўся асноўны закон дзяржавы і якая Канстытуцыя патрэбная Новай Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння асноўнаму закону краіны – трыццаць гадоў. Яго распрацоўванне пачалося пасля абвяшчэння незалежнасці. Спачатку без прэзідэнцкай формы кіравання, згадвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету Зянон Пазняк.

«Мы разумелі, што ў той сітуацыі гэта будзе дыктатура. Урэшце рэшт у пачатку 1994 года Масква націснула, камуністы моцна аб’ядналіся і праціснулі гэтую Канстытуцыю з прэзідэнцкай формай праўлення», – кажа Зянон Пазняк.

На першых прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр Лукашэнка перамагае як вылучэнца ад наменклатуры Вячаслава Кебіча. Праз год Лукашэнка робіць першыя крокі да абсалютнай улады. Шляхам рэферэндумаў перапісвае Канстытуцыю і забірае ў парламенту шэраг паўнамоцтваў. І атрымлівае права яго распусціць. Пазней – дазваляе сабе балатавацца на прэзідэнцтва колькі заўгодна разоў. Падпарадкоўвае сілавыя ведамствы.

«Фактычна ў 1996 годзе, калі была змененая Канстытуцыя, ужо знікла нешта падобнае на падзел уладаў, на сістэму стрымлівання і супрацьвагі. І на тое, што хтосьці, акрамя прэзідэнта, нейкія рашэнні можа прымаць самастойна», – мяркуе дарадца СвятланыЦіханоўскайАляксандр Дабравольскі.

Аляксандр Лукашэнка прымае прысягу ў 1994 годзе. Архіўны кадр

Апошнія змены ў Канстытуцыю ўнеслі пазалетась. Упісалі Усебеларускі народны сход, які можа зняць з пасады прэзідэнта, абавязковы патрыятызм, памяць пра так званую Вялікую Айчынную, адзіны дзень галасавання і права грамадзянаў асабіста скардзіцца ў Канстытуцыйны Суд. Апроч таго, Беларусь страціла статус нейтральнай дзяржавы.

Базавыя правы грамадзянаў засталіся практычна без зменаў. У тым ліку – свабода выказванняў ды мірных сходаў і недатыкальнасць асобы. Але дэ-факта рэжым пераследуе беларусаў за альтэрнатыўныя погляды, забараняе незалежныя медыі, закрывае незалежныя грамадскія арганізацыі.

Якая Канстытуцыя мае быць у новай дэмакратычнай Беларусі? Зянон Пазняк выступае за версію 1994 года.

«Гэтая Канстытуцыя законная. І калі рэжым Лукашэнкі будзе знішчаны – а ён будзе знішчаны, – гэтая Канстытуцыя будзе вернутая Рэспубліцы Беларусь», – кажа Зянон Пазняк.

Каманда Святланы Ціханоўскай прапаноўвае свой праект Канстытуцыі, адаптаваны да цяперашніх рэаліяў.

«Мы захоўваем пасаду прэзідэнта, але ён выконвае больш прадстаўнічыя функцыі. Хаця гэта кіраўнік дзяржавы. Нейкі аналаг таго, што сёння ёсць у Літве і Польшчы. Але Польшча і Літва – гэта дэмакратычныя краіны», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Але ці гарантуе новая Канстытуцыя, што Беларусь не вернецца да дыктатуры?

«Гарантыі таго, што мы не вернемся да дыктатуры, – гэта моцнае самакіраванне, закладзенае ў Канстытуцыі Новай Беларусі, дэцэнтралізацыя ўлады», – кажа Анатоль Лябедзька.

Пакуль беларусы не маюць магчымасці выбіраць нават старшыняў сельсаветаў і кіраўнікоў гарадоў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»